Пенсионерка Нина Никитина из Погорья не сидит сложа руки и делиться оптимизмом
Жыццё на пенсіі ў кожнага сваё. Людзі залатога ўзросту імкнуцца знайсці сабе занятак па душы, каб заняць вольны час і сагрэць душу. Як гэта ўдаецца Ніне Аркадзьеўне НІКІЦІНАЙ з вёскі Пагор’е Красненскага сельсавета, журналіст пацікавілася падчас сустрэчы.
— Ніна Аркадзьеўна, людзі прадпенсійнага ўзросту звычайна баяцца выхаду на пенсію. Як Вы ўспрынялі гэты перыяд?
— Мой пенсійны ўзрост прыпаў на пяцьдзясят пяць гадоў, але прадаўжала яшчэ на працягу пяці гадоў працаваць на асноўнай рабоце загадчыцай цэнтральнага склада ў аграгарадку Краснае. А потым дзеці падарылі на юбілей ноўтбук, і я захапілася, наколькі дазваляў час, сацыяльнымі сеткамі. Пачала шмат чытаць розных пазнавальных матэрыялаў і штосьці карыснае браць для сябе — і радавалася жыццю.
— Як падтрымліваеце зносіны з людзьмі?
— Я на пенсіі зблізілася з Аляксандрай Уладзіміраўнай Шутко, кіраўніком гуртка «Камп’ютарная грамата» пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Яна дапамагае лепш пазнаваць свет, мы падтрымліваем цёплыя ўзаемаадносіны.
Камп’ютар — добры сябар і памочнік. Я маю зносіны з аднакурснікамі і сябрамі, бываю ў курсе многіх падзей, якія адбываюцца ў свеце. Дзякуючы камп’ютару, раблю розныя сувеніры для дзяцей і ўнукаў, і гэты занятак прыносіць задавальненне.
Яшчэ люблю фатаграфаваць, асабліва прыроду. Фотаздымкі застаюцца для мяне і родных як добрая памяць, у сацыяльныя сеткі не выстаўляю.
— З Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна падтрымліваеце сувязі?
— Ва ўсіх мерапрыемствах старалася прымаць удзел. Там працуюць цудоўныя людзі, якія заўсёды вызначаюцца добразычлівасцю, з увагай і клопатам адносяцца да наведвальнікаў. Асабліва запомніліся святы і пасядзелкі за кубкам гарбаты. Я заўсёды адгукалася на прапановы і запрашэнні, у выніку не шкадавала, бо атрымлівала радасць ад сустрэч з цікавымі людзьмі.
— Якому занятку Вы ўдзяляеце найбольшую ўвагу?
— З 2000 года пасля вяртання з Расіі жыву ў Пагор’і. Асноўны занятак — усё маё сённяшняе сельскае жыццё. Яго нельга раздзяліць на часткі: дом, агарод, кветнікі, гаспадарка… З 2007 года жыву з мамай, і гэта мой клопат і любоў. Усё разам стала сэнсам майго жыцця.
— У вёсцы заўсёды ёсць дзе прыкласці рукі…
— Так. Разам з дзецьмі садзім на градках агародніну: агуркі, памідоры, буракі, перац, часнык, цыбулю — адным словам, усё, чаму аддаюць прыярытэт жыхары сельскай мясцовасці. А яшчэ ёсць яблыні, грушы, вішні, парэчкі, персік, кізіл, кітайскі лімоннік, айва…
— Вы родам з гэтай мясцовасці?
— Я родам з вёскі Куравічы Навагрудскага раёна. Калі ехаць на скутары, то прыкладна каля трыццаці кіламетраў. Там жыве мамін родны брат Міхаіл, мой хросны. Ездзім і на вясковыя могілкі, дзе пахаваны бацька, бабулі, дзядулі — амаль усё радавое гняздо.
— Нашы продкі вельмі любілі зямлю, лічылі яе багаццем, шмат працавалі. А як Вы адносіцеся да зямлі-матухны?
— Зямля для вяскоўцаў — гэта ўсё. Ёсць магчымасць папрацаваць і вырасціць ураджай. А яшчэ, да прыкладу, любімую кветачку… Зямлю моцна люблю, шмат працую на ёй. Стараюся наводзіць парадак каля дома і на прылягаючай тэрыторыі. Я тут адпачываю душой.
— А кветкі таксама любіце?
— Люблю! Усе кветкі, найбольш рамонкі. Ёсць шмат ружаў, пралесак, флоксаў, хостаў і іншых. Кветкі прыносяць асалоду.
— У Вас ёсць мара?
— Хачу, каб быў мір на зямлі і былі ўсе здаровыя: мама, дзеці, родныя — яны самыя найлепшыя ў свеце.
Галіна Смалянка
Фота Іны ЛЕЙКА