Кореличская вытинанка получила статус историко-культурной ценности

Два стагоддзі таму нашы прабабулі ўпрыгожвалі сваё жытло выцінанкамі — карункавымі выразанкамі з паперы. Іх сцялілі на паліцы як сурвэткі, абгортвалі імі вазоны для кветак, вешалі на вокны замест фіранак. Тады выцінанкі рабілі амаль усе вясковыя кабеты і дзяўчаты. Сёння папяровыя выразанкі — рэдкасць, якую трэба шанаваць, каб перадаць майстэрства новым пакаленням беларусаў.

30 красавіка 2021 года згодна з пастановай Міністэрства культуры карэліцкая выцінанка атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сваімі сакрэтамі вырабу дзеляцца карэліцкія майстрыхі.

 

Таццяна МАКЛЮК, педагог-арганізатар ДУ «Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй»:

— Я паспрабавала сябе ў многіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але выцінанка — гэта штосьці асаблівае. Мае бабуля і матуля расказвалі пра тое, што раней у вёсках вокны ўпрыгожвалі папяровымі карункамі, і мне захацелася паспрабаваць.

У інтэрнеце знайшла шмат малюнкаў — і адразу ўзялася за справу. Папера і нажніцы — толькі гэта і спатрэбілася, каб стварыць прыгажосць.  Занятак даваў душэўнае заспакаенне. Выцінанка — у першую чаргу, твой духоўны свет. Гэта і творчасць, і самаадлюстраванне.

Даводзілася ўдзельнічаць у розных выставах, але асабліва запомнілася   леташняя ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Да яе рыхтавалася з усёй адказнасцю, вельмі хвалявалася. Калі ж убачыла вочы наведвальнікаў, то зразумела: старалася недарэмна. Радуе, што не адна цікаўлюся выцінанкай. Хачу адзначыць  метадыста ліцэя Юлію Ліхуту, якая захапляецца гэтай справай.

Выцінанка патрэбна ў першую чаргу для душы. Гэта сваё, блізкае, роднае. Ды і справа ёсць для рук, якія з дапамогай нажніц ствараюць сапраўдныя цуды.

 

Алена ЛІСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:

— Каля дваццаці гадоў займаюся выцінанкай. У маладосці гэты занятак мяне захапіў, калі ўбачыла карцінку ў часопісе — і захацелася паспрабаваць самой. Пры гэтай справе адчувала заспакаенне, клопаты адыходзілі  кудысьці далёка. У вольныя хвіліны брала ў рукі паперу і нажніцы. І старалася ствараць сапраўдныя цуды.

Люблю ўсё сваё, народнае. Мая мама Соф’я Давыдаўна прала і вязала, і гэта ў нейкай ступені перадалося мне. Дакранаешся да традыцыйных беларускіх рамёстваў — і быццам душа ажывае, сэрца напаўняецца любоўю да такога блізкага і непаўторнага. Здаецца, што адчуваеш сувязь з тваімі продкамі і роднай зямлёй.

Мае работы прымалі ўдзел у раённых і абласных выставах. Такая ўвага яшчэ больш акрыляе. Разумееш, што ўносіш свой невялікі ўклад у беларускае мастацтва выцінанкі, і гэтым прызнаешся ў любові сваёй  Бацькаўшчыне, роднаму куточку, які немагчыма ніколі і нічым замяніць.

 

Галіна ЛАГУТА, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Найбольш актыўна займаюся выцінанкай перад Новым годам, калі прыязджаюць унукі. Іх у мяне пяцёра. Мы выразаем на вокны сняжынкі і кампазіцыі са сказак. Дзеці стараюцца,  я дапамагаю.

Уменне перадалося ад бабулі. Яна — майстрыха на ўсе рукі. Любіла выразаць і часта брала ў рукі нажніцы.  Вучыла мяне з абрэзкаў шпалераў рабіць зорачкі, і атрымліваліся ўпрыгожванні на навагоднюю ёлку.

У галіне культуры адпрацавала 27 гадоў, 8 — у раённым Доме рамёстваў. У 2015 годзе ў г. Шчучын праводзілася абласная выстава-конкурс выцінанкі «Папяровы вернісаж» у рамках Дня беларускага пісьменства. Тут атрымала Дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

Калі душой прыкіпеў да цікавай справы, то не адпусціш яе. Я выразаю і простыя, і больш складаныя кампазіцыі. Галоўнае — дакладнасць, цярпенне, скрупулёзнасць. Так рабілі і нашы бабулі.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ