5 мая — День Печати. Коллектив газеты «Полымя» делит профессиональный праздник с друзьями

Скажыце, ну хто не любіць вясну? Пару года, калі ўсё абуджаецца ў прыродзе, і хлебаробы спяшаюцца ў поле, а закаханыя вераць ва ўзаемнасць пачуццяў? Вясной адзначаецца шмат свят, сярод якіх і наша прафесійнае — Дзень друку, якое хочацца раздзяліць з сябрамі.

Калектыў раённай газеты «Полымя», 2021 год

Сапраўды, ну чаго б мы былі  варты без вашай падтрымкі і дапамогі, без вашых парад і веры ў нас? Пачаць залаты спіс хочацца  з ветэранаў працы, супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Полымя» і яе пазаштатных аўтараў, якія на працягу шматлікіх гадоў служылі раёнцы творча і самааддана. У гэтыя майскія дні свой юбілей адзначае журналіст Станіслаў Лука. Бадай, няма на Карэліччыне куточка, дзе ён ні пабываў, і той тэмы, якую ні ўзняў у сваіх артыкулах. Пажадаем жа яму доўгага веку і цёплых успамінаў, як і ўсім ветэранам працы рэдакцыі.

Па-ранейшаму творчую сувязь з раёнкай падтрымлівае кіраўнік літаб’яднання «Рэчанька» пры газеце «Полымя» Галіна Калтунова. Рыхтуе штомесячныя выпускі літаратурнай старонкі і творчага праекту «Ясміна». Творца рада дапамагчы пачынаючым аўтарам глыбей адчуць паэтычнае слова, а для чытачоў газеты адкрываецца шлях у свет цудоўнага.

Надзейнымі памочнікамі ў агульнай справе з’яўляюцца ідэолагі раёна. Яны — арганізатары важных падзей, якія адбываюцца ў працоўных калектывах, і прапагандысты новых і карысных пачынанняў. З нагоды прафесійнага свята хочацца адрасаваць ім словы ўдзячнасці і адзначыць  актыўных: Вольгу Грыгаровіч (СВК «Маяк-Заполле»), Наталлю Мардзіловіч (ДП «Лукі-Агра»), Алену Макар (КУСП «Чарняхоўскі-Агра»), Алену Дзірвук (КСУП «Малюшычы»), Ганну Радзецкую (УАЗ «Карэліцкая ЦРБ») і іншых.

Сёння чытачы маюць магчымасць прачытаць інфармацыю не толькі ў раённай газеце, але і на сайце газеты «Полымя». Тэмы самыя розныя, і ў гэтым заслуга пазаштатных аўтараў. Сваімі думкамі дзеляцца настаўнікі,  культработнікі, урачы, эпідэміёлагі, святары, супрацоўнікі  ЦСАН, РАНС, РАУС, ДАІ  і многія іншыя. Слушныя меркаванні таксама  ў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый раёна  — прафсаюзаў, Белай Русі, БРСМ, БСЖ, Чырвонага Крыжа. Яны даюць магчымасць жадаючым атрымліваць змястоўную інфармацыю ў «Полымі» і на сайце.

Дзверы рэдакцыі заўсёды адчынены для наведвальнікаў. Сярод іх нямала рэкламадаўцаў, якія імкнуцца размясціць  розныя звесткі: аб’явы, віншаванні, падзякі, спачуванні. Гэта неабходна не ў меншай  ступені і людзям: у адным выпадку дапамагае вырашаць бытавыя пытанні, у другім —  выказаць увагу і прызнанне чалавеку.

І, бадай, найбольшых слоў удзячнасці заслугоўваюць паштальёны.  Яны з’ўляюцца сувязным звяном паміж падпісчыкамі і рэдакцыяй газеты. Актыўна праводзяць падпісную кампанію на раёнку і дастаўляюць яе ў дамы карэліччан — на працягу шматлікіх гадоў дапамагаюць газеце «Полымя» гарэць ярчэй і ярчэй.

Сёння  калектыў раённай газеты «Полымя» ідзе ў нагу з часам, у тым ліку дзякуючы падтрымцы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў. Пад іх умелым кіраўніцтвам і дзякуючы праводзімай мэтанакіраванай рабоце нясём людзям праўдзівую і своечасовую інфармацыю.

Калектыў газеты і друкарні, 1944 год. Сядзяць: першы злева — рэдактар Янка Брыль, пасярэдзіне — рэдактар Роза Радкевіч, крайні справа — рэдактар Вячаслаў Хілімонаў

З нагоды свята ўсім нашым сябрам зычым здароўя, міру, шчасця, дабрабыту, збыцця ўсіх мараў і спадзяёмся на далейшае творчае супрацоўніцтва.

 

Галіна СМАЛЯНКА