Во время профилактической отработки деревни Березовец, где недавно на пожаре погиб человек, выяснилось, что сельчане по-прежнему курят в постели

Праведзена прафілактычная адпрацоўка вёскі Беразавец Турэцкага сельсавета. На сустрэчу з яго жыхарамі прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады і работнікі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Алкаголь — гэта зло

Выратавальнікі раёна завіталі ў Беразавец невыпадкова: зусім нядаўна, 9 кастрычніка, у пажары загінуў жыхар вёскі. Прадстаўнікі службаў раёна сталі тут частымі гасцямі. Яны імкнуцца растлумачыць жыхарам аб вядзенні здаровага ладу  жыцця і заклікаюць не сябраваць з чаркай.

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік паведаміў аб тым, што ўсе гібелі ў раёне адбыліся па прычыне курэння ў ложку. Як гаворыцца, па адной формуле: «Выпіў, закурыў, заснуў — згарэў». Нагадаўшы тэлефон службы выратавання  «101», Дзяніс  Аляксандравіч прасіў тэрмінова тэлефанаваць і паведамляць аб пажары. На яго думку, бяду можна папярэдзіць, калі паведамляць аб тых, хто сабраўся злоўжываць алкаголем.

Па словах старшыні Турэцкага сельвыканкама Сяргея Барычэўскага, на тэрыторыі сельсавета 62 грамадзяніна злоўжываюць алкагольнымі напоямі, 9 — з Беразаўца. І як вынік — пажары. «Чаму не прымусіць іх працаваць?» — пыталіся вяскоўцы. Прадстаўнік мясцовай улады патлумачыў: з беспрацоўнымі праводзяцца гутаркі па пытанні працаўладкавання. Некаторыя прыходзяць на работу, але затрымліваюцца нядоўга. Трывожыць лічба: у сельсавеце 23 чалавекі працаздольнага ўзросту не маюць пастаяннага занятку. Хаця, як вядома, праца — аснова асноў, яна складае сэнс жыцця, і гэта сродкі для існавання.

Хлеб і да хлеба

Сустрэча ў Беразаўцы ў гэты раз была прымеркавана да часу прыезду аўтамагазіна. Але ён не прыйшоў. Гутарым з вяскоўцамі, якія ахвотна ідуць на зносіны. Што датычыць графіка работы аўтамагазіна, то ў вёску ён павінен прыязджаць у аўторак і чацвер. Да таго ж, яшчэ  праз тыдзень, у суботу.

Графік, калі яго прытрымлівацца, задавальняў бы бярозаўцаў, але і абслугоўванне пакідае жадаць лепшага. Пакупнікам даводзіцца перапытваць у прадаўца цэны на прадукты, яны не выстаўлены на вітрыне і не ўказаны на іх кошт. Гэта турбуе вяскоўцаў — яны хацелі б бачыць тое, што купляюць і за што плацяць грошы.

Пакупнікі патрабуюць паважлівых да сябе адносін. І гэта зразумела:  усё свядомае жыццё яны шчыравалі на сваіх рабочых месцах. Многія з  іх вырошчвалі хлеб і іншыя прадукты харчавання. Сёння ж хочуць бачыць іх у сябе на стале. Хочацца, каб і работнікі спажывецкай кааперацыі з большай адказнасцю адносіліся да даручанай справы. Магчыма, тады будуць гучаць не заўвагі, а словы ўдзячнасці ў іх адрас.

З візітам — да вяскоўцаў

Журналіст «Полымя» і супрацоўнікі Карэліцкага РАНС правялі рэйд-праверку домаўладанняў грамадзян, схільных да ўжывання спіртных напояў. У адным з іх пражываюць двое братоў, якім  па 51 і 48 гадоў. Малодшы з іх працуе ў мясцовай гаспадарцы слесарам, другі асноўнага занятку не мае.

У хаце — чыста і ўтульна. Пажарныя правяраюць пячное ацяпленне, яно — у спраўным стане. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік таксама, і вогнеборцы раяць толькі своечасова мяняць батарэйку.

— Галоўнае, каб не курылі ў хаце, — гавораць супрацоўнікі РАНС. — Калі маеце гэтую звычку, то выходзьце на вуліцу. Трэба быць пільнымі і прадбачлівымі.

Праз дарогу — згарэлы дом, дзе загінуў чалавек. Нашы субяседнікі прызнаюцца, што па суседстве падтрымлівалі з былым гаспадаром зносіны. «Не працаваў, балелі ногі, — кажуць яны. — І вось бяда здарылася…»

— Пажар — гэта страшна? — цікавімся ў аднавяскоўцаў.

— Вядома, — коратка адказваюць яны і скіроўваюць позірк на згарэлы «помнік». Горка, балюча, прыкра — не перадаць.

У дзень наведвання ў Беразаўцы супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях былі складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы за курэнне ў месцах для сну.

Мілы сэрцу куточак

Стараста вёскі Беразавец Міхаіл Сянюта паведаў аб жыцці ў вёсцы. Жывуць тут у асноўным пенсіянеры. Ёсць сярод іх і мясцовыя, якія пражылі ўсё свядомае жыццё, і тыя, хто вярнуўся на Бацькаўшчыну на заслужаным адпачынку. У іх ліку і сам Міхаіл Міхайлавіч: пасля 30-гадовага жыцця і працы ў Карэлічах прыехаў на маленькую радзіму і вось ужо дзесяць гадоў як жыве тут. У яго таксама баліць душа за мілы сэрцу куточак. Хочацца, каб і надалей яго насельнікі радаваліся новаму дню, шчыра працавалі, адпачывалі ў вольны час, сустракалі дзяцей і ўнукаў.

Сапраўды, вёска Беразавец размешчана ў маляўнічым месцы.  Ад цэнтральнай шашы сюды рукой падаць, усяго некалькі кіламетраў. Побач з населеным пунктам працякае рэчка Сэрвач. Ды і ў самой вёсцы сустрэнеш дагледжаныя дамы і падворкі.

Хочацца, каб кепскія весткі не стукаліся ў дзверы аднавяскоўцаў. І ў першую чаргу, трэба  паклапаціцца аб гэтым самім людзям. Усім разам, як гаворыцца, талакой стаць на абарону роднага куточка і кожнага  яго жыхара. Вёска павінна жыць.

Дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Сяргей САЎКО патлумачыў:

Аўтамагазін не захоўваў графік па прычыне хваробы прадаўца. У цяперашні час ён знаходзіцца на рабочым месцы і абслугоўвае вёску Беразавец і па зацверджаным графіку (аўторак, чацвер, субота). У выпадку адхілення ад графіка камерцыйная служба філіяла папярэджвае старасту вёскі. У аўтамагазіне рэалізуемы тавар прамаркіраваны і забяспечана наяўнасць цэннікаў на ўвесь асартымент тавара. Што датычыцца гэтага выпадку, з прадаўцом аўтамагазіна праведзена гутарка па пытаннях захавання гандлёвага і санітарнага заканадаўства.

 

Галіна СМАЛЯНКА