Гайда ў вандроўку з “Полымя”! Наведваем вёску Кайшоўка — радзіму барацьбітоў з белапольскай акупацыяй

Кайшоўка: вайна і мір

Вёска Кайшоўка Цырынскага сельсавета адна са старэйшых вёсак нашага раёна: у сакавіку ёй споўнілася 519 гадоў. За больш чым пяць стагоддзяў свайго існавання яна перажыла Першую сусветную вайну, калі была спалена дашчэнту, і Вялікую Айчынную вайну, калі недалічылася многіх сваіх сыноў. Але як Птушка Фенікс адрадзілася з попелу і пачала будаваць новае мірнае жыццё.

Жорсткі памешчык і зачыненая карчма

Назва “Кайшоўка” пайшла ад імя яе заснавальніка Кайшэвіча. Належала Крошынскаму, Швыкоўскім, Незабытоўскім. У 1834 годзе тут жыло 377 сялян у складзе 49 сем’яў, у 1853 г. — 476 чалавек. Кожнаму сялянскаму двару належала 8 дзесяцін дваровай, ворнай і сенакоснай зямлі. Для выпасу жывёлы сялянам быў выдзелены сервітут (абмежаванае карыстанне зямлёй). Сяляне павінны былі выконваць шэраг павіннасцяў: тры дні работы з канём і адзін без каня ў тыдзень, 12 дзён згону кожным мужчынам і кожнай жанчынай на год. Акрамя таго, давалі памешчыку штогод 2 пеўняў, 15 яек. Зверх гэтага сялянская сям’я выплачвала дзяржаўныя падаткі, выконвала дадатковыя павіннасці: старажоўства і начны каравул па чарзе.

Памешчык Якаў Незабытоўскі праславіўся жорсткім прыгоннікам. У 1836 годзе ён паскардзіўся ў Навагрудскі земскі суд на няправільнае вянчанне ксяндзом Варанчанскага касцёла сялянкі з Кайшоўкі Фядоры Рудой з адстаўным салдатам з вёскі Беразавец Андрэем Гурыным, якая пасля смерці мужа засталася з трыма дзецьмі і без дазволу памешчыка ўступіла ў шлюб з селянінам з другой вёскі. Незабытоўскі патрабаваў яе вяртання з тою маёмасцю і дзецьмі, што яна ўзяла з сабою. Цікава, што суд і царкоўныя ўлады не задаволілі пазоў памешчыка.

У маёнтку дзейнічалі два вадзяных млына на рацэ Сэрвач. Адзін у 1865 годзе згарэў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём млынара Сцяпана Цеслюка і шляхціча Міхаіла Адамовіча. У Навагрудскім павятовым судзе была заведзена судовая справа. Млынар быў аштрафаваны на 1 рубель срэбрам.

Пры Сцяпане Незабытоўскім у Кайшоўцы з’явілася карчма. З яе з’яўленнем узрасла колькасць тых, хто злоўжываў спіртным. Жыхары вымушаны былі звярнуцца да ўладаў з патрабаваннем зачыніць карчму. Яны пісалі так: «Мы — крестьяне деревни Кайшовок пришли к единодушному сознанию, что главною причиною как нашего нравственного падения, так и хозяйственного разорения, служит пьянство: оно отвлекает нас от хозяйства, от церкви Божией, взывает к воровству, буйству и сутяжничеству, отнимает честность, мир и согласие между соседством, супружеством и семейством, порождает лень, самоволие, гибельные разделы в семействе…”. Аднак памешчык і мясцовыя ўлады не спяшаліся адмовіцца ад прыбытковай установы. Зачынена карчма была толькі пасля звароту ў Міністэрства Унутраных Спраў Расійскай імперыі, якое ўзначальваў тады Святаполк-Мірскі, які “пашкадаваў” сваіх землякоў.

Мірнае жыццё Кайшоўкі было парушана Першай сусветнай вайной. У верасні 1915 года апусцелую Кайшоўку занялі нямецкія салдаты. На тры з паловай гады руска-германскі фронт стабілізаваўся па рацэ Сэрвач. За гэты час вёска была поўнасцю спалена. Пасля Рыжскага падзелу ў 1921 годзе Кайшоўка аказалася пад уладаю Польшчы.

Дачка падпольшчыка і партызанскага сувязнога

У Кайшоўцы да гэтага часу жыве дачка барацьбіта з польскімі акупантамі 85-гадовая Ірына Юльянаўна Гладкая.

— У 1924 годзе ў Кайшоўцы была створана ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, — расказвае яна. — Яе члены растлумачвалі сялянам неабходнасць уз’яднання БССР, заклікалі да барацьбы з польскімі акупантамі. Пасля дэманстрацыі ў Карэлічах, прысвечанай дзясятай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, мой тата Юльян Сыч і яго паплечнікі: Сяргееў, Маладзецкі і Будзейка былі арыштаваны і прыгавораны да трох гадоў турмы. Тата адбываў пакаранне ў Вільні.

Юльян Сыч

У другой палове 20-х гадоў у Кайшоўцы з’явіліся асаднікі, былыя салдаты Пілсудскага. Гэта ім урад Польшчы аддаў лепшыя землі.

— Пры Польшчы жылі зусім бедна, — успамінае аповеды бацькоў Ірына Юльянаўна. — Зямлі не было, а дзяцей шмат. Як іх было падняць? Ды і пан так: хачу вазьму ў батракі, хачу не вазьму. У асаднікаў зямлі шмат, а ў людзей — няўдобіца і тае крыху. Верасень 1939 года, хоць і маленькая была, але запомніла. Я сядзела ў таты на плячах, як ішлі савецкія танкі. Жыць стала лягчэй, людзям аддалі зямлю. Толькі ўздыхнулі — як вайна! Тату на фронт не забралі з-за падарванага ў турме здароўя, але ён сядзець склаўшы рукі не мог: быў сувязным у партызанскім атрадзе, насіў у лес зброю.

У партызаны пайшло шмат кайшоўскіх мужчын і хлопцаў. Аднойчы фашысты і іх прыслужнікі паліцаі сагналі ў цэнтр вёскі старых і малых, паставілі кругом кулямёты, загадалі: партызанам не дапамагаць, інкаш — расстрэл. У памяць 5-гадовай Ірыны ўрэзалася старэнькая бабуля з іконай і малады партызан, якога замучылі паліцаі: выкалалі вочы, адрэзалі язык і вушы… Аднойчы вясковы солтыс данёс на сям’ю Сычоў, маўляў, нешта часта бацька ў лес ходзіць. Карнікі ўварваліся ў хату з вобыскам, паставілі бацькоў да сцяны, прыставілі да главы аўтаматы. Зброю шукалі нават у калысцы з малым дзіцем, перавярнулі яе разам з брацікам…

Пасля вайны Кайшоўка пачала адбудоўвацца, быў адроджаны калгас “Першае Мая”, потым “Рассвет”, нарэшце “Заря”. Юльян Сямёнавіч Сыч стаў спачатку старшынёй, потым яго намеснікам, быў старшынёй сельсавета.

— У вёсцы з’явіліся бібліятэка, клуб, атэлье, сталовая, ФАП, — расказвае Ірына Юльянаўна. — Стварылі хор, з выступленнямі ездзілі аж у Гродна. Па-сяброўску спаборнічалі з Запольскім хорам. Вёска тады гула ад людзей. Я 33 гады на адным месцы прадаўцом у Кайшоўцы адпрацавала, муж Георгій Астапавіч — шафёрам. Двое сыноў у нас, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў. Цяпер, вядома, людзей мала, але жывём паціху. Аўталаўка і пошта на колах прыязджаюць. Доктара з Цырына вызываем, як што. На зіму еду да дзяцей, бо сілы не стае і печ распаліць, і снег пачысціць.

Вясковыя гнёзды і гарадскія птушаняты

І хто б што ні казаў, але прыцягвае вёска да сябе, кліча нават карэнных гараджан. Пра гэта расказвае і стараста Кайшоўкі Лілія Мікалаеўна Троска:

— Так, пастаянных жыхароў у нас няшмат, толькі 72 чалавекі. Але летам вёска ажывае. Шмат спадкаемцаў, якія выйшлі на пенсію, прыязджаюць сюды на лецішча ў цёплы час. У нас 15 сем’яў такіх, даглядаюць участкі, кветкі садзяць, унукаў прывозяць, нават спаборнічаюць адзін з адным, у каго прыгажэй на падворку. Кінутых хат няшмат, усяго 4.

Падворак сям’і Троска — узорны. Тут і чысціня-парадак, паўсюдна кветкі. Для дзяцей дык сапраўдны гарадок зладжаны: арэлі, дамок, калодзеж, горка. Ёсць дзе гарадской малечы пабегаць на волі.

Калі глядзіш на дагледжаныя вясковыя падворкі, міжволі ўзнікае думка пра тое, не бывае бесперспектыўных вёсак, бываюць проста абыякавыя да сваіх каранёў людзі. І добра, што апошнім часам гараджане павярнуліся тварам да сваіх апусцелых гнёздаў, вязуць туды сваіх гарадскіх птушанят.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з архіва Карэліцкага раённага краязнаўчага музея