На планерке у председателя: вакцинация от COVID-19, декадник по пожарной безопасности

На працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева акцэнтавалася ўвага на пытанні імунізацыі насельніцтва раёна ад каранавіруснай інфекцыі.

 

— У раёне назіраецца ўсплеск вострых рэспіраторных захворванняў, асабліва сярод дзіцячага насельніцтва, — адзначыў кіраўнік раёна. — Сёння па хваробе ў адукацыйных установах адсутнічаюць 17% школьнікаў і 20% дашкольнікаў. Чакаецца чацвёртая хваля COVID-19, якая па кантагіёзнасці перасягне папярэднія тры. Таму асабліва важна зрабіць прышчэпку ад каранавіруса ўжо цяпер, каб да наступлення ўсплеску захворвання сфармаваўся імунітэт. Як вядома, здароўе не купіш, таму трэба абараніцца вакцынай.

Сёння прышчэплена 18,9% карэліччан. Работнікі раённых бальніцы і санстанцыі працягнуць сустракацца з працоўнымі калектывамі раёна і тлумачыць прынцып дзеяння вакцыны.

З 20 верасня па 1 кастрычніка ў раёне пачнецца дэкаднік па пажарнай бяспецы. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях будуць наведваць домаўладанні і правяраць стан печаў і электраправодак.

— Важна не дапусціць пажараў і захаваць чалавечыя жыцці, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — У бягучым годзе ў раёне адбыўся 31 пажар, гэта на 5 вогненных здарэнняў больш, чым у мінулым. Не за гарамі ацяпляльны сезон, адбываюцца выпадкі перакалу печаў. Трэба яшчэ раз нагадаць нашым грамадзянам пра тое, як не дапусціць пажару і зберагчы свае жыццё і маёмасць.

Абмеркавалі на нарадзе і гатоўнасць цеплакрыніц і цепласпажыўцоў да пачатку ацяпляльнага сезона. Адзначалася, што 100% жылога сектару гатова да пачатку халадоў. Жылкамунгас працягвае нарыхтоўку драўнянай дранкі і дроў. На сёння назапашана 3 тысячы тон дранкі і 2,5 тысячы тон дроў.

— Уздоўж дарог расце шмат аварыйных дрэў. Трэба, каб дарожная служба актывізавала працу па іх спілоўцы, а камунгас выкарыстаў іх для ацяплення. Так і парадак навядзём, і забяспечым раён палівам, — падсумаваў Генадзій Шатуеў.

Іна ЛЕЙКА