Районный центр гигиены и журналист «Полымя» проверили, как соблюдается порядок в Турецком сельсовете

Карэліччына спрадвеку славілася багатымі ўраджаямі і працавітымі  людзьмі. Добрыя дамы і дагледжаныя падворкі радавалі вочы. Тут умелі шанаваць гісторыю, ладзіць святы, сустракаць гасцей. Жыць годна і ў дастатку. Паважаць людзей і людзьмі звацца.

Хочацца, каб гэта не згубілася з гадамі. Каб наш край заставаўся прыгожым і дагледжаным. Вёскі павінны жыць, іх подых адбівацца ў сэрцах землякоў. Каб мы спяшаліся да роднага парога, зямлі бацькоў і  дзядоў, —  ім патрэбны шчырыя сэрцы і працавітыя рукі.

Аграгарадок Турэц прываблівае веліччу мясцовай царквы, якая бачна яшчэ з шасейнай дарогі, што праходзіць непадалёку ад населенага пункта. Завітаць сюды — заўсёды вялікая радасць, але падчас візіту ў дзень рэйду яна адразу прапала. Тут, у самым цэнтры, у вочы кінуліся непрыглядныя малюнкі. Каля былых гандлёвых кропак, магазіна-кафэ і прамысловага магазіна не скошана трава. Чаму работнікі Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства абыякава адносяцца да навядзення парадку на замацаванай тэрыторыі?

Накіроўваемся па вуліцы Мірскай. Наш позірк прыцягвае ачышчаны пажарны вадаём. Удвайне прыемна было даведацца пра тое, што ініцыятыву ў гэтай патрэбнай справе праявілі  жыхары вуліц Мірскай і Жураўлёва, якія правялі яго  ачыстку ад кустарнікаў і зарасніку. Такія добрыя пачынанні трэба толькі вітаць, але хочацца, каб любая справа была даведзена да ладу. У дадзеным выпадку засталося ўсяго толькі скасіць пустазелле непадалёку ад вадаёма.

На вуліцы Мірскай сустракаліся розныя па дагледжанасці дамы і прылягаючыя да іх тэрыторыі. Некаторыя з іх патрабуюць навядзення належнага парадку. Старшыня Турэцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі на гэты конт патлумачыў, што ў дадзеным накірунку прасцей вырашаць пытанні з пастаянна пражываючымі домаўладальнікамі. З астатнімі прыходзіцца праводзіць растлумачальную работу, многія  з іх на заўвагі рэагуюць і наводзяць парадак. На жаль, не ўсе: на вуліцы Мірскай спадкаемцы аднаго з дамоў жывуць на Украіне, і таму наладзіць кантакты няпроста, другім накіроўвалі пісьмо ў сталіцу, а ў трэцім выпадку  неблаганадзейную сям’ю выселілі, а іх дамы патанаюць у пустазеллі.

Па словах старшыні сельвыканкама, не мае значэння, унаследаваны дом  ці не, з яго ўладальнікамі праводзіцца  работа па  навядзенні парадку на прылягаючай тэрыторыі. Нярэдка скардзяцца суседзі гора-гаспадара, і трэба рэагаваць і вырашыць пытанне.

Даводзілася Сяргею Барычэўскаму  правесці нямала гутарак са спадкаемцамі дома ў цэнтры аграгарадка Турэц. Устанавіў тэрмін па скошванні травы, і работа была выканана. А яшчэ, як лічыць старшыня сельвыканкама, калі ёсць дом, а ў яго гаспадар, то павінен быць парадак.

У сельскай мясцовасці ўсё як на далоні. У тых невялічкіх вёсачках, якія прылягаюць да шасейкі, таксама ўсё бачна, яны выклікаюць цікавасць у праезджых. Завітаўшы ў Рап’ёва, удзельнікі рэйду на месцы адзначылі, што поруч з дагледжанымі дамамі і іх падворкамі ёсць і такія хаціны, якія зараслі пустазеллем, бо на родную зямлю не ступала нага спадкаемцаў. Няўжо не трапеча сэрцайка і не ўспамінаюцца гады дзяцінства і юнацтва, дзе яны бавілі свой час? А калі так, то чаму б не прыехаць ды не навесці тут парадак? Ці хаця б прадаць хату таму, хто тут будзе сапраўдным гаспадаром?

У вёсцы Вялетава подых жыцця ледзь цепліцца. На яе вуліцы так і не сустрэлі ніводнага жыхара. Позірк прыцягнула высокая трава пры дарозе ды новыя высокія агароджы каля некаторых дамоў. Аказваецца, хтосьці купіў хаты ў вёсцы і будзе іх гаспадарамі. «Вось бы дбайнымі», — падумалася падчас візіту ў населены пункт. Першыя крокі  імі ўжо зроблены, застаецца  навесці належны парадак. А галоўнае — прыкласці рукі да зямлі, якая не застанецца ў даўгу — аддзячыць сваімі дарамі.

…Вясковыя краявіды зачароўваюць, тут дыхаецца лягэй, вялікі прастор для думак —  няпоўны пералік таго, што дорыць сельская мясцовасць. Жыццё тут ад чалавека патрабуе значна большага: вялікай любові і шмат працалюбства. Трэба, каб наша Бацькаўшчына з кожным годам станавілася  прыгажэйшай, а мы па праву маглі беларусамі звацца. Толькі разам можам навесці належны парадак на зямлі, каб не было сорамна перад памяццю нашых продкаў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ірыны ШЫШКІНАЙ