Нашы на «Славянскім базары». Чым гродзенскія майстры будуць здзіўляць Віцебск?
У Віцебску будзе працаваць гродзенскі падворак, на якім прадставяць багацейшую культуру нашай вобласці.
Як расказалі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, у арганізаваным кірмашы рамёстваў “Горад майстроў” прымуць удзел рамеснікі з Гродна, Лідскага і Іўеўскага раёнаў. На пляцоўцы “Горад майстроў” кожны госць фестывалю зможа прыняць удзел ва ўнікальных майстар-класах і змайстраваць сваімі рукамі памятны сувенір, навучыцца майстэрству саломапляцення і вышывання пад кіраўніцтвам таленавітых майстроў гродзенскай зямлі.
– Галоўная мэта кірмашу – паказаць традыцыйныя рамёствы Віцебшчыны і ўсіх абласцей Беларусі і не толькі. Свае вырабы прадставяць і майстры Прынёманскага рэгіёну, — падзялілася Яніна Барысевіч, загадчык аддзела па народных промыслах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. — Так, прадстаўнікі Іўеўшчыны прадэманструюць вырабы з саломкі, выкананыя ў цікавых і незвычайных тэхніках саломапляцення. Лідскія рукадзельнікі прадставяць ткацтва. Увазе гасцей свята будуць прадэманстравыны рушнікі, створаныя сучаснымі майстрамі па ўзорах этнаграфічных збораў. Горад Гродна прадставяць удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт”. Яны пакажуць ў Віцебску самаробныя лялькі, да прыкладу, тэкстыльныя, створаныя на аснове славянскіх абярэгаў і драўляныя.
Падчас фестывалю гродзенцы прымуць таксама ўдзел у адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі “Забава-2021”. Арганізатары падкрэсліваюць: гэты конкурс стане адным з самых яскравых момантаў усяго свята. Галоўная мэта яго правядзення – падняць цікавасць да народнай лялькі, пачынаючы ад архаічных, якія, напрыклад, жнеі рабілі ў полі са звычайнай саломы як забаўлянку для немаўляці, да сучасных, складаных, якія вырабляюць майстры з самага рознага прыроднага матэрыялу.
– Прадстаўнікі нашай вобласці вельмі доўга і мэтанакіравана рыхтаваліся да гэтага конкурсу. Мы упэўнены, што у гродзенскіх майстроў ёсць усе магчымасці атрымаць перамогу, – падкрэсліла Яніна Барысевіч.
Ирына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:
– Для мяне вельмі ганарова прымаць удзел у такім маштабным фестывалі. Я б нават сказала, у галоўнай культурнай падзеі краіны. На Славянскім базары я буду прадстаўляць мініяцюрных лялек, апранутых у народны традыцыйны строй Гродзеншчыны. Гэта, да пракладу, святочная вопратка, якая дэманструе ткацкія здольнасці нашых лідскіх майстроў, батлеечныя лялькі. Арганізуем цэлую кампазіцыю, якая, няма сумненняў, зацікавіць удзельнікаў свята і гасцей Віцебска.
Шчыра кажучы, чакаю фестываля з нецярпеннем. Вельмі хочацца паглядзець на сваіх калег з розных куткоў краіны, нечаму навучыцца, а дзесьці і сваім вопытам падзяліцца, завесці новыя, цікавыя знаёмствы. Дарэчы, у Славянскім базары ўдзел буду прымаць ужо не першы раз, таму добра ведаю, якое цудоўнае свята нас ўсіх чакае.
Вольга Сідлярэвіч, майстар тэкстыльнай лялькі, Гродна:
– Гэта вельмі адказна – прадстаўляць некалькі соцен рамеснікаў нашай вобласці на такім яркім і маштабным фестывалі. У Віцебск мы едзем разам з мужам Іванам. Я вырабляю тэкстыльныя лялькі, муж займаецца разьбой па дрэве – увасабляе беларускіх міфалагічных героеў. З задавальненнем будзем прымаць удзел у конкурсе “Забава-2021” і спадзяёмся на гран-пры. Для таго, каб гэтая маленькая мара збылася, прыклалі немала намаганняў. Рыхтуемся і шчыра спадзяёмся, што ўсё пройдзе на вышэйшым узроўні.
Ірына Смірнова, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу:
– Славянскі базар у Віцебску – адна з самых цікавых, каларытных, насычаных незабыўнымі момантамі культурных падзей ў нашай краіне. Удзел у фестывалі – вялікі гонар для меня і маіх калег. Для “Горада майстроў” мы спецыяльна з Іўеўшчыны павязём нашы вырабы. Гэта і лялькі – тэкстыльныя, вышываныя, саламяныя, гэта і калекцыя вырабаў з саломкі. Нашы іўеўскія майстры сваім уменнем плесці з саломкі славяцца не толькі у Беларусі, але і далека за яе межамі. Мы не аднойчы станавіліся пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў народных майстроў у тэхніцы саломапляцення. На Віцебшчыне пакажам свой вялікі саламяны капялюш, незвычайнай прыгажосці букет кветак, таксама зроблены з саломкі, прадэманструем вырабленыя з саломы інструменты. Акрамя таго прапануем кожнаму жадаючаму далучыцца і паспрабаваць свае сілы ў саломапляценні. Карацей кажучы – будзем здзіўляць удзельнікаў свята свамі талентамі. Гродзеншчыне ёсць што паказазаць, і мы з гонарам будзем праслаўляць сваю вобласць на Славянскім базары.