Командир отделения пожарно-аварийной части №1 г.п. Кореличи Александр Акулик: «Важно знать, что тебя дома ждут»

Аляксандр Акулік — камандзір аддзялення пажарна-аварыйнай часці № 1 г.п. Карэлічы. У яго падпарадкаванні — два байцы-пажарныя і вадзіцель. Займаюцца ліквідацыяй надзвычайных сітуацый: пажараў, аварый, стыхійных бедстваў. Дома Аляксандра чакаюць жонка Алёна і сын Мікіта.

Аляксандр закончыў Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці агранамія. Адслужыў у арміі і вырашыў ісці ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Зразумеў, што гэта яго, і вось ужо 10 гадоў служыць абранай прафесіі, ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары. Вядома, спачатку было шмат хваляванняў, а зараз цвяроза ацэньвае сітуацыю.
— Калі прыйшоў на службу, то маім настаўнікам быў Аляксандр Іосіфавіч Юрэвіч, — успамінае выратавальнік, — таксама камандзір аддзялення, які шмат падказваў і раіў. Ды і армія нямала дала: адказнасць і дысцыплінаванасць сталі асновай жыцця.

Чатыры гады як Аляксандр стварыў сям’ю. Выбранніца жыцця Алёна — педагог-псіхолаг. Падрастае сын Мікіта.

— Сам з мясцовых, з аграгарадка Палужжа, — прадаўжае Аляксандр Акулік, — і гэта ў нейкай ступені дапамагае ў рабоце: добра ведаю ўсе дарогі ў раёне.

У памяць выратавальніка ўрэзаўся адзін выпадак. Стаяла зімовая раніца. Паступіў выклік з Палужскай школы: загаранне ацяпляльнай печкі. Як высветлілася пазней — проста задымленне. На шчасце, дзяцей у школе яшчэ не было, а надзвычайны выпадак хутка ліквідавалі.

— Адчуваеце падтрымку сям’і? — цікаўлюся ў Аляксандра.

— Вельмі моцна. Сям’я падтрымлівае заўсёды і ва ўсім. Упэўнены, што жонка і сын чакаюць дома, і на душы спакайней. Ды і сувязь па тэлефоне падтрымліваем.

— Я адношуся да прафесіі мужа з разуменнем і гонарам, — гаворыць Алёна. — Заўсёды перажываю, як змена пройдзе. Але гэтая прафесія таго заслугоўвае. Для мяне важна, што гэта дастойная работа. Розныя сітуацыі бываюць. Калі ўбачыш, што пажарная машына на ўсіх парах імчыцца, то адна думка авалодвае: толькі б усё было добра. І супакойваеш сябе тым, што нашы рабяты — сапраўдныя прафесіяналы.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анастасіі СТАНКЕВІЧ