84-летний житель Кореличей Николай Мазало вспоминает голодное военное детство

Мікалай Канстанцінавіч Мазала нарадзіўся 1 студзеня 1937 года і рос у невялікай вёсачцы пад назвай Клінцы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У сям’і таксама падрастаў старэйшы брат Барыс. Бацька працаваў нарыхтоўшчыкам жывёлы, а маці глядзела за гаспадаркай. На сучаснай карце Беларусі назвы гэтай вёскі не знойдзеш. Клінцы пазней былі перайменаваны ў Балотца. Да поўнага перайменавання вёска мела двайную назву: Балотца-Клінцы. Справа ў тым, што на адным баку сяла размяшчалася невялікае балота, зарослае травой і чаротам, а на другім — мноства крыніц, якія разыходзяцца ў бакі клінам. Знаходзіцца гэтае месца прыкладна ў 10 кіламетрах ад Карэліч. Шлях да вёскі ляжыць праз Шчорсы. Мястэчка гэта вельмі ціхае і адно з самых загадкавых на Гродзеншчыне. Стаіць тут каля 100 дамоў, усяго дзве вуліцы, але ў іх няма канца, таму што ўсе дамы ў вёсцы размешчаны па крузе.

У 1941 годзе, з прыходам вайны, жыццё людзей змянілася. Кожны хлопчык, нават самы маленькі, разумеў, што трэба рыхтаваць сябе да абароны Радзімы. Веліч баявога духу была не толькі ў салдатаў, якія адправіліся на абарону Бацькаўшчыны, але і ў дзяцей. Але нават уявіць сабе ніхто не мог, якое гора прычыніць вайна. Гэтак жа нечакана, як і вайна, пачаўся голад. Было вялікай удачай падабраць нават дробку ад сухарыка з абедзеннага стала. Дзеці тады вельмі хутка сталелі. Яны разумелі: перанесці ўвесь гэты цяжар ваеннага быцця — гэта як абавязак перад сям’ёй, Айчынай. У дзіцячыя гульні тады ніхто не гуляў, ды і наогул, пра гэта ніхто нават і думаць не мог, многім даводзілася працаваць на ўласных зямельных участках. Усе верылі, спадзяваліся і чакалі Перамогі. Вядома, без засмучэння і адчаю не абышлося ў асабліва цяжкія часы. Кожны дзень прыходзілася закрываць шчыльнай тканінай вокны, каб не было відаць нават слабога і цьмянага агеньчыка ад свечак. Усёй сям’ёй капалі і рабілі зямлянкі недалёка ад дома. Зверху клаліся дошкі, бярвенне, і потым усё гэта засыпалася зямлёй. Гэтыя хованкі былі вялікія, як «цэлы дом», вышынёй 4-5 метраў. У саміх зямлянках сям’я перажывала атакі з неба. Бо недалёка ад самога Балотца працякае Нёман, праз які быў пабудаваны вялікі мост, немцы часта яго бамбілі, каб беларускім партызанам не было пераправы праз яго. І калі сям’я чула, як ляцяць ваенныя нямецкія самалёты, усе адразу ж як мага хутчэй перабіраліся ў зямлянкі.

Мікалай Канстанцінавіч  успамінае, як яны з братам сядзелі дома на цаглянай печы, грэліся на тоўстым коўдры. Нечакана ў дом увайшлі два немцы, прагналі іх з печы і забралі коўдра. Успамінае, як адабралі ў іх каня, пазабівалі кароў. Як кожны дзень хадзілі і правяралі ўсе дамы ў акрузе, забіралі ежу, якой і так ні ў кога не засталося. А самі немцы размясціліся і жылі ў панскіх маёнтках у Шчорсах (на цяперашні момант адзін з будынкаў маёнткаў Храптовіча цалкам адрэстаўраваны і туды можна зазірнуць на экскурсію. Іншыя будынкі маёнткаў таксама збіраюцца рэстаўраваць).

У адзін з дзён вайны, калі было больш-менш ціха, Мікалай з Барысам прабраліся на невялікую вышку ў Шчорсах. Якое было іх здзіўленне і які страх яны адчулі, убачыўшы там спячага немца. Не доўга думаючы, яны вельмі ціха спусціліся і з усіх ног ірванулі ў бок хаты.

Бліжэй да 1944 года, калі немцаў пагналі назад, дзеці нават патрымалі ў руках аўтаматы. Калі немцы ўцякалі, яны кідалі ўсё і, не азіраючыся назад, як толькі маглі, выносілі ногі. Ім ужо было не да вайны, толькі б выратаваць сваё жыццё.

Было шмат слёз, але слёз радасці, усе адзін аднаго абдымалі, віншавалі, калі па радыё абвясцілі аб афіцыйным Дні Перамогі. Дзякавалі людзям, якія знялі цяжкія кайданы бязлітаснага кровапраліцця. Але колькі болю прынесла сама вайна, колькі жыццяў забрала, якую горыч страты пакінула на сэрцах людзей, блізкіх, якіх яна забрала з сабой.

Пасля вайны, калі калгасаў яшчэ не было, сем’ям давалі надзелы. Паціху народ выходзіў з голаду. Пачалі адчыняцца школы. Увосень 1945 года ў 8 гадоў Мікалай Канстанцінавіч упершыню (як і ўсе астатнія дзеці ў вёсцы) пайшоў у школу. Пасля вайны мала хто заканчваў 10 класаў. Большасць тады выпускалася пасля сямі. Школа была не галоўным прыярытэтам, а праца. Дзеці займаліся тым, што даглядалі за хатняй скацінай, працавалі на надзелах, касілі і збіралі ў стагі сена, хадзілі ў лес, малацілі збожжа, аралі зямлю.

У 1952 годзе Мікалай уладкаваўся на працу ў калгас, які арганізаваўся ў Шчорсах у 1949 г. А праз 10 гадоў, у 1962 г., 9 лістапада пайшоў у армію, служыў у Волагдзе. Пасля Новага года адправілі ў Ленінград. Вельмі хацеў пайсці вучыцца на шафёра, але з-за свайго цвёрдага маўлення і гучнага голасу яго адправілі на навучанне ў сяржанцкую школу і пазней ён стаў камандзірам аддзялення. 14 лістапада 1965 года дэмабілізаваўся.

Пазней пераехаў і ўладкаваўся ў Карэлічах на цукерачную фабрыку, сустрэў любоў усяго свайго жыцця — Веру, ажаніўся ў 1969 г. Пасля закрыцця цукерачнай фабрыкі ўдваіх пайшлі працаваць у «СЕЛЬЭНЕРГА» і па сённяшні дзень жывуць разам ужо больш за 52 гады.

У Мікалая Канстанцінавіча ёсць цікавае хоббі — галубы. У 1950 годзе ён атрымаў ад дзядзькі некалькі гэтых выдатных пародзістых птушак. Па гэты дзень душы ў іх не чуе. Часцяком у цёплыя дзянькі яны ўзнімаюцца ў неба, і жыхары Карэліч могуць іх убачыць.

А нам, маладому пакаленню, Мікалай Канстанцінавіч жадае моцнага здароўя, каб усе жылі ў спакоі, узаемаразуменні і павазе адзін да аднаго. Жадае сваёй роднай Беларусі ніколі не бачыць страхаў вайны і адчуваць толькі ўсе цудоўныя пачуцці — радасць, шчасце, каханне.

 

Кацярына МАЗАЛА

Фота аўтара