28 кореличчан отдыхают в пришкольном лагере «Радуга»

Аздараўленчы прышкольны лагер «Радуга» функцыянуе пры сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы з 2 па 25 жніўня. Яго наведвае 28 дзяцей.

Журналісты раённай газеты завіталі ў навучальную ўстанову, каб даведацца пра адпачынак дзяўчынак і хлопчыкаў.

Як адзначае начальнік лагера  Кацярына Варанко, прышкольны лагер мае фізкультурна-аздараўленчы накірунак. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі, якую праводзяць выхаванцы пад кіраўніцтвам старшай важатай Таццяны Татаранкі. Дзеці займаюцца рухомымі гульнямі на свежым паветры, удзельнічаюць у спартландыі,  ім даспадобы  танцавальныя хвілінкі, спартыўна-захапляючыя гульні, квэст-гульні і іншае.

Арганізоўваюцца розныя экскурсіі. Дзяўчынкі і хлопчыкі пабывалі ў раённым краязнаўчым музеі, раённым аддзеле ўнутраных спраў, маладзёжным цэнтры культуры. Гэтыя сустрэчы падабаюцца дзецям не толькі ў пазнавальным плане, яны развіваюць кругагляд і дапытлівасць, прывіваюць любоў да роднага краю. У музеі, акрамя экскурсіі, паглядзелі  майстар-клас па вырабу фарбаў рознымі спосабамі.

Вялікая ўвага надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Падчас адкрыцця лагера прайшла ўрачыстая лінейка на тэму: «Нашы сімвалы — наш гонар». У плане работы лагера  тэматычныя дні: патрыятычны, беларускі, талерантнасці. У гэтыя дні ўсе мерапрыемствы прысвячаюцца роднай краіне.

У прышкольным лагеры — два атрады, кожны з іх жыве пад сваім дэвізам. У «Лучыкаў» — «Няхай заўсёды будзе сонца», ва «Усмешкі» — «Усміхайся кожны раз, для здароўя гэта клас!»

Пад пастаянным кантролем —  здаровае і збалансаванае харчаванне дзяўчынак і хлопчыкаў. Яно трохразавае, у меню ўключаюцца мяса, кашы, садавіна, агародніна, рыба, малочныя прадукты. Прадугледжана  і штодзённая вітамінізацыя: выхаванцы атрымліваюць аскарбінавую кіслату.

Наведвальнікі прышкольнага лагера не абдзелены ўвагай і клопатам. Каб  яны маглі добра адпачыць і з карысцю правялі вольны час, працуюць   начальнік лагера, старшы важаты, тры выхавальнікі, кухонныя, тэхнічныя работнікі. «Наша мэта — зрабіць усё магчымае, каб дзеці раслі здаровымі, бадзёрымі, вясёлымі», — гаворыць Кацярына Варанко. Па словах начальніка лагера, «Радуга» — добры адпачынак для дзяцей, новыя сябры, цікавыя заняткі, станоўчыя эмоцыі. Увогуле, гэта тое месца, куды зноў захочацца прыйсці яшчэ раз на наступных канікулах.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ