Археолог, кандидат исторических наук, доцент Леонид Колединский встретился с кореличскими школьниками
З нагоды Дня археолага, які як прафесійнае свята адзначаецца спецыялістамі 15 жніўня, у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адбылася сустрэча з вядомым беларускім археолагам, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Леанідам Уладзіміравічам Калядзінскім. Удзельнікамі сустрэчы сталі вучні сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра.
Што такое археалогія? Адказ на гэтае пытанне даў Леанід Уладзіміравіч: «Навука або мастацтва; яна ў роўнай ступені як тое, так і другое, таму што абедзве яны дакранаюцца да матэрыяльных рэшткаў мінулага чалавецтва». Вядомы археолаг расказаў аб усім, да чаго дакрануліся яго сэрца і рукі. Гэтай справе прысвяціў усё свядомае жыццё: праводзіў раскопкі ў Віцебску, Слуцку і Капылі. Ім апублікавана не адна сотня навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, падрыхтавана да выдання навуковая манаграфія, прысвечаная археалогіі Верхняга замка Віцебска. Каб вучням было лягчэй усвядоміць пачутае, суразмоўца суправаджаў сваю лекцыю ілюстрацыямі. Л. У. Калядзінскі адзначыў, што каб стаць археолагам, трэба спачатку атрымаць гістарычную адукацыю ў адным з ВНУ краіны, найлепш, канешне, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе ёсць спецыялізацыя па археалогіі. Затым прайсці падрыхтоўку ў магістратуры і аспірантуры ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, паўдзельнічаць у раскопках, каб набрацца вопыту. І толькі пасля гэтага можна гаварыць, што чалавек атрымаў прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасці археалогія. Дарэчы, сам Леанід Уладзіміравіч у свой час скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у Інстытуце гісторыіі НАН Беларусі, выкладаў археалогію ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Сённяшні дырэктар Карэліцкага краязнаўчага музея Дзмітрый Арцюх — яго колішні вучань. На сённяшні дзень Леанід Уладзіміравіч з’яўляецца дактарантам Цэнтра даследаванняў Беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, займаецца вывучэннем матэрыяльнай культуры гарадоў і замкаў Беларусі Х-XVIII стст. Аб сваёй прафесіі Леанід Уладзіміравіч расказваў слухачам з захапленнем. І яно зразумела, бо гэтай прафесіі ён прысвяціў больш за паўсотню гадоў свайго жыцця. Але адзначыў, што прафесія археолага — гэта не проста рамантыка, не проста пошук цікавых знаходак. Гэта штодзённая цяжкая праца, якой могуць спадарожнічаць і неспрыяльнае надвор’е і не зусім камфортныя бытавыя ўмовы.
З 2013 г. Леанід Уладзіміравіч разам з Наталляй Аляксандраўнай Пачобут, кандыдатам гістарычных навук, дактарантам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, праводзіць археалагічныя раскопкі на паселішчы Беразавец, што непадалёку ад Карэліч. Аб гэтым сведчыла падчас сустрэчы са знакамітым археолагам і выстава ў раённым краязнаўчым музеі пад назвай «Адкрываючы мінулае. Археалагічная экспедыцыя ў вёсцы Беразавец». У гэты дзень у двары музея яго супрацоўнікі падрыхтавалі для вучняў квэст-гульню «Археалагічная экспедыцыя». У пясочніцу былі закопаны рэчы сучаснага паходжання: манеты дробнага наміналу, гузікі, аскепкі посуду і інш. Плошча пясочніцы была разбіта на сетку квадратаў памерамі 20 х 20 см, і вучні старанна раскопвалі гэтыя квадраты і фіксавалі выяўленыя імі знаходкі.
Напрыканцы сустрэчы Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі падарыў Карэліцкаму краязнаўчаму музею сваю кнігу «Уводзіны ў археалогію». У ёй распавядаецца пра віды археалагічных помнікаў, культурны пласт, метады даследавання помнікаў археалогіі, навуковую апрацоўку артэфактаў з раскопак і г. д. Магчыма, кагосьці ў будучым зацікавіць навука археалогія, у тым ліку і слухачоў гэтай сустрэчы, і яны вырашаць звязаць з археалогіяй жыццё. У гэтай кнізе яны змогуць знайсці адказы на многія пытанні, звязаныя з гэтай навукай і прафесіяй.
Аўтар гэтага ўнікальнага выдання спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з Карэліцкім краязнаўчым музеем і на далейшую дапамогу мясцовай улады, якая заўсёды спрыяла ў правядзенні археалагічных даследаванняў на Карэліччыне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц