8 августа — День строителя. Валерий Гирейко из СПК «Жуховичи»: «Построить дом с нуля? Пожалуйста! Мы люди деревенские, к любой работе привычные»

У СВК «Жухавічы» работы па рэканструкцыі і будаўніцтву вытворчых аб’ектаў і жылля з году ў год набіраюць тэмпы. У сельгаспрадпрыемстве ёсць свая будаўнічая брыгада з 12 чалавек. Працуюць тут і спецыялісты з райцэнтра і нават іншых абласцей краіны. Старажылам мясцовай будбрыгады па праву можна лічыць Валерыя Гірэйку, які 15 гадоў працуе ў роднай гаспадарцы.

— У Жухавічах я нарадзіўся, вырас, у райцэнтры скончыў прафтэх па спецыяльнасці кранаўшчык, сюды вярнуўся пасля арміі, — расказвае мужчына. — Трохі паездзіў на заробкі, зразумеў, што цягне дадому, і з 2006 года рамантую і будую ў роднай гаспадарцы.

Валерый хоць і не атрымаў дыплом будаўніка, але жыццё навучыла ўсяму. Кажа, што можа з нуля пабудаваць дом, узвесці дах: «Мы ж людзі вясковыя, да любой працы звыклыя!» Цяпер дзякуючы з’яўленню міксераў праца будаўніка стала лягчэйшай. Гэта раней трэба было бетон уручную замяшаць ды на насілках аднесці.

— Зараз у Малых Жухавічах на малочна-таварнай ферме замяняем стойлы, якія кароўкі пашкодзілі, — расказвае Валерый. — Нядаўна скончылі рэканструкцыю будынкаў пад рапсавы цэх.

СВК «Жухавічы» праз тыдзень-другі запусціць вытворчасць рапсавага алею. Кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Янкоўскі па-гаспадарску разважыў: вырашчаны рапс прынясе больш выгады, калі яго не проста прадаваць, а вырабляць і рэалізоўваць рапсавы алей. Рэшткі ад вытворчасці, рапсавы жмых, кармавая каштоўнасць якога не саступае шматлікім зёлкавым і бабовым культурам, пойдзе на корм жывёле. Будаваць рапсавую лінію вырашылі не з нуля, а пераабсталяваць ужо гатовыя будынкі былых птушнікаў. Прараб сельгаспрадпрыемства Віктар Міснікевіч расказвае, што працы хапала: птушнікі пуставалі некалькі гадоў, трэба было паправіць сцены, перакрыць дахі. У двух памяшканнях размесцяцца склады для рапсу, у трэцім — сама лінія. Ужо засыпана для захоўвання 300 тон насення. Склады разлічаны на 1,5 тысячы тон сыравіны. Плануецца, што лінія будзе працаваць кругласутачна, яе пазменна будуць абслугоўваць 3 чалавекі. Вытворчыя магутнасці — 7 тон рапсу ў суткі. Кошт аб’екта склаў 1,1 млн рублёў.

Акрамя таго, СВК «Жухавічы” плануе разгарнуць вялікае будаўніцтва: каля вёскі Кожава з’явіцца новы сучасны малочнатаварны комплекс на 610 галоў дойнага статка. Аб’ект коштам 2 млн рублёў будзе ўзведзены за паўтара года.

— Будуючы і рамантуючы вытворчыя аб’екты, мы не забываем і пра жыллё для людзей, — кажа Дзмітрый Янкоўскі. — За апошнія чатыры гады ў Вялікіх Жухавічах пабудавалі два 12-кватэрныя дамы, дзе тры кватэры яшчэ чакаюць навасёлаў. Спадзяюся, тут хутка паселяцца новыя адукаваныя спецыялісты, якія будуць карысныя нашай гаспадарцы.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара