Врач-кардиолог Ольга Станкевич: «После сердечно-сосудистой катастрофы важно вернуть человека к жизни, улучшить ее качество»
Карэліччына славіцца працавітымі і таленавітымі людзьмі. Іх можна сустрэць у многіх галінах народнай гаспадаркі. Яны працуюць на карысць грамадства і мацуюць свой дабрабыт. Старанні не застаюцца незаўважанымі: лепшыя з лепшых заносяцца на раённую Дошку пашаны.
Сярод іх — урач-кардыёлаг кардыялагічнага кабінета раённай паліклінікі ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Вольга Уладзіміраўна СТАНКЕВІЧ.
— Вольга Уладзіміраўна, прафесія ўрача — адна з самых паважаных і запатрабаваных у нашым грамадстве. У Вас гэта справа жыцця, з марай аб якой прыйшлі са школьных гадоў?
— Колькі сябе памятаю, лячыла суседскіх катоў і сабак. Марыла лячыць людзей, таму вырашыла паступіць у медыцынскі інстытут. У 1991 годзе стала студэнткай Гродзенскага медыцынскага інстытута па спецыяльнасці «лячэбная справа». Пасля яго заканчэння была накіравана ў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу. Працавала там тры гады. Затым па сямейных абставінах вярнулася ў Карэлічы.
— Чаму ў сваёй прафесійнай дзейнасці Вы абралі менавіта кардыялагічны накірунак?
— Я працавала неўролагам. Па рэкамендацыі тагачаснага галоўнага ўрача райбальніцы Георгія Будрэвіча перавучылася на ўрача-кардыёлага. Цяпер не шкадую, бо кардыёлаг — гэта лекар чалавечых сэрцаў.
— Скажыце, падчас працы ў медыцыне ў каго з урачоў-прафесіяналаў вучыліся і зараз іх з удзячнасцю ўспамінаеце?
— Удзячна за падтрымку ўрачам Наталлі Рубінскай, Ларысе Малінковіч, Івану Юхніку. Для мяне яны — прафесіяналы сваёй справы, і я старалася штосьці карыснае пераняць у іх, каб гэтак жа сумленна служыць людзям.
— Быць урачом-кардыёлагам — пачэсна і адказна: пацыенты давяраюць Вам сваё сэрца. Чым Вы кіруецеся ў сваёй штодзённай працы?
— У нашым кабінеце — самыя цяжкія па дыягностыцы, абследаванні, лячэнні пацыенты — тыя, у каго здараецца сардэчна-сасудзістая катастрофа. І трэба вярнуць чалавека да працы, выключыць інваліднасць, палепшыць якасць жыцця, што імкнуся рабіць.
— Акрамя прафесіяналізму, што яшчэ складае аснову працы медыцынскага работніка?
— Трэба пачуць кожнага, знайсці індывідуальны падыход. Праявіць настойлівасць і пераканаць у неабходнасці лячэння. Часцей за ўсё пацыентамі з’яўляюцца мужчыны, і зрабіць гэта ў некаторых выпадках складана. Хоць, прыклаўшы максімум намаганняў і прафесійны вопыт, удаецца дабіцца станоўчага выніку — палепшыць пацыенту здароўе.
— Наша жыццё хуткаплыннае і супярэчлівае. Вось і каранавірус унёс свае карэктывы: па-іншаму зараз глядзім на многія рэчы. А Вам даводзілася, як урачу, сутыкнуцца з гэтай злоснай хваробай?
— Я працавала ў чырвонай зоне на працягу шасці месяцаў. Сюды звярталіся і тут лячыліся пацыенты з прыкметамі COVID-19 і павышанай тэмпературай. Ад нас, медыцынскіх работнікаў, патрабавалася быць дакладнымі ў сваіх дзеяннях, вытрыманымі і добразычлівымі да хворых. Гэта дазваляла разам перамагчы хваробу.
— Карэліччына — багаты і цудоўны край з яго краявідамі і працавітымі людзьмі. Якое месца яна займае ў Вашым сэрцы?
— Я нарадзілася тут. Гэта мой родны край. Я заўсёды знаходзіла агульную мову з кіраўніцтвам і калегамі, а самае галоўнае — ведаю сваіх пацыентаў. Тут добра было гадаваць дачку Лізавету. Тут усё роднае, блізкае, дарагое сэрцу.
— Вольга Уладзіміраўна, што б Вам хацелася сказаць маладым, якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць? Магчыма, у Вас таксама знойдуцца парады як урача для карэліччан?
— Маладым скажу: каб не баяліся і прыязджалі працаваць у малыя гарады. Самая лепшая школа для пачынаючых менавіта ў сельскай мясцовасці. Кожны дзень прыносіць неардынарныя выпадкі, і трэба прыняць правільнае рашэнне, каб дапамагчы чалавеку нават у самай складанай сітуацыі.
А карэліччанам — трэба, каб самі людзі клапаціліся пра сваё здароўе. Праходзілі дыспансерызацыю і не дапускалі злосных хвароб. Здароўе — гэта добры настрой і спакой у душы, чаго жадаю сваім землякам.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Дзіяны МАРЦІНЕЎСКАЙ