В Кореличах состоялся масштабный детский фестиваль «Созвездие талантов» (+видео)
У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся раённы фестываль дзіцячай творчасці «Сузор’е талентаў».
Адкрыла яго начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Санчук. Прамоўца адзначыла, што раённы фестываль «Сузор’е талентаў» сабраў на раённай сцэне шмат юных талентаў. Мастацтва — гэта цэлы свет, і ўдзел у конкурсах, фестывалях значна важней перамогі. Цудоўна, што ў Год народнага адзінства ўсіх аб’ядноўвае творчасць, музыка, любоў да сцэны.
Іна Міхайлаўна выказала словы ўдзячнасці ўпраўленню адукацыі і ўсім кіраўнікам творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў за падрыхтоўку і ўдзел у фестывалі.
…І вось пачаліся выступленні карэліцкіх зорачак. Кожная з іх свяціла па-свойму і так ярка, што аддаць камусьці перавагу было няпроста. Розныя ўзроставыя катэгорыі, ва ўсіх падыход да справы творчы. І ў якіх б намінацыях яны ні выступалі, кожны выканаўца зачароўваў па-свойму. Яны цудоўна спявалі, танцавалі, чыталі вершы, былі ў ролі вядучых. Сэрца краналі выступленні вакальных і харэаграфічных калектываў, інструментальных ансамбляў — выхад на сцэну кожнага з іх ўспрымаўся на ўра. Сапраўды, багатая наша Карэліччына на таленты. Удвайне прыемна, калі імі валодаюць дзеці.
На працягу чатырох гадзін без перапынку раённая сцэна прымала выканаўцаў. Адно выступленне змянялася другім, дзяцей аб’ядноўвала жаданне прадэманстраваць сваё выканальніцкае майстэрства. Няпроста прыйшлося журы пры падвядзенні вынікаў, але ніхто з удзельнікаў не быў абдзелены ўвагай — адзначаны дыпломамі ў пэўнай намінацыі і ўзроставай катэгорыі.
Слова ўдзельнікам фестывалю
Ксенія ГУРЫНОВІЧ: На фестывалі я танцую. Тры гады наведваю Мірскую школу мастацтваў. Маю вопыт удзелу ў конкурсах. На фестывалі хачу праверыць свае творчыя здольнасці і пазнаёміцца з талентамі свайго раёна.
Аляксандр ШАБАН: На працягу чатырох гадоў удзельнічаю ў гэтым фестывалі ў розных намінацыях. Гэта спосаб паказаць сябе, яшчэ раз паверыць у свае магчымасці, карысна правесці свой вольны час. За гэтыя гады набыў шмат знаёмых, якія займаюцца творчай дзейнасцю.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ