Фронтовик Василий Чекан форсировал Одер

Васілій Міхайлавіч Чэкан, ураджэнец Гомельшчыны, перад вайной вучыўся ў адным з Ленінградскіх прафтэхвучылішч, дзе набываў спецыяльнасць токара. Але прадоўжыць вучобу перашкодзіла вайна. У першыя ж дні навучэнцаў эвакуіравалі на Урал. Станкі, вывезеныя з заводаў і фабрык, устанаўлівалі ў чыстым полі. Ад непагадзі, а зімою ад сцюжы ратавалі юнакоў толькі палаткі, а яшчэ выдадзеныя ім фуфайкі і валёнкі.

Работнікі тылу працавалі пад лозунгам: “Што ты зрабіў для фронта?”, а рабочы дзень доўжыўся 12 гадзін. Станкі не выключаліся ні на хвіліну. Фронту патрэбны былі боепрыпасы, і Васіль сотнямі тачыў балванкі для снарадаў. У такіх экстрэмальных умовах праходзіў вытворчую практыку, набіраўся вопыту, а калі споўнілася 18 гадоў, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Трапіў навабранец у Маскву, у спецшколу імя Сталіна, дзе рыхтавалі дэсантнікаў для ваенна-паветраных сіл. На рахунку салдата 9 скачкоў з парашутам. Але з небам прыйшлося развітацца, таму што ў гэты час рыхтавалася вялікая бітва на Курскай дузе. За адну ноч на гэты накірунак было перакінута больш двухсот тысяч салдат і афіцэраў, каб супрацьстаяць магутнай групіроўцы гітлераўцаў, якая мела на ўзбраенні мноства танкаў “Тыгр”, “Фердынанд” і нават “Каралеўскіх тыграў”.

Пад раніцу аддзяленне малодшага сяржанта Чэкана заняло абарону, акапалася… і нічога не здарылася. Стаяла незвычайная, падазроная цішыня. Але яна была падманлівай. У гэты час ля Прохараўкі ішоў жорсткі танкавы бой.

— Гэта было страшнае пабоішча, — успамінаў ветэран. — Пасля яго больш за 2000 танкаў засталося на полі бою. А для нас гэта стала кропкай адліку пераможнага наступлення. І ўжо 19 лістапада 1943 года мы фарсіравалі Днепр у раёне Лоева. У 3 гадзіны ночы пачалася пераправа. Цемра, холад, снег і круты бераг дазволілі пераадолець водную перашкоду незаўважна для немцаў.

Ахамянуліся гітлераўцы толькі тады, калі байцы 90-й Рабшчынскай Чырвоназнамённай ордэна Суворава стралковай дывізіі і 173-га Выбаргскага Чырвоназнамённага палка, у якім служыў Чэкан, пачалі выбіваць іх з умацаванняў.

— Там я цудоўна папрацаваў са сваім кулямётам, за што камандзірам палка палкоўнікам Рэпкам быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонай Зоркі.

Наступнай была аперацыя “Баграціён”. Там кулямётчыку прыйшлося ваяваць супраць вымуштранай і добра ўзброенай дывізіі СС “Мёртвая галава”. Баявая задача заключалася ў тым, каб стварыць у гітлераўцаў уражанне, быццам напрамак галоўнага ўдару —  менавіта на гэтым участку фронта. Для гэтага праводзілі разведку боем. Выяўлялі вогненныя пазіцыі немцаў, бралі “языкоў”, скоўвалі значныя варожыя сілы. У адным з баёў Васіль Чэкан быў паранены ў нагу. Тры месяцы лячыўся ў шпіталі, а пасля зноў трапіў у свой полк. За гэты час быў вызвалены Мінск, і баявы шлях байца ляжаў у Гродзенскім кірунку. Праходзіў ён і праз Налібоцкую пушчу. А тым часам перадавыя часці ўжо вызвалілі ад акупантаў Гродна і Брэст.

Зімаваў полк на Вісле да 14 студзеня 1945 года. А на Каляды асабовы склад пераапранулі ў новае абмундзіраванне і накіравалі на падмогу паўстаўшай Варшаве. Віслу фарсіравалі без страт і занялі прадмесце польскай сталіцы – Прагу.

Там Васіль Чэкан таксама “працаваў” са станкавым кулямётам “Максім”. Надзейная была зброя, але здаралася, што абрывала гільзы патронаў. У разгар бою мяняць ствол не было часу: патрэбна была агнявая падтрымка. У такіх выпадках выручала салдацкая кемлівасць. Вопытныя кулямётчыкі, а ў разлік уваходзіла 6 чалавек, мелі пад рукамі трафейную зброю. З яе і стралялі па былых гаспадарах гэтых кулямётаў.

У красавіку полк выйшаў на Одэр. Немцы адчувалі блізкі канец, але супраціўляліся рашуча. Каб перашкодзіць пераправе, разлілі па вадзе бензін і падпалілі. Зарыва стаяла над вадою, вораг біў з кулямётаў, на прамую наводку паставіў зенітныя пушкі. Страты ў жывой сіле былі вялікімі. З кулямётнага разліку Чэкана засталіся жывымі пасля фарсіравання толькі сам камандзір і адзін баец.

Як высветлілася пазней, супрацьстаяў ім сёмы фашысцкі полк.

Гінула не толькі пяхота, варожыя снарады спалілі мноства нашых танкаў.

Да Берліна засталося 90 кіламетраў. Ішлі бесперапынныя баі. У адным з  іх у час змены пазіцый кулямётны разлік трапіў пад абстрэл варожага шасціствольнага мінамёта. Другі нумар быў паранены ў грудзі, але Чэкан працягваў страляць. Першы аскепак каску байца не прабіў, а вось другі пранізаў яе наскрозь і засеў у галаве.

І зноў шпіталь. Там і Перамогу сустрэў, а калі падлячыўся, служыў у трафейным узводзе, які займаўся дэмантажом і вывазам абсталявання з нямецкіх заводаў.

Восенню 1946 года Васіль Міхайлавіч Чэкан вярнуўся дадому з дзвюма тысячамі рублёў і інваліднасцю. Але апошняе не перашкодзіла былому франтавіку ўзначаліць брыгаду ў калгасе імя Гастэлы і завочна атрымаць прафесію агранома. Добрым гаспадаром быў Васіль Міхайлавіч: змог павялічыць ураджайнасць зерневых з 10 да 40 цэнтнераў з гектара. Пры гэтым усё ў брыгадзе рабілася ўручную.

А на свята ён апранаў касцюм, на якім золатам блішчалі баявыя ўзнагароды ветэрана: ордэны Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За адвагу” і многія іншыя. Неаднаразова быў запрошаны на мерапрыемствы ў Райцаўскую школу, на мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі.

 

Падрыхтавала Святлана ВАРАВА,

старшы захавальнік музейных фондаў народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” ДУА “Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”