На планерке у председателя: завершение уборочной кампании, благоустройство озера Быкова, озеленение поселка
Падчас рабочай планёркі старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў паставіў задачу паскорыць тэмпы прэсавання і ўборкі льнотрасты з палёў. На ААТ «Карэлічы-Лён» ужо адпраўлена 31% сыравіны.
Кіраўнік раёна падкрэсліў недапушчальнасць страт гэтай культуры: «Калі спачатку ўбіралі падгарэлыя пасевы, то сёння якасць льну і вылежвання ёсць. Трэба цалкам убраць, вырабіць ільновалакно і забяспечыць ім Аршанскі льнокамбінат. Для гэтага ўсе магчымасці ў нас ёсць, у тым ліку для перапрацоўкі на ільнозаводзе. Акрамя таго, лішкі льновалакна будуць пастаўляцца на экспарт».
Генадзій Шатуеў адзначыў, што Карэліцкі раён першым завяршыў уборку збожжавых і зернебабовых культур у вобласці. Аднак у мінулым годзе нашаму рэгіёну ўдалося атрымаць больш важкі каравай. Так, у бягучым годзе сабрана 83 916 тон хлеба, што менш амаль на 30 тысяч тон. Нягледзячы на правядзенне поўнага комплексу тэхналагічных прыёмаў умовы надвор’я не дазволілі атрымаць неабходнага аб’ёму збожжа.
Таксама кіраўнік раёна запатрабаваў узмацніць кантроль за працай аўтамагазінаў і рынку ў Карэлічах: «Нашы грамадзяне павінны забяспечвацца якаснымі прадуктамі».
Вялікую ўвагу падчас аператыўнай нарады надалі добраўпарадкаванню. Так, у верасні будуць працягнуты земляныя работы на возеры Быкава ў райцэнтры. Плануецца, што вадаём будзе акружаны пешаходнай дарожкай, якой змогуць карыстацца пешаходы і веласіпедысты. Аднак пачатак добраўпарадкавання стрымліваюць непрыбраныя ад сельгаспрадукцыі агароды, якія прымыкаюць да возера. Карэліччанам неабходна да 10 верасня вызваліць зямлю ад ўраджаю.
Завяршаецца падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на рамонт стадыёна «Юнацтва» ў Карэлічах. Пасля рамонту рыхтуецца да здачы вуліца Юбілейная ў аграгарадку Лукі. У раённым цэнтры завершана добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі па вул. Камсамольскай, а таксама падсвечана кальцавая дарога.
Плануецца акцыя па азеляненні райцэнтра саджанцамі клёну, ліпы і бярозы. Моладзь і прадстаўнікі грамадскасці правядуць суботнік па высадцы маладых насаджэнняў.
Па словах галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксандра Германюка, у раёне зафіксавана зніжэнне захворвання на COVID-19. Аднак карэліччанам не варта самазаспакойвацца, бо вірус мае хвалепадобнае цячэнне і за зніжэннем як правіла ідзе ўсплеск. Таму па-ранейшаму актуальнымі застаюцца маскі, пальчаткі і сацыяльнае дыстанцыяванне.
Жыхары рэгіёна працягваюць вакцынавацца ад COVID-19. Прышчэпку першага кампанента атрымалі 15,4% насельніцтва, другога — 11,4%. Гэтыя дадзеныя роўныя сярэднеабласным. На дадзены момант маецца свабодная вакцына і любы жадаючы можа прайсці вакцынацыю. Акрамя таго, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі працягвае кантраляваць захаванне рэжыму самаізаляцыі прыбыўшых з-за мяжы. За парушэнне рэжыму прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь.
У раёне працягваецца дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу». З раённага бюджэту, а таксама грамадскімі арганізацыямі і неабыякавымі грамадзянамі аказана дапамога 441 шматдзетнай сям’і, у якой выхоўваецца 818 школьнікаў, на суму амаль 48 тысяч рублёў. Акцыя працягваецца, жадаючыя могуць дапамагчы шматдзетным і іншым катэгорыям сем’яў падрыхтаваць дзяцей да 1 верасня.
Іна ЛЕЙКА