Кореличчане, привившиеся от COVID-19, рассказывают, как перенесли укол
У Беларусі актыўна працягваецца вакцынацыя насельніцтва ад COVID-19. Каб выпрацаваўся імунітэт у адносінах да гэтай злоснай хваробы, трэба зрабіць прышчэпку ў чэрвені-ліпені і ўжо восенню, з наступленнем новай прастуднай хвалі, зможам адчуваць сябе ўпэўнена.
Аляксандр ГЕРМАНЮК, галоўны ўрач Карэліцкага райЦГЭ:
— Ахоп насельніцтва раёна першай прышчэпкай складае 6,89%, другой — 4,33% (абласны паказчык на 11.06.2021 г. — 6,9% і 4,4% адпаведна).
У чэрвені прышчэпяцца 2175 карэліччан. Прышчэпкі праводзяцца ў прышчэпачных кабінетах Карэліцкай раённай і Мірскай пасялковай паліклінік штодзённа з 8 да 17 гадзін, а таксама выязнымі брыгадамі ў лячэбных установах раёна. Запіс на прышчэпку ажыццяўляецца па тэлефонах: 2-12-70, 36-1-50 і 75-9-11.
Прышчэпка — гэта не асабістая справа кожнага чалавека, а дзяржаўная. Асабістая — гэта толькі ў тым выпадку, калі вы знаходзіцеся дома ці на дачы і не зносіцеся з іншымі людзьмі, а ў выпадку, калі вы працуеце ў калектывах, наведваеце магазіны, іншыя месцы, непрышчэпленыя падвяргаюць заражэнню каранавіруснай інфекцыяй сябе і іншых.
Лідзія НАГОРНАЯ, жыхарка г.п. Карэлічы:
— Сёння шмат пішацца і гаворыцца пра вакцынацыю насельніцтва ад COVID-19. Мы з мужам Адамам Канстанцінавічам ужо зрабілі прышчэпкі. Пасля працэдур адчувалі сябе звычайна, ніякіх пабочных сімптомаў не было. Зараз яшчэ больш упэўнена, што да нас не падкрадзецца гэтая злосная хвароба.
Чаму вырашылі пайсці на гэты крок? Галоўнай прычынай сталі нашы гады: мне — 76, мужу — 87. Ды не лепшы стан здароўя. Прышчэпкі зрабілі і сястра з мужам, і суседзі. Праўда, суседзі зрабілі першыя, і гэта стала ў нейкай ступені прыкладам для нас.
Вакцынацыя насельніцтва ад каранавірусу — гэта клопат дзяржавы пра наша здароўе. Важна, што за гэтыя працэдуры не трэба плаціць.
.
Сяргей САЎКО, дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства:
— Я з’яўляюся кіраўніком гандлёвай галіны раёна, ад функцыянавання якой і працаздольнасці яе работнікаў у многім залежыць дабрабыт карэліччан.
Таму я вырашыў зрабіць прышчэпкі ад каранавірусу і гэтым паказаць прыклад сваім падначаленым. Прадаўцы абслугоўваюць пакупнікоў, таму павінны быць здаровымі. Пытанне вакцынацыі як гандлёвых работнікаў, так і насельніцтва стаіць на першым плане. Гэтым мы можам засцерагчы сябе ад каранавірусу і ўпэўнена адчуваць сябе ў жыцці.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА