На планерке у председателя: пьянство на рабочем месте, вакцинация от COVID-19, водообеспечение

П’янства на працоўным месцы стала цэнтральнай тэмай на рабочай планёрцы ў старшыні райвыканкама. Генадзій Шатуеў даручыў праваахоўнікам узмацніць работу па выяўленні нецвярозых работнікаў

— Штотыдзень супрацоўнікі міліцыі ў ходзе прафілактычных рэйдаў выяўляюць п’яных карэліччан на працоўных месцах, — адзначыў кіраўнік раёна. — Нецвярозы работнік рызыкуе не толькі сваім здароўем і жыццём, але і тымі, хто яго акружае. Страшна ўявіць, што можа быць, калі за руль сядзе нецвярозы вадзіцель ці будаўнік пад хмяльком будзе працаваць на вышыні.

Супрацоўнікі РАУС штотыдзень здзяйсняюць прафілактычныя рэйды, каб не дапусціць трагедый на вытворчасці. Па даручэнні старшыні райвыканкама гэтая праца будзе ўзмоцнена.

На нарадзе адзначалася, што захворваемасць і смяротнасць ад каранавіруснай інфекцыі выраслі.

— Адзіная абарона ад небяспечнага віруса — вакцынацыя. Безумоўна, ніякая прышчэпка на 100% не абароніць ад захворвання, але чалавек перанясе яго ў лёгкай форме, без ускладненняў і без магчымага смяротнага зыходу, — падкрэсліў кіраўнік раёна.

Важна зрабіць прышчэпку ад COVID-19 ужо зараз, бо не за гарамі прышчэпачная кампанія ад грыпу. Як вядома, за адзін раз уводзіць у арганізм адразу дзве вакцыны нельга, паміж прышчэпкамі павінна прайсці мінімум два тыдні. На сённяшні дзень 17,8% карэліччан прышчапіліся ад каранавіруса. Толькі за мінулы тыдзень 285 чалавек атрымалі першы кампанент прышчэпкі, яшчэ 257 жыхароў раёна — другі. Па-ранейшаму трэба насіць маскі, апрацоўваць спецыяльнымі растворамі рукі і прытрымлівацца дыстанцыі.

Таксама на нарадзе абмеркавалі пытанні навядзення парадку на памятных месцах раёна, падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, заключэння дагавораў з насельніцтвам на вываз цвёрдых камунальных адходаў, стану дарог і водазабеспячэння населеных пунктаў. Адзначалася, што жыхары раёна пачалі актыўна прабіваць свідравіны на пітную ваду.

Іна ЛЕЙКА