Андрей Таболин, воспитывающий в одиночку четверых детей: «Семья — то, что объединяет поколения»
У сям’і чалавек адчувае сябе камфортна. Яго любяць такім, які ён ёсць. Пра яго клапоцяцца, і ён аддае родным іскрынкі сваёй душы. Дружная сям’я — вялікае шчасце. Усё і заўсёды тут робяць разам, радасці і клопаты дзеляць папалам, усе адзін за аднаго.
«Сям’я — тое, што яднае пакаленні»,— упэўнены бацька чацвярых дзяцей Андрэй Уладзіміравіч ТАБОЛІН з аграгарадка Цырын.
— Андрэй Уладзіміравіч, самае дарагое для чалавека — дзеці. Раскажыце пра сваіх прадаўжальнікаў роду.
— Крысціна працуе ў Лідскім раённым аддзеле ўнутраных спраў міліцыянерам. Памочнікам машыніста электрапоезда вырашыў стаць Арцём, ён набывае веды ў адным з каледжаў сталіцы. Ульяна сёлета паступае ў медыцынскі каледж. Мілена — васьмікласніца Цырынскай школы. Галоўнае ў выхаванні дзяцей — прывучыць іх да працы і паважаць старэйшых. Так было ў маім дзяцінстве: што сказалі бацькі, тое было законам.
— Адкуль Вашы карані?
— Дакладны адрас: Мінская вобласць, Чэрвеньскі раён, аграгарадок Турэц. Некаторыя думаюць, што раз я з Турца, значыць мясцовы. На самой справе да бацькоўскага дома —170 кіламетраў. Там жывуць бацькі, вёска вялікая, побач рэчка і лес. Адным словам, добрыя мясціны.
— Вам не хацелася пераехаць?
— На адным месцы і камень абрастае. У Цырыне — сямнаццаць гадоў. Прызвычаіўся, усіх і ўсё ведаю. Ды, напэўна, у кожнага свой лёс. Я скончыў Смілавіцкае ПТВ-203. Адслужыў у арміі. Уладкаваўся на МАЗ у Мінску. Пазнаёміўся з абранніцай жыцця. Спачатку жылі ў Турцы, а затым пераехалі ў Аканавічы Цырынскага сельсавета. Быў прыняты на работу ў мясцовы калгас будаўніком.
— У чым для Вас сэнс жыцця?
— Люблю дзяцей, дзеля іх жыву і шмат працую. Да ўсіх дзяцей адношуся па-бацькоўску і з любоўю. Хочацца, каб удала склаўся іх лёс, каб усё ладзілася ў будучым, а мае рабяты маглі людзьмі звацца.
— Якое месца адводзіце працы?
— У сям’і ўсе любяць працаваць. Многія справы робім сумесна. Садзім бульбу, буракі, моркву, агуркі, памідоры, іншую гародніну. Ёсць свае прадукты да стала ды агульная работа згуртоўвае. У такія хвіліны не адчуваеш стомленасці, праца прыносіць задавальненне.
— Адкуль чэрпаеце сілы ў жыцці?
— Пасля смерці спадарожніцы жыцця і маці нашых дзяцей сказаў сабе: «Трэба жыць далей і паднімаць дзяцей!» Ёсць работа, дом, гаспадарка. Не менш важна: дзеці дапамагаюць па дому, на агародзе, у полі. Яны выбралі свае дарогі, і для мяне гэта радасць: будуць шчаслівыя дзеці — і я буду радавацца.
— Пра што Вы марыце?
— Хачу дачакацца ўнукаў. Нездарма гавораць, што іх любяць мацней, чым дзяцей. Хочацца аддаваць малышам усю любоў, ласку, клопат. А на любові, як гаворыцца, трымаецца свет.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ