Директор КСУП «Луки-Агро» Николай Гавина: «Государственная награда — это заслуга всего коллектива»
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 245 медалёў “За працоўныя заслугі” ўдастоены дырэктар КСУП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна і галоўны эканаміст СВК “Свіцязянка-2003” Наталля Мялешка. Высокую дзяржаўную ўзнагароду нашы землякі атрымалі за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі краіны.
— Такая высокая ўзнагарода — заслуга ўсяго нашага калектыву, — гаворыць Мікалай Гавіна. — Толькі ўсе разам, талакой можам палепшыць сваё жыццё.
Мікалай Аляксандравіч ведае, пра што гаворыць. Ураджэнец Карэліччыны, у 1985 годзе з дыпломам вучонага агранома прыйшоў у калгас імя Чарняхоўскага. У Луках — з 1996 года, 5 гадоў шчыраваў аграномам, у 2001 годзе абраны кіраўніком. Яшчэ 20 гадоў таму ў калгасе атрымлівалі 2790 кілаграмаў малака ад каровы, а па выніках 2020 года ўзялі планку ў 7014 кілаграмаў.
Малака за мінулы год атрымалі 9048,3 тоны, што на 289,8 тоны больш, чым у 2019 годзе. Вытворчасць павялічылася на 103,3%.
За 2020 год валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 10849 тон.
За 2019 год рэалізавана БРЖ 389,8 тоны (план выкананы на 149,9%), свіней — 2134,6 тоны (112,3% да планавага задання). За 2020 год ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркай атрымана выручка ў памеры 8076 тыс. рублёў, прыбытак — 86 тысяч рублёў.
З дзяржпадтрымкай некалькі гадоў таму пабудавалі малочнатаварны комплекс «Далматаўшчына», дзе атрымліваюць 8877 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У выніку рэканструкцыі свінакомплексу «Лукі» за апошнія 5 гадоў у два разы павялічыліся валавыя прывагі і ў столькі ж рэалізацыя прадукцыі. Усё гэта і складае дастатак гаспадаркі, фарміруе даходы працаўнікоў вёскі. Выплачваецца годны заробак: сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве за 2020 год склала 1 071 рубель. За 20 гадоў 40 сем’яў атрымалі кватэры і дамы сядзібнага тыпу.
— Увогуле, як працаваў, так і працую, пра ўзнагароды не думаю, — падагульняе Мікалай Аляксандравіч. — Галоўнае — апраўдаць давер людзей, якія калісьці абралі мяне старшынёй.
Наталля Мялешка, галоўны эканаміст СВК “Свіцязянка-2003”, таксама гаворыць, што медаль “За працоўныя заслугі” — прызнанне работы ўсяго калектыву гаспадаркі:
— Прадпрыемства працуе прыбыткова, спецыялісты граматныя, дырэктар праводзіць правільную кіраўніцкую палітыку — вось складальнікі поспеху. У 2020 годзе мы атрымалі 5 млн 677 тыс. рублёў прыбытку ад рэалізацыі нашай прадукцыі, рэнтабельнасць склала — 32,6%.
Старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач работай галоўнага эканаміста задаволены:
— Наталля Аляксандраўна — граматны спецыяліст, які мае значны стаж работы ў галіне. Здавалася б, рабочае месца эканаміста — кабінет, але калі ён не ведае ўсяго ланцужка вытворчасці, то наўрад ці работа будзе эфектыўнай. Наша Наталля Аляксандраўна не кабінетны работнік. Акрамя таго, можа даказаць свой пункт погляду, мы працуем у камандзе.
Іна ЛЕЙКА