Падарожнічаем разам з “Полымя” па вёсцы Барацін, у якой няма пустуючых дамоў і вельмі цікавае гістарычнае мінулае
Невялікая маляўнічая вёска Барацін Красненскага сельскага Савета ўтульна месціцца недалёка ад шашы Карэлічы-Навагрудак. Магчыма, гэтая блізкасць да ажыўленай дарожнай артэрыі спрыяе таму, што тут увогуле няма пустуючых дамоў. Мясцовыя ж сцвярджаюць: цягне сюды людзей таму, што вёска мае багатае гістарычнае мінулае. У Бараціне нарадзіўся ксёндз Зыгмунт Лазінскі (1870-1932), які стаў біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі. Менавіта Лазінскі быў сярод тых святароў, хто правёў першую службу ў Мінску па-беларуску.
Маёнтак з гісторыяй
Адкуль пайшла назва Барацін, дакладна невядома. Паселішчы з такой назвай ёсць у Польшчы, Чэхіі, Украіне. Можа, перасяленцы з тых мясцін так назвалі беларускую вёску. А можа, наадварот, беларусы, пераехаўшы на чужыну, у памяць пра сваю маленькую радзіму ўвекавечылі гэтую назву.
Кароль і вялікі князь літоўскі Аляксандр Казімір у XVI ст. падараваў Барацін за добрую службу Фёдару Калантаю. Затым Барацін належаў Тумінскім. Наступнымі ўладальнікамі былі Радзівілы. Ганна з Сунгушак заклала ў маёнтку ткацкую мануфактуру. Ад Радзівілаў маёнтак перайшоў да Чачотаў. Сюды мог прыязджаць у госці да сваіх сваякоў вядомы паэт і фалькларыст Ян Чачот. У канцы XIX ст. уладальнікам быў Канстанцін, жанаты на Антаніне з Вендорфаў. У якасці прыданага дачкі Людвігі маёнтак перайшоў Уладзіславу Лазінскаму.
Дарога да маёнтка вяла праз вёскі Паланая і Барацін. Яна і сёння ёсць, па ёй можна як прайсці, так і праехаць. Уязная алея з белай івы пачынаецца каля вадаёма, размешчанага з левага боку. Гэтае возера — частка воднай сістэмы з 8 азёраў з пратокамі і дамбамі, якія падпітваліся крыніцамі. На жаль, з 8 вадаёмаў засталося толькі два, але мясцовыя жыхары з задавальненнем вудзяць у іх рыбу. Сядзібны дом быў доўгім, асеўшым ад часу, на высокім фундаменце. Меў высокі гонтавы чатырохсхільны дах з мансардай. Галоўны ўваход выдзяляўся ганкам на чатырох калонах. Найбольш прэзентабельнымі пакоямі былі сталовая, салон і більярдная. Там знаходзілася старажытная мэбля мясцовых майстроў, створаная ў стылі Людовіка XV з чырвонага ці арэхавага дрэва. У салоне віселі сямейныя партрэты ў пазалочаных рамах, выкананыя маслам. У салоне меліся дэкаратыўны драўляны камін, люстра, два фартэпіяна фірмы “Эрхард і Дзітрых”. Палац стаяў у атачэнні цудоўнага парку, дзе расло шмат ліпаў, клёнаў, каштанаў, ясакараў, вербаў. Падчас Другой сусветнай вайны, у верасні 1939 года, палац быў разбураны. Да нашых дзён захавалася толькі лістоўніца, што стаяла побач з ім. Раней вялікая і прыгожая, сёння ж сухая, але карані моцна трымаюць яе, як напамінак пра былую славу гаспадароў маёнтка.
Непадалёк ад месца, дзе размяшчаўся палац, і цяпер стаіць двухпавярховы з чырвонай цэглы амбар, пабудаваны Тукаламі ў пачатку XX стагоддзя. Побач — напаўразбураны цагляны флігель, у якім жылі рабочыя. Гаспадарчыя пабудовы з дрэва былі разабраныя яшчэ перад вайной.
Нягледзячы на тое, што час і людзі не пашкадавалі маёнтак, мясціны прывабліваюць маляўнічасцю ландшафту і прыгажосцю азёраў.
Сям’я Лазінскіх
Пра адных з гаспадароў Бараціна, сям’ю Лазінскіх, трэба сказаць асобна. Сям’я Лазінскіх адрознівалася музыкальнасцю, захапленнем жывапісам.
Шляхціч гербу Любіч — Уладзіслаў Лазінскі пазнаёміўся з Людвігай Чачот, якой належыў Барацін. У 1869 годзе яны абвянчаліся ў Навагрудскім касцёле і сталі жыць у Бараціне. Уладзіслаў Лазінскі быў інжынерам па адукацыі, а Людвіга цудоўна спявала, мела выключны музычны слых. У іх нарадзілася 6 сыноў і адна дачка. Іх першынец Зыгмунт, якога апекаваў матулін брат ксёндз Вітольд Чачот, таксама вырашыў несці слова божае людзям. Ён скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю і стаў ксяндзом. Ён лічыў, што кожны народ мае права на самавызначэнне. Быў арыштаваны расійскімі ўладамі, сасланы на тры гады ў высылку. Пасля яму дазволілі быць выкладчыкам у Пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Пазней ён вучыўся ва ўніверсітэтах Італіі, Германіі, валодаў 12 мовамі. Калі ў 1917 годзе была адноўлена Мінская дыяцэзія (епархія), то першым яе біскупам стаў Зыгмунт Лазінскі. 6 снежня 1918 года біскуп Зыгмунт Лазінскі разам з Фабіянам Абрантовічам правялі ў Мінскім касцёле першае набажэнства на беларускай мове. У Мінску ён арганізаваў беларускую каталіцкую семінарыю, пачаў займацца беларусізацыяй касцёла. Пасля падзелу Беларусі на Заходнюю і Усходнюю ён Радзіму не пакінуў, быў біскупам Пінскай епархіі. У Пінску ён і памёр у Велікодную суботу 1932 года. Пахаваны ў Пінскім кафедральным касцёле. Яго вельмі любілі пры жыцці і называлі святым.
Барацін: дзень сённяшні
Сёння ў Бараціне налічваецца 36 жыхароў. Большасць — мясцовыя, дачнікаў — 15. Пустуючых дамоў увогуле няма.
87-гадовая Марыя Астапаўна Крывапуст — адна са старэйшых жыхарак Бараціна. Жанчына добра памятае вайну і яе пачатак:
— Суседка з нашай вёскі ішла ў Гарнаруцкую царкву, а карнікі стаялі на мосце. Яна хацела вярнуцца, каб людзей папярэдзіць, а фашысты яе ў спіну застрэлілі. Тата мой рабіў у сельсавеце, быў дэпутатам, дык мы ўвесь час хаваліся па хутарах ды лясах, ведалі, што такія сем’і страляюць. Пасля вайны ўжо 10-гадовай дзяўчынкай пайшла ў першы клас, з 17 гадоў — у калгасе.
Потым выйшла замуж за добрага хлопца, нарадзіла пяцёра дзетак. Расказвае, што ў Бараціне заўсёды было весела і людна:
— Жылі ў нас два гарманіста-самавучкі: Міша Бахар і Коля Вярбіцкі, скрыпач Саша Новік. Як вечар, дык у нас танцы! На прастольныя святы хадзілі ў цэркаў у Нягневічы, і людзі з іншых вёсак па дарозе далучаліся. Як прыйдзем — дык ужо і раніца. І на вяселлях шмат людзей было, і ўсім месца хапала. Караваем частавалі, а гарэлкай — ніколі. І песні спявалі, з імі на работу, з імі з работы. Але ж і гора было: з вайны колькі мужчын не вярнулася…
Усё жыццё Марыя Астапаўна была адмысловай майстрыхай: вышывала, ткала, вязала. І цяпер са спіцамі не расстаецца: вяжа сабе і родным. Нядаўна 15 пар цёплых шкарпэтак і дзве безрукаўкі дачцы ў Расію адправіла.
— У мяне 13 унукаў і 25 праўнукаў! Самаму малодшаму — 2 гады, старэйшаму — 24, хутка жэніцца. Гэта мая ўцеха.
73-гадовая Міла Мікалаеўна Яхно жыве насупраць і таксама рукадзельніца:
— Так, вёска раней вялікая была, адных ветэранаў вайны колькі! Бывала, як выйдуць 9 мая на вуліцу, ідуць усе ва ўзнагародах, толькі пазвоньваюць. Ды і цяпер сяло не пустуе, дачнікаў і спадкаемцаў шмат, дамы дагледжаныя, кветак панасаджвалі.
На развітанне жанчына паказвае свае карціны, ручнікі і цудоўныя, амаль бязважкія шалі.
Сярод самых адданых спадкаемцаў — Зінаіда Уладзіміраўна Бойка. Расказвае, што пасля школы пакінула родны Барацін і з’ехала пад Мінск. А калі 15 гадоў таму загінуў муж, вярнулася да бацькоў, бо не магла ні спаць, ні есці ў гарадской кватэры. І толькі тут, у бацькоўскай хаце, акрыяла, залячыла душэўныя раны. Праўда, жыве жанчына не ў бацькоўскім доме, а насупраць яго купіла калісьці пустуючы будынак. У хаціне бацькоў жыве родная сястра з мужам.
— Як можна кінуць роднае гняздо? — здзіўляецца жанчына. — Гэта тое самае, што кінуць іх магілы. Тут і паветра другое, і птушкі весялей спяваюць, бо ты — дома. Мае дзеці і ўнукі, хаця і гарадскія, усё лета з градаў і кветнікаў не вылазяць, відаць, моцная ў нас, беларусаў, генетычная памяць.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара