Кореличчане с инвалидностью отпраздновали День народного единства спортивными соревнованиями и возложением цветов к мемориальному комплексу «Звезда»

Пад такім дэвізам напярэдадні Дня народнага адзінства, якое ўпершыню будзе адзначацца 17 верасня, Карэліцкая раённая арганізацыя «Беларускае таварыства інвалідаў» (старшыня Вера Міхайлаўна Сашко) сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН (загадчыца Ірына Казіміраўна Трыбуць) правялі сустрэчу з членамі арганізацыі і наведвальнікамі цэнтра.

Па прычыне неблаганадзейнай кавіднай эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне з мэтай захавання здароўя людзей з абмежаванымі магчымасцямі пэўны час правядзенне мерапрыемстваў было абмежавана. Таму ўсе па-сапраўднаму радаваліся новай сустрэчы, праведзенай на свежым паветры (надвор’е спрыяла гэтаму) на стадыёне г.п. Карэлічы, перад пачаткам якой дэлегацыя ад яе ўдзельнікаў усклала кветкі на мемарыяльным комплексе «Зорка». Людзі не маглі нагаварыцца, дзяліліся асабістымі навінамі, сваімі меркаваннямі наконт жнівеньскіх падзей мінулага года, сённяшняй сітуацыі ў свеце, не хавалі радасці за тое, што родная Беларусь вытрымала сур’ёзныя выпрабаванні. Сярод членаў аб’яднання — прадстаўнікі розных узростаў і прафесій, ёсць і тыя, хто некалі ваяваў у недарэчнай вайне ў Афганістане, адчуўшых на сабе выратавальную сілу яднання, ды кожны з прысутных можа служыць прыкладам моцы духу, людскасці, адданасці роднай зямлі.

У час размовы гучала агульнае: каб захаваць мір і спакой, шчаслівае будучае Беларусі, неабходна мацаваць яднанне народа, праводзіць вялікую работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, быць упэўненым у будучым, і ў гэтым сваю дапамогу па меры магчымасці можа аказаць кожны з членаў арганізацыі інвалідаў.

Завяршылі ж сустрэчу яе ўдзельнікі спартыўнымі спаборніцтвамі, спрабуючы сілы ў дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, гарадках. Суддзі, спецыялісты сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама, вызначылі пераможцаў — Крупко Лідзію Аляксееўну (дартс), Макарэвіча Паўла Андрэевіча (гарадкі), Гагарына Мікалая Ягоравіча (стральба). Ім і шасці прызёрам былі ўручаны Дыпломы сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама і грашовыя ўзнагароды. Галоўным жа падарункам для ўсіх у гэты дзень стаў добры настрой, цёплы сонечны дзень.

Удзячнасць Веры Міхайлаўне за арганізаваную сустрэчу, адчуванне сваёй патрэбнасці і годнасці, упэўненасці, што яднанне людскіх сэрцаў — аснова шчасця і мірнага суіснавання, якая дае надзею на радаснае заўтрашняе жыццё.

Галіна КАЛТУНОВА,

член Карэліцкага аб’яднання інвалідаў