Журналист “Полымя” вместе с правоохранителями побывала в домах ранее судимых кореличчан и пожилых, которые содержат трудоспособных детей
Разам з прадстаўнікамі праваахоўных органаў раёна журналіст газеты «Полымя» прыняла ўдзел у комплекснай прафілактычнай адпрацоўцы Малюшыцкага сельсавета. Перад удзельнікамі рэйду ставілася задача: абследаванне ўмоў пражывання раней судзімых асоб, а таксама састарэлых грамадзян, якія жывуць з дарослымі непрацуючымі дзецьмі.
У артыкуле не называюцца населеныя пункты і прозвішчы з-за этычных прычын. Магчыма, жыццёвыя гісторыі кагосьці зацікавяць, нездарма сцвярджаецца ў народнай прымаўцы: «Жыццё пражыць — не поле перайсці».
Маці — заўсёды маці
Наш першы візіт быў да жанчыны, якой мінула за восемдзесят. Яе сыну восенню будзе пяцьдзясят. Мужчына нідзе не працуе, у гэтыя дні ходзіць у бліжэйшы лясок за грыбамі. Работу знайсці не спяшаецца, спасылаецца на адсутнасць прафесійнай адукацыі.
Вось толькі пра маці гэтага не скажаш. Усё жыццё разам з мужам шмат працавалі і жылі заможна. Яна і зараз да гэтага імкнецца: устанавіла ў вясковай хаце новыя вокны. Жыве па-людску, каб быць у гармонні з сабой і каб перад вяскоўцамі не было сорамна.
Пра сына маці не сказала дрэннага слова. Каб не выпітая ім чарка, дык зусім добра было б. У такія хвіліны ён сварыцца і скардзіцца на лёс. Маці цягне няпростую ношу: як жа інакш, родная крывіначка… Маці — заўсёды маці: яе сэрца хвалюецца за дзяцей у пяць і пяцьдзясят.
На жаль, не ўдалося пагаварыць з сынам. Ніхто не збіраўся яго павучаць, а хацелася спытаць: што яго чакае заўтра? Адно відавочна, што пачаць працаваць ніколі не позна. Яскравы прыклад працалюбства побач — родная маці.
Гарэлка да дабра не давядзе
Накіроўваемся да сямейнага скандаліста, які стаіць на ўліку ў праваахоўных органах і неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. На жаль, сустрэцца з ім таксама не ўдалося — быў на працы. Вядзём гутарку са спадарожніцай жыцця.
— Як цвярозы, то жыць можна, — гаворыць жанчына.— Калі вып’е, то бывае па-рознаму: калі спакойны, а калі крычыць…
— У міліцыю тэлефанавалі? — цікавімся ў субяседніцы.
— Ніколі, — распавядае яна. — Неяк абыходзілася.
Спакойная і ўраўнаважаная, яна падчас сустрэчы ні на што і ні на каго не паскардзілася. Ды, відаць, не да твару ёй было гэта рабіць: хтосьці паспачувае, а хтосьці і асудзіць, навошта жыве з выпівохай.
У вёсцы ўсё на відавоку, усё пра цябе ведаюць, нічога не схаваеш ад вока суседа. Найлепш, каб не пілі моцных напояў гаспадары сем’яў. Каб можна было з кім раздзяліць радасць і вырашыць праблемы. Каб яны былі надзейнай апорай. Выпітая чарка нікому шчасця ў сям’ю не прынесла.
Сям’я трымаецца на любові
Візіт у шматдзетную сям’ю быў невыпадковым: ва ўсе часы пра дзяцей клапаціліся дзяржава і бацькі. Хаця сустракаліся і такія сем’і, якія патрабавалі да сябе павышанай увагі. Што ж прывяло ў гэтую?
У ёй выхоўваецца чацвёра дзяцей. Старэйшаму сыну — шаснаццаць гадоў, меншай дачцэ — крыху больш двух. Выхаваннем іх у асноўным займаецца маці. Бацька ў дадзены момант у пошуках работы з аднавяскоўцамі паехаў у сталіцу.
Здавалася б, хвалявацца няма чаго, пра дзяцей у сям’і клапоцяцца. Толькі тут пытанне іншага накірунку. «Ён сам сабе, а я сама сабе», — гаворыць жонка пра ўзаемаадносіны ў сям’і. Хіба так павінна быць? Які прыклад яны пакажуць сваім дзецям? Як можна клапаціцца аб прадаўжальніках роду кожнаму паасобку? У добрай сям’і — усе адзін за аднаго і адзін за ўсіх.
«Як падрыхтаваліся да школы?»— цікавімся ў маці. Як аказалася, у сям’і ёсць першакласніца, і яе ўжо сабралі ў школу. Дапамогу атрымалі ад мясцовай школы і арганізацый, дзе працуюць бацькі, штосьці куплялі самі.
Што датычыць атмасферы ў сям’і, адносіны паміж дзецьмі сяброўскія. Нягледзячы на ўзрост, яны ладзяць паміж сабою і падтрымліваюць адзін аднаго. Вось бы гэта зразумелі ў рэшце рэшт дарослыя, што сям’я трымаецца на любові. Глядзіш — і ўсё наладзілася б. Дзецям патрэбны як мама, так і бацька, іх падтрымка, каб упэўнена глядзець у заўтрашні дзень.
Жыццё — з чыстага ліста
А як жывуць грамадзяне, якія былі калісьці асуджанымі, а зараз стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі? Наш суразмоўца спакойна паведаміў пра сябе: у яго была добрая работа, а затым адбываў пакаранне за ўчыненае злачынства ў месцах пазбаўлення волі. Пасля таго, як выйшаў на волю, сустрэў жанчыну, вырашылі жыць разам.
На першы погляд, не ведаючы, колькі кожнаму давялося перажыць, можна было б назваць іх самымі шчаслівымі. Яны пачалі свае жыцці з чыстага ліста.
— Мы садзім сад, — расказвае жанчына. — Выпісалі саджанцы вішань, чарэшань, абрыкосаў. Люблю кветкі, таму высадзіла іх каля дому. У мяне 36 кустоў ружаў. У планах — устанавіць альтанку і зрабіць клумбы з кветкамі.
…Яны прайшлі праз тое, што многім, як гаворыцца, і не снілася. Адно хочацца сказаць: няхай далейшая дарога будзе роўнай, і яны не збочаць з абранага шляху. Няхай сад і кветкі радуюць саміх і іншых.
Галіна СМАЛЯНКА