Многодетная семья Пекарских из Кореличей за средства семейного капитала построила дом

ДОМ

Дом пад нумарам 21 па вуліцы Міцкевіча ў райцэнтры знаходзім адразу. Уражвае яго веліч і прыгажосць — ну, як ні кажыце, сапраўдны церам!

— Скарысталі сямейны капітал і пабудавалі дом, — гавораць Вольга і Іван Пякарскія. — Пачалі будаваць у 2019 годзе з нуля: забілі сваі, узвялі каробку, затым устанавілі вокны, пабудавалі дах, абшылі сайдзінгам… Сямейнага капіталу хапіла часткова, частку сваіх грошай уклалі, бо кошт на будаўнічыя матэрыялы пастаянна павялічваўся. 25 жніўня справілі наваселле.

Сапраўды, дом утульны і прыгожы. Чатыры пакоі на другім паверсе, на першым  — гасцёўня, кухня, санітарныя пакоі.

— Спяшаліся, каб дзеці пайшлі ў школу з новага жылля?

— Безумоўна. Хаця ў лістападзе гэтага года заканчваўся тэрмін здачы яго ў эксплуатацыю. На будаўніцтва дома даюцца тры гады з моманту пачатку будаўніцтва, — гавораць гаспадары.

13 гадоў сям’я Пякарскіх жыла ў інтэрнатах гарпасёлка.  Мясціліся  ў адным пакоі, затым — у двух. Цяпер жыццё ў новым доме параўноўваюць з раем: месца хапае ўсім. Побач — градкі. Пачалі будаваць гараж. Дзеці на вуліцы гуляюць. Адным словам, жыві і радуйся.

ДЗЕЦІ

Дзяцей у сям’і трое, і ўсе дзяўчынкі. Дванаццацігадовая Таццяна вучыцца ў сёмым класе сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Любіць вышываць, спяваць, маляваць. Аляксандра — вучаніца шостага класа гэтай жа навучальнай установы. Любіць маляваць, стварае розныя вырабы, захапляецца музыкай. Дарэчы, дзяўчынкі наведваюць дзіцячую школу мастацтваў. Ксеніі — пяць гадкоў, яна выхаванка Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы. Як належыць у яе ўзросце, бавіць час у спевах, танцах, гульнях.

— Дзеці — самае святое, сэнс жыцця, — гаворыць маці. — Мы стараемся іх выхоўваць: за добрыя ўчынкі заахвоціць, за дрэнныя — паўшчуваць. Імкнёмся, каб яны не былі нічым абдзелены, і ўсё ў іх было. Ёсць веласіпеды, самакаты, цацкі. І шмат кніг, якія яны чытаюць.  Захапляюцца і  камп’ютарам. Сябруюць паміж сабой, падтрымліваюць адна адну, а меншую сястрычку абараняюць. У іх ёсць асобныя пакоі: для сну і  тыя, дзе  робяць урокі і гуляюць.

СЯМ’Я

Вольга родам з горада Баранавічы. Закончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча і па размеркаванні прыехала ў Карэлічы. Тут працуе  медсястрой у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

З Іванам пазнаёміліся ў Слоніме. Зараз абраннік жыцця — вадзіцель-экспедытар, ездзіць у далёкія рэйсы.

— На першым часе, калі пачаў працаваць на фуры, было няпроста, — прызнаецца жанчына. — З цягам часу прывыкла, дзяўчынкі падраслі і пачалі дапамагаць па доме. Сям’я павінна трымацца на даверы, узаемаразуменні, павазе, любові. У ёй галоўны — мужчына, галава сям’і, а жанчына — шыя. У новым доме, калі з’явілася газавая пліта  з духоўкай, пачала пячы пірагі, найчасцей яблычныя, таксама — тарты і піражкі. Дом павінен быць абуладкаваным, чыстым, утульным, каб можна было сюды прыходзіць з радасцю. Ведаць, што цябе тут чакаюць, і камусьці патрэбны.

Напрыканцы сустрэчы Вольга Пякарская паведала аб тым, што дачушкі —  будучае, надзея на нязбытныя асабістыя мары. Бацькі мараць, каб дзяўчынкі выраслі здаровымі і шчаслівымі, каб маглі людзьмі звацца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ