В Кореличах отпраздновали День Победы (большой фоторепортаж + видео)

9 мая. Нядзеля. Сонечны дзень. Ужо сама прырода спрыяе правядзенню Вялікага Свята — Дня Перамогі. У дзесяць гадзін раніцы на галоўнай плошчы раёна збіраюцца карэліччане і накіроўваюцца да мемарыяльнага комплексу «Зорка», каб аддаць даніну памяці, павагі тым, хто ў нялёгкіх баях на вайне адстаяў Перамогу. Ідуць прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, грамадскіх арганізацый, моладзь, дзеці, ветэраны працы — вось яна, пераемнасць пакаленняў! Усе разам ушаноўваюць памяць, услаўляюць гэты светлы дзень і воінаў-пераможцаў. Іх аб’ядноўвае марш пакаленняў «Абавязак. Гонар. Годнасць», вялікае жаданне заўсёды жыць пад мірным небам і вялікая ўдзячнасць тым, хто заваяваў Перамогу.

Акцыяй «Беларусь памятае» ўдзельнікі шэсця яшчэ раз пацвярджаюць павагу і памяць аб сваіх продках — у іх руках партрэты дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі за наша светлае будучае і шчаслівы дзень. Сённяшняе пакаленне выказвае сваю ўдзячнасць ветэранам вайны, яны назаўсёды засталіся ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

У рамках урачыстых мерапрыемстваў аб’яўлена аб пачатку раённай патрыятычнай акцыі «Салдацкі платок». Салдацкі платок — жывая памяць аб вайне і Перамозе. На ім вышыты ініцыялы, тэксты, з ім салдаты ішлі ў бой. У ім — 49 імён герояў Карэліччыны, і за кожным з іх — свой жыццёвы лёс воіна-вызваліцеля. «Салдацкі платок» будзе перададзены на захаванне ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей.

 

І сапраўды, Дзень Перамогі — гэта Свята некалькіх пакаленняў, якія абаранялі Радзіму ад фашысціх захопнікаў, але гэта яшчэ і Свята тых, каму трэба будзе берагчы і памнажаць славу бацькоў і дзядоў. Аб гэтым гавораць ўдзельнікі мітынгу, які адбыўся на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры.

 

З прамовай выступіў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій ШАТУЕЎ:

— Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікі тылу!

Паважаныя карэліччане і госці раёна!

У нашай краіне ёсць шмат розных свят. Мы ўсведамляем іх значнасць і важнасць, паважаем і ўшаноўваем. Але Дзень Перамогі, які сабраў нас сёння, з усіх мы выдзяляем таму, што не было ў гісторыі чалавецтва больш лёсавызначальнай і трагічнай падзеі, чым Другая Сусветная вайна. Свяшчэнная і непарушная гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну.

Цаной неверагоднага напружання на франтах, штодзённага подзвігу ў тыле заваёўвалася Вялікая Перамога. Перамога ўсіх, хто памятае, хто не забыўся пра сваіх родных і  блізкіх, якія не вярнуліся з поля бою, тых, хто ў тыле жыў адной ідэяй — усё для фронту, усё для Перамогі!

За гады акупацыі гітлераўцы поўнасцю ці часткова разбурылі больш 200 гарадоў і пасёлкаў, звыш дзевяці тысяч вёсак. Такая жорсткая і горкая рэальнасць тых даўно мінулых дзён. Менавіта таму наш народ так глыбока шануе памяць аб загінулых. Беражэ  мір і свабоду. З глыбокай павагай і клопатам адносіцца да тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. Любіў і самааддана абараняў ад ворага родную зямлю.

Сёння цяжка ўявіць, якія нечалавечыя выпрабаванні і мукі перажыло наша старэйшае пакаленне. У нямецкіх акупантаў былі лепшыя ў свеце танкі, бамбардзіроўшчыкі, мінамёты, на іх працавала ваенная прамысловасць усёй Еўропы. Але ўся гэтая вялізарная машына знішчэння разбілася аб  адвагу і стойкасць савецкага салдата. Галоўным стрыжнем Перамогі стаў высокі патрыятызм і моцная дружба народаў. Нашы бацькі і дзяды ведалі, што яны абараняюць сваіх мацярэй, жонак, дзяцей. Яны ведалі, што аддаюць сваё жыццё за Айчыну, за Радзіму.

Мы перамаглі таму, што наш баец ішоў з гранатай супраць танка, таму што раненыя не пакідалі поле бою, а салдаты, калі заканчваліся патроны, білі прыкладам, лётчыкі збівалі варожыя самалёты, а радысты перадавалі: «Выклікаю агонь на сябе!» Мы перамаглі таму, што машыністы вялі эшалоны па трое сутак без адпачынку, таму што рабочыя, выгрузіўшы на пустырах станкі, зноў станавіліся на работу, таму што жанчыны і падлеткі самі галадалі, але кармілі і ўзбройвалі фронт.

Ніколі не памеркне памяць пра людзей, якія цаною свайго жыцця набліжалі пераможны май 45-га года! Карэліцкі край поўнай чашай выпіў жахі ваеннага ліхалецця. Кожны наш куточак зямлі дыхае мужнасцю, стойкасцю і гераізмам. Легендарнай старонкай Прынёманскага краю стала падрыўная дзейнасць мірскіх і ярэміцкіх камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан. Гісторыяй краіны стаў гераізм Уладзіміра Царука і Паўла Жалезняковіча, вызваліцеляў нашых пасёлкаў і вёсак Яна Фогеля і Васілія Канавалава. Бязмежны подзвіг мірных жыхароў. Мы ніколі не забудзем аб сямі тысячах загінулых воінаў, партызанах і падпольшчыках, мірных жыхарах, аб 12 «хатынскіх» вёсках. Кожны трэці беларус аддаў сваё жыццё ў гады вайны. У нашым раёне загінулі 132 партызаны і падпольшчыкі, больш 4 тысяч мірных жыхароў былі знішчаны фашысцкімі палачамі, не вярнуліся з поля бою каля 2 тысяч чалавек. Метады генацыду былі самыя выдасканаленыя.  Нашы суайчыннікі гінулі ў лагерах смерці ад голаду, холаду, здзекаў, масавай казні. Дзяцей змяшчалі ў спецыяльныя лагеры, дзе ў іх бралі кроў для германскіх салдат. Моладзь вывозілі для работы на прамысловых прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы Германіі. Мірнае насельніцтва выганялі баранаваць мінныя палі. Шырока практыкаваліся расстрэлы заложнікаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёю мільёнаў людзей, разрабаваная і паўразбураная краіна не здавалася. Праз многія дзесяцігоддзі памяць аб подзвігу народа, які ўнёс вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам, свяшчэнная. Менавіта вы, нашы паважаныя ветэраны, праславілі ў вяках беззапаветную адданасць сваёй Радзіме, бязмежную веру і цярпенне, мужнасць і стойкасць, неперадольнае імкненне да Перамогі, ахвяруючы дзеля яе ўсім!

Цяжкія гады вайны — гэта не толькі наша гісторыя, але і каштоўнейшыя ўрокі для будучага. На вопыце Перамогі мы пераконваемся ў тым, што толькі мужнасць і стойкасць, праца і адказнасць, дружба і супрацоўніцтва, вернасць традыцыям з’яўляюцца надзейнай гарантыяй пераадолення ўсіх цяжкасцей, залогам бяспекі і росквіту нашай любімай Радзімы.

Дарагія сябры! Мы ведаем пра вайну не толькі па кнігах і кінафільмах. Мы — прадаўжальнікі пераможцаў па тых каштоўных рэліквіях, якія захоўваюцца амаль у кожнай сям’і, ці гэта ордэны, медалі, жоўтыя фотаздымкі, пісьмы з фронту, дзённікавыя запісы ўдзельнікаў былых баёў. Мы шануем гэтую летапісную праўду, ганарымся ёю. І памятаем запаветныя словы двойчы Героя Савецкага Саюза, праслаўленага камандуючага многімі франтамі, палкаводца Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага: «Толькі той народ, які шануе сваіх герояў, можа лічыцца вялікім!»

Бацькі, дзяды, прадзеды змагаліся за нашу будучыню, незалежнасць і мір на зямлі. Наш абавязак — шанаваць іх памяць і кожны дзень, пражыты ў свабоднай Беларусі пад мірным небам. З павагай адносімся да дзяржаўных сімвалаў, адлюстроўваючым палітычную самастойнасць і незалежнасць нашай дзяржавы, гісторыю яе станаўлення і развіцця.

На жаль, час няўмольны. Усё менш і менш застаецца сярод нас тых, каго мы з гонарам называем «Ветэран Вялікай Айчыннай». Нашаму пакаленню пашанцавала, што многіх з іх мы ведаем асабіста, захапляемся іх аптымізмам, жыццялюбствам і вялікай сціпласцю. Сёння ў Карэліцкім раёне засталося толькі 7 ветэранаў. Удзельнікі партызанскага руху: Уладзімір Данілавіч Буй з г. п. Мір, Пётр Іосіфавіч Шэўка з агр. Краснае, Уладзімір Канстанцінавіч Пліско з в. Мінакі, Надзея Пятроўна Кужалевіч з г.п. Карэлічы, Вольга Іосіфаўна Хіневіч з в. Кожава, удзельніца бітвы пад Сталінградам Анастасія Якаўлеўна Грышына з г.п. Карэлічы, жыхарка блакаднага Ленінграда Зінаіда Пятроўна Ляшчынская з в. Загор’е. Мы схіляемся перад вашым гераічным подзвігам. Вы — жывы прыклад стойкасці, непарушнай веры ў сілу дабра.

У гэты ўрачысты дзень мы схіляем галовы перад паўшымі ў баях. Светлая наша памяць пра тых, чые сэрцы спыніліся ўжо ў мірны час.

Дарагія ветэраны! Дзякуй за Перамогу! Здароўя на доўгія гады! Няхай свята Вялікай Перамогі прыдае вам сіл, аптымізму і радасці! Нізкі паклон вам за ратную і мірную працу, жыццёвую мудрасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Моцнага здароўя і даўгалецця, павагі і любові вашых блізкіх!

Дарагія землякі! Ад усёй душы віншую з 76-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне! Жадаю ўсім здароўя, поспехаў у рабоце, дабрабыту ў сем’ях, мірнага неба над галавой!

Моцная і квітнеючая Беларусь — лепшы помнік загінулым і жывым. Усім, хто ў жорсткіх баях адстаяў незалежнасць нашай краіны.

Слова прадастаўляецца настаўніку дапрызыўной падрыхтоўкі ДУА «Лукская сярэдняя школа», кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» Уладзіміру МАТУСЕВІЧУ:

— Сёння ў 76-ы раз наша краіна адзначае вялікае свята — Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, усё менш сярод нас ветэранаў, людзей, якія заваявалі гэтую перамогу.

76 мірных гадоў. Выраслі і змяніліся пакаленні, якія не ведаюць вайны, але гэтае свята для нас было і застаецца адным з самых галоўных. Цана, якую заплаціла наша краіна за перамогу, — вялікая: гэта мільёны чалавечых жыццяў, скалечаныя лёсы тысяч і тысяч людзей, разбураныя гарады і сёлы. Для нас памяць аб гэтым — свяшчэнная. Тысячы помнікаў стаяць па ўсёй нашай Беларусі, каб ніхто не забыўся аб страшных днях фашысцкай акупацыі, каб вайна ніколі не паўтарылася на нашай шматпакутнай зямлі.

У гэтыя майскія дні мы зноў і зноў будзем глядзець ваенныя фільмы, спяваць і слухаць песні ваенных гадоў, каб успомніць. Каб не забыць.

У нашай школе з 2001 года дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Віцязь», работа якога накіравана на выхаванне ў юнакоў і дзяўчат пачуцця патрыятызму, развіцця цікавасці да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адным з накірункаў дзейнасці клуба зяўляецца пошукавая работа. Па нашай ініцыятыве, якую падтрымалі Карэліцкі райвыканкам і СВК «Жухавічы», у ліпені мінулага года каля вёскі Вялікія Жухавічы быў устаноўлены памятны знак на мяркуемым месцы гібелі 2 ліпеня 1941 года салдат і афіцэраў штаба 29-й танкавай дывізіі  з яго камандзірам палкоўнікам Н. П. Студневым. Вывучаючы вопыт Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна, мы знаходзім нямала новага, недаследаванага.

Збіраючы матэрыял пра нашых землякоў-франтавікоў, мы адчулі сэнс фразы: «Зямля, палітая крывёю савецкіх салдат» — практычна ў кожнага, вярнуўшагася з вайны, у ваенным білеце меліся запісы аб раненнях.

Сёння мы ганарымся тым, што больш за 30 выпускнікоў нашай школы, выхаванцаў клуба «Віцязь», выбралі для сябе прафесію «Радзіму абараняць» — сталі афіцэрамі і прапаршчыкамі. Для іх слова «патрыятызм» не пусты гук. Дзякуючы такім людзям памяць аб мінулай вайне і далей будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. Каб памятаць. Каб не забыць. Каб не паўтарылася!

Ля мікрафона —  загадчык аддзялення прафілактыкі, урач-тэрапеўт установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Наталля РАМАНОВІЧ:

— Паважаныя ветэраны, працаўнікі тылу, вязні нямецкіх лагераў, а таксама ўсе жыхары Карэліцкага раёна! Няма ў нашай краіне свята больш вялікага, чым Дзень Перамогі. У жыцці кожнага народа ёсць асаблівыя даты, якія не могуць быць забытыя. Ніколі ў нашым сэрцы не знікне павага і падзяка за самаадданасць і подзвіг ветэранаў-франтавікоў, працаўнікоў тылу, узнімаючых краіну з попелу і руінаў. Нізкі паклон і вялікая ўдзячнасць вам!

Дзень Перамогі — гэта светлае, але ў той жа час сумнае свята, бо ў гэты дзень мы ўспамінаем тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам мір і свабоду. Вялікая Айчынная вайна пакінула свой адбітак практычна ў кожнай беларускай сям’і. Мая сям’я — не выключэнне. Мой прадзед загінуў у баі на тэрыторыі Германіі ў 1944 годзе. Мая бабуля з’яўляецца малалетнім вязнем (была загнана ў Германію, г. Хемніц, разам з маці). Нягледзячы на юны ўзрост у той момант, яна памятае ўсе жахі вайны так, як быццам гэта было ўчора і не можа расказваць пра гэта без слёз на вачах.

Нас усіх аб’ядноўвае агульнае мінулае, і мы не маем права забываць, якой цаной дасталася перамога. У гэты святочны светлы дзень хочацца пажадаць усім, у першую чаргу, моцнага здароўя, дабрабыту, душэўнага цяпла, увагі і клопату блізкіх. Няхай неба над нашай зямлёй заўсёды будзе мірным!

… Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць загінулых на вайне. Да падножжа мемарыяльнага комплексу «Зорка» ўскладваюцца кветкі, гірлянда, вянкі. Удзельнікі мітынгу накіроўваюцца на свята, якое прадоўжыцца на галоўнай плошчы райцэнтра.

 

 

 

 

 

 

 

 

Святкаванне Дня Перамогі карэліччане і госці прадоўжылі на галоўнай плошчы райцэнтра.

На плошчы ў знак памяці і павагі да загінулых за нашу Радзіму і ў знак непарушнасці нашай дзяржавы ўзнімаецца сцяг — сцяг гонару, годнасці, адвагі і незалежнасці нашай краіны. Для ўрачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь запрашаюцца ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Іосіфавіч Шэўка і вучань 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» Мікіта Ляўковіч, а для ўрачыстага ўзняцця сцяга г.п. Карэлічы — Чалавек года Гродзеншчыны, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, старшыня СВК «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі і стыпендыят фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельніца тэатральнай студыі «Эксперымент» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці», вучаніца 8 класа ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа» Маргарыта Звонка.

Ва ўдзельнікаў свята была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з тымі святочнымі сюпрызамі, якія падрыхтавалі для іх арганізатары свята. Увагу прыцягнуў «Музей пад адкрытым небам» пад назвай «Дзён мінулых гордыя сляды». Дырэктар раённага краязнаўчага музея Дзмітрый Арцюх расказаў, што тут прадстаўлены прадметы ваенных гадоў паўсядзённага салдацкага побыту, ад патэфона да гадзінніка. А вось кіраўнікі школьных музеяў раёна распавядалі аб экспазіцыі «Музей пад адкрытым небам», якая арганізавана музеямі ўсіх устаноў адукацыі раёна і складаецца з 6 раздзелаў: «Героі Вялікай Перамогі ў мініяцюрах», «Вялікая Айчынная вайна праз прызму паштовак і газет», «Мундзір Айчыны», «Настаўнікі-франтавікі Карэліцкага раёна», «Рэчы Другой Сусветнай вайны», «Унукі і праўнукі памятаюць».

— Дзякуючы сабранаму матэрыялу, кожны мог убачыць, адчуць, пазнаёміцца з ваенным часам. Мы павінны захаваць памяць і перадаць маладому пакаленню як напамін, якою цаною быў заваяваны мір на зямлі, — сказала старшы захавальнік фондаў ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа» Святлана Варава.

У палатцы, што размясцілася ў скверы Яна Чачота, прапаноўваюць старыя ваенныя фільмы: «Баллада о солдате», «В бой идут одни старики», «Летят журавли»; дакументальныя: «Великая война. Битва за Москву», «Великая война. Курская дуга», «Великая война. Операция «Багратион»; ваенныя фільмы: «Зоя», «Герои Великой войны», «Площадь Победы», «В. Быков. Фронтовые странички» і іншыя.

— Дэманструем фільмы для рознага ўзросту, розных жанраў, ёсць савецкага перыяду і сённяшніх дзён, — адзначыла рэжысёр аддзела культуры і вольнага часу Лізавета Айкян. — Думаецца, што гледачам спадабаецца, і яны вернуць той далёкі час і ўскалыхнуць душу.

Завіталі на свята і працаўнікі сельскагаспадарчых кааператываў: яны падрыхтавалі свае падворкі на ваенную тэматыку. Якіх толькі страў тут ні было: салдацкая каша, бульба, грыбны квас, аладкі, дранікі з салам. Аказваецца, вяскоўцы ўмеюць не толькі працаваць, але і святкаваць, а таксама быць гасціннымі і добразычлівымі, жыць у згодзе і міру. Няхай так будзе і ў далейшым!

Работнікі культуры таксама пастараліся на славу — майстэрства ім не займаць! Трэба было чуць, як цудоўна яны спявалі і колькі песень падарылі ўдзельнікам свята. А колькі добрых і пранікнёных слоў прагучала з вуснаў вядучых свята. І гэта невыпадкова. Дзень Перамогі — свята са свят, галоўнае свята краіны.

Супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі арганізавалі дзіцячую пляцоўку. Тут былі прадастаўлены самаробныя гульні для дзяцей: «Крыжыкі-нулікі», «Лепшы сапёр» і настольныя гульні. У госці завітаў лялечны тэатр «Васілёк» з яго пастаноўкай «Як Шуня дзядулі дапамагаў», праходзілі майстар-класы аб тым, як зрабіць салдацкую пілотку і салдацкае пісьмо. Увагу прыцягнула выстава кніг, на якой змешчаны кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, мастацкая літаратура, аўдыёкнігі.

А вось супрацоўнікі аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў арганізавалі выставы работ майстроў Карэліцкага раёна, а таксама прапаноўвалі майстар-класы па разьбе па дрэву і ткацтву паясоў.

Завіталі на свята і супрацоўнікі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У рамках акцыі «Не пакідайце дзяцей дома адных!» яны навучалі маленькіх грамадзян правілам пажарнай бяспекі, а таксама кожны мог пасядзець у пажарнай машыне і адчуць сябе ў ролі выратавальніка.

 

 

На стадыёне «Юнацтва» праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы.

Для паслуг удзельнікаў свята працавалі гандлёвыя рады.

 

Меркаванні

ШТО ДЛЯ ВАС АЗНАЧАЕ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ?

Лілія АРЦЮХ,

дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:

— Гэта вялікая свята для нашай краіны і ўсіх людзей. Мы ўдзячны ўсім тым, хто падарыў нам мірнае неба. Мы можам любіць, працаваць, марыць. Для мяне асабіста — душой дакрануцца да памяці загінулых на вайне. Мой дзядуля Іван загінуў у 1944 годзе ў Германіі. У сваёй рабоце звяртаю ўвагу калег на папулярызацыю літаратуры на ваенную тэматыку, каб праводзілі мерапрыемствы, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

 

 

Марыя КАЖЫНА,

тэхнолаг Карэліцкага Дома быту,

жыхарка г.п. Карэлічы:

— Для мяне свята Перамогі вельмі важнае і дарагое. Я ведаю пра вайну не толькі з кніг і кінафільмаў, але і ад сваіх родных. Мой бацька Мікалай Васільевіч прайшоў усю вайну з 1941 па 1945 год. І не раз паўтараў: «Еў бы адну бульбу, абы не бачыць вайны». Мая маці Антаніна Іванаўна не раз нагадвала той час, калі яны заўсёды трымалі пры сабе гатовыя клункі з рэчамі і ежай, каб падчас наступленняў немцаў узяць іх і падацца наўцёкі.

Я — за мір, працу, спакой. Каб дзеці хадзілі ў школу вучыцца і хлебаробы вырошчвалі хлеб. Я ганаруся сваёй краінай і радуюся, што яна моцная. Я люблю Беларусь, бо яна — самая прыгожая і багатая на працавітых людзей. І няхай яна прадаўжае развівацца і квітнець.

Юлія ТРЫБУЦЬ,

вучаніца 5 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы»:

— Дзень Перамогі — галоўнае свята для жыхароў краіны. Яно добрае, радаснае, звонкае. Гучаць песні, вершы. На тварах людзей — усмешкі. Яны радуюцца, бо на зямлі пануе мір. І так павінна быць заўжды.

Свята 9 Мая ніколі не прапускаю і буду наведваць у далейшым. Я з роднымі прыходжу на галоўную плошчу. Мне хочацца адчуць усё яго хараство і раздзяліць гэтую радасць з іншымі.

У жыцці мой асноўны абавязак — вучоба, і я стараюся яго выконваць. Хачу звярнуцца да старэйшага пакалення: захаваць мір на зямлі, а моладзі пажадаць не забываць пра тое, як дасталася нам Перамога.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКА

Відэа Наталлі САКАЛЯНСКАЙ