Оператор заправочной станции Борис Лейко награжден Почетной грамотой Кореличского райисполкома

За шматгадовую добрасумленную працу і якаснае выкананне службовых абавязкаў Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджаны аператар заправачных станцый 4 разраду АЗС № 52 участка АЗС № 3 «Слонім» аддзела эксплуатацыі АЗС і рэалізацыі паліва рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» Барыс Георгіевіч ЛЕЙКА.

— Барыс Георгіевіч, узнагароджванне Ганаровай граматай райвыканкама — прызнанне Вашай штодзённай працы. А як Вы самі аднесліся да гэтага?

— У галіне з 2008 года — з адкрыцця шматфункцыянальнай заправачнай станцыі. На станцыі запраўляем аўтамабілі бензінам, дызельным палівам, газам. Ёсць магазін, у якім прадаюцца спадарожныя тавары. Што датычыць прызнання працы — значыць наша прафесія запатрабаваная.  Заправачная станцыя працуе кругласутачна: у любы час да нас можна наведацца, і мы акажам патрэбныя паслугі.

— Аператар заправачных станцый — прафесія, якая патрабуе пэўных ведаў і навыкаў. Дзе Вы гэтаму вучыліся?

— Прайшоў курсы па абраным накірунку, стажыроўку ў  работнікаў з вопытам працы ў гэтай галіне на АЗС № 11 г.п. Карэлічы,  здаў экзамены. Патрэбна было навучыцца працаваць на камп’ютары, паступова асвоіў пэўныя аперацыі, і праца набыла стабільнае рэчышча.

— Што з’яўляецца ў Вашай рабоце галоўным?

— Самае галоўнае — зносіны з людзьмі. Як вядома, яны з рознымі характарамі, і да кожнага трэба знайсці падыход: павітацца і прапанаваць дапамогу. Сустракаюцца людзі, якія не ўмеюць карыстацца палівараздатачным кранам. У любой сітуацыі трэба быць чалавечным, проста  дапамагаць людзям, не думаючы аб узнагародзе. Час няпросты, і многія маюць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы.

— Вы самі аўтааматар, і гэта нейкім чынам уплывае на працу?

— Сапраўды, у мяне ёсць аўтамабіль, і я моцна люблю тэхніку. Імкнуся дапамагчы парадай жанчыне-вадзіцелю, якая мае ў гэтым патрэбу. Падтрымліваю тых мужчын, у чыіх аўтамабілях узнікаюць непаладкі. Пра ўдзячнасць не думаю, часцей пра тое, што, можа, хтосьці і мне ў дарозе дапаможа. Дабро дабром у жыцці вяртаецца.

— Скажыце, Ваш калектыў можна назваць адной працоўнай сям’ёй? У ёй  жывуць агульнымі імкненнямі, усе         адзін за аднаго і адзін за ўсіх?

— У калектыве — 10 чалавек пад кіраўніцтвам майстра Міхаіла Васільевіча Русака. Вопытны і адказны, кіраўнік патрабуе ад нас сумленных адносін да даручанай справы.

Аператары працуюць у адной звязцы: у нас калектыўная матэрыяльная адказнасць. Прытрымліваемся жыццёвага правіла: «Рабі сваю работу як належыць і нічога не бойся».

— У Вас ёсць пажаданні?

— Здароўя і ўдачы ўсім людзям. Будзе гэта — будзе жаданне жыць і працаваць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ