Посевная в объединенном хозяйстве «Луки-Агро» проходит ритмично

1 красавіка адбылося аб’яднанне СВК “Лукі-Агра” і КСУП “Цырын-Агра”  — цяпер гаспадарка называецца “Лукі-Агра”. Першая сумесная сяўба лукскіх і цырынскіх працаўнікоў праходзіць зладжана.

— Пасля аб’яднання дзвюх гаспадарак плошча ворыўных зямель павялічылася ўдвая і цяпер складае 6 172 гектары, — расказвае дырэктар СВК “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна. — Працоўны калектыў пабагацеў на 212 працаўнікоў, зараз у нас працуе без малога паўтысячы чалавек.

Яшчэ да афіцыйнага зліцця гаспадарак падумалі пра тое, як будуць праводзіць вясеннія палявыя работы. Так, у сакавіку на рамонт цырынскай сельгастэхнікі, набыццё запчастак, камбікармоў для грамадскага пагалоўя і заработную плату  накіравалі 300 тысяч рублёў уласных сродкаў. Таму тэхніку і сельскагаспадарчы інвентар падрыхтавалі своечасова. Галоўнае, падкрэслівае дырэктар, што людзі вераць кіраўніцтву і працуюць якасна і хутка.

Пасяўная ў гаспадарцы — на фінішнай прамой. Завершана сяўба ранніх зерневых культур, блізіцца да канца ўнясенне арганічных угнаенняў. Рыхтуецца глеба пад сеў кукурузы. На траціне плошчаў пакладзена ў глебу насенне цукровых буракоў. Праводзіцца другая падкормка азімых зерневых і азімага рапсу. На чарзе — пасадка бульбы.

Штогод у “Луках-Агра” набываюць новую сельскагаспадарчую тэхніку. У гэтым годзе машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніла 12-метровая самаходная сеялка Amazone. Нятанны агрэгат даверылі вопытнаму механізатару з 30-гадовым стажам Аляксандру Ваўчку.

— Новая сеялка — разумніца, — з усмешкай гаворыць пра агрэгат мужчына, — да руля падчас руху я нават не датыкаюся, толькі у момант развароту кручу. Штучны інтэлект упраўляе ўсімі працэсамі:  строгім захаваннем тэхналагічнай каляіны, запоўненасцю сашнякоў насеннем.

Што гэта за цуда-тэхніка, якая амаль што абыходзіцца без чалавека, вырашыла праверыць і я. Сядаем з Аляксандрам Аляксандравічам у кабіну, рухаемся наперад. Хуткасць — 10 кіламетраў у гадзіну, таксама кантралюе сеялка. Механізатар глядзіць на сэнсарны экран, паказвае на чырвоную прамую, па якой павольна рухаецца трактар.

— Вось гэта мы працуем. Зялёным колерам пафарбавана частка экрана — гэта засеяная частка поля, шэрым — кавалак работы наперадзе.

Набліжаемся да канца поля, і машына выдае трывожныя гукі. Аляксандр Аляксандравіч тлумачыць: трэба разварочваць агрэгат.

— І вось так з 8 раніцы і да 8 вечара. 20 хвілін на абед і зноў у кабіну. А тое, што гаспадаркі аб’ядналі, думаю, нядрэнна, пацягнем разам. У нас хлопцы харошыя, працавітыя, з разуменнем, — на развітанне гаворыць земляроб.

У Аканавічах, на землях былога “Цырын-Агра”, таксама кіпіць работа. Механізатар Леанід Лазарчык сее ячмень. На падвозцы насення шчыруе Сямён Гіль.

— Душа ляжыць да справы на зямлі і рукі справу ведаюць, — гаворыць Леанід Канстанцінавіч, — ды і не засумуеш у нас. Здаецца, учора тэхніку рыхтавалі, а сёння ўжо завяршаем пасяўную. Працаваць у суполцы з суседзямі нам не прывыкаць, і раней плячо да пляча былі ў полі.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара