Пётр Сачыўка: “Галоўнае — выхаваць чалавека, а веды, калі ёсць жаданне, дабудзе чалавек сам»
7 кастрычніка Пётр Паўлавіч Сачыўка адзначыў 95-годдзе. Чалавек-эпоха, Чалавек-энцыклапедыя, Інтэлігент, Настаўнік з працоўным стажам больш 50 гадоў, Заслужаны настаўнік БССР, дырэктар Цырынскай сярэдняй школы з 1961 па 1983 гг.
Для ўсіх выпускнікоў Цырынскай сярэдняй школы і людзей, якія ведаюць Пятра Паўлавіча, ён — сімвал бязмежнай прагі да ведаў, няўрымлівасці, стойкасці і жыццялюбства.
Пётр Паўлавіч нарадзіўся 7 кастрычніка 1926 г. на Гомельшчыне ў сям’і сялян. У 1941 годзе, якраз напярэдадні вайны, ён закончыў няпоўную сярэднюю школу. Вялікай была прага да ведаў, вырашыў прадоўжыць навучанне ў Жлобінскай сярэдняй школе. А тут вайна… Страшны след пакінула яна ў сям’і Сачыўкаў. Карнікамі была забіта маці, сястра цяжка паранена, брат застаўся інвалідам. У 1944 годзе сям’я была загнана ў Азарыцкі лагер смерці, дзе пазнала неймаверныя пакуты.
Толькі праз тры гады Пётр змог працягваць вучобу. У 1944 годзе ён пайшоў вучыцца ў Жлобінскую сярэднюю школу, якую скончыў у 1947 годзе. У гэтым жа годзе паступіў вучыцца на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага педінстытута, які паспяхова скончыў у 1951 годзе. У гады вучобы прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці інстытута, два гады выбіраўся старшынёй прафкама інстытута.
Сваю працоўную дзейнасць Пётр Паўлавіч пачынаў у Ярэміцкай сярэдняй школе Карэліцкага раёна, куды быў прызначаны настаўнікам матэматыкі і фізікі. Шмат увагі надаваў выхаваўчай рабоце з класам. За сваю творчую дзейнасць у 1957 годзе Пётр Паўлавіч быў узнагароджаны значком «Выдатнік народнай асветы». У той час ён быў самым маладым настаўнікам, узнагароджаным такім значком.
У 1961 годзе Пётр Паўлавіч прызначаны дырэктарам Цырынскай сярэдняй школы. Вучыліся ў дзве змены, у школе было вельмі цесна. І дырэктар, і настаўнікі працавалі ў дзве змены. Але як працавалі! З таго часу школа вядома не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Двойчы выходзіла пераможцам міжрэспубліканскага конкурсу на лепшую пастаноўку выхаваўчай работы, у якой удзельнічалі тры рэспублікі Савецкага Саюза: Беларусь, Літва і Латвія. Дэлегацыя школьнікаў Цырынскай СШ прымала ўдзел у міжрэспубліканскім злёце школ-пераможцаў, дзе ўзначальвала калону школьнікаў нашай рэспублікі. Школа двойчы быў удзельнікам ВДНГ СССР, была ўзнагароджана трактарам з прычапным інвентаром. У школе было створана і працавала адно з першых школьных лясніцтваў БССР. У школе працаваў універсітэт культуры, школа грамадскіх прафесій, кожную суботу ў школе праводзіліся вечары адпачынку, на якія прыходзіла і калгасная моладзь. Працаваў школьны кінатэатр, быў школьны радыёвузел. Аляксандра Васільеўна Алексеевіч, якая працавала у час прызначэння Пятра Паўлавіча дырэктарам старэйшай піянерскай важатай, успамінае: «Малады дырэктар быў энергічны, на той час — сучасны. Вельмі шмат увагі надаваў выхаваўчай рабоце. Ужо у той час Пётр Паўлавіч рабіў стаўку на выхаванне асобы вучня, лічыў, што галоўнае — выхаваць чалавека, а веды, калі ёсць жаданне, дабудзе чалавек сам».
У 1964 годзе прыехала працаваць у Цырынскую школу маладая настаўніца Ала Уладзіміраўна, якая праз два гады стала яго жонкай, паплечнікам, сябрам на ўсё жыццё. І сёння яны ўсюды разам.
Званне заслужанага настаўніка БССР прысвоена Пятру Паўлавічу Сачыўку ў 1967 годзе. За сваю працу ён узнагароджаны шматлікімі граматамі, дзве з якіх — Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. Быў дэлегатам з’езда настаўнікаў БССР, дзе выступаў з дакладам, дэлегатам і членам праўлення педагагічнага Таварыства БССР, Таварыства аматараў кнігі.
Дзяржава дастойна ацаніла працу Пятра Паўлавіча, але самая галоўная ўзнагарода для настаўніка — гэта памяць і ўдзячнасць вучняў. Спытайце ў любога выпускніка Цырынскай сярэдняй школы пра Пятра Паўлавіча, і заўсёды пачуеце ў адказ, што гэта добразычлівы чалавек, тонкі псіхолаг, які ніколі не павышаў голас на вучняў, гаварыў спакойна, вытрымана. Мог даць адказ на любое пытанне.
Колькім выпускнікам даў пуцёўку ў жыццё педагагічны калектыў, на чале якога стаяў Пётр Паўлавіч! Толькі нас, настаўнікаў-выпускнікоў Цырынскай сярэдняй школы, з 20 працуе у сваёй школе 13! Таісія Дзмітрыеўна Грыбок, выпускніца школы, якая пачынала настаўніцкую працу ў сваёй жа школе, дзялілася, што Пётр Паўлавіч вельмі дапамагаў і падтрымліваў маладых настаўнікаў. А пра яго стыль узаемаадносін з вучнямі можна адзначыць адным словам: «Другі Сухамлінскі». Слаўныя традыцыі, закладзеныя педагагічным калектывам пры Сачыўку П. П., годна прадаўжаліся і далей, калі дырэктарам школы стаў яго вучань Карзан Іван Генадзьевіч.
Цікавы чалавек. Лічыў турызм адным з відаў пашырэння свайго кругагляду, таму кожны год падчас летняга адпачынку адпраўляўся ў працяглыя падарожжы па краіне. Затым пачаў ездзіць за мяжу. Наведаў Англію, Чэхаславакію, Балгарыю, Італію, Румынію і многія іншыя краіны. Двойчы наведваў Афрыку. Бываў у В’етнаме, Індыі, Кувейце. Здзейсніў шэраг марскіх падарожжаў.
Пётр Паўлавіч мае сваю багатую бібліятэку ў некалькі тысяч кніг, сярод якіх нямала рэдкіх. Займаўся філатэліяй, нумізматыкай. Ён не шкадаваў ні сродкаў, ні працы для пашырэння свайго кругагляду. Друкаваўся ў «Учительской газете», «Настаўніцкай газеце», ва ўсіх перыядычных выданнях БССР.
І гэта ўсё наш дарагі Настаўнік, Пётр Паўлавіч Сачыўка! Ён часта бываў у школе, пяць гадоў таму ў школе мы адзначалі яго 90-годдзе.
95-гадовы юбілей — самавітая дата! Здаецца, што сёння мы размаўляем з эпохай. Ад усіх Вашых вучняў, калектыву школы віншуем Вас і шчыра схіляемся перад Вашай мудрасцю. Самае галоўнае — захаваць здароўе. Няхай з кожным годам мацнее Ваша любоў да жыцця, няхай Ваш далейшы жыццёвы шлях будзе лёгкім, а ўсе цяжкасці застануцца ў мінулым, у гісторыі, якую Вы змаглі годна пражыць.
Наталія АДАМУШКА,
дырэктар Цырынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, выпускніца 1987 года выпуска
Фота Іны ЛЕЙКІ