Бригадир производственной бригады в растениеводстве КСУП «Луки-Агро» Иван Кулинич награжден Благодарностью министра сельского хозяйства и продовольствия Республики Беларусь

«Мае карані тут, таму не здрадзіў роднай зямлі…»
Шмат адданых Бацькаўшчыне і зямлі людзей працуюць на Карэліччыне. Яны моцна любяць свой край, навакольныя краявіды, родныя абшары, а яшчэ больш — любяць шчыраваць на зямлі. Яна радуе вясной сваімі ўсходамі, а восенню добрымі ўраджаямі, дае занятак працавітым рукам і прыносіць дабрабыт у дамы руплівых вяскоўцаў.
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — журналіст раённай «Полымя» гутарыць з брыгадзірам вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП «Лукі-Агра» Іванам Мікалаевічам Кулінічам, які атрымаў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

— Іван Мікалаевіч, чаму свой выбар спынілі на сельскай гаспадарцы? Вы вясковы? Сям’я была хлебаробскай?
— Так, я вясковы, з Дорагава Цырынскага сельсавета. Бацька таксама працаваў у сельскай гаспадарцы, спачатку ў калгасе «Зара», затым — у «Ленінскім шляху», быў брыгадзірам і механікам па сельскагаспадарчай тэхніцы. Мама ўвесь час была занята ў паляводстве.
Пасля заканчэння Варанчанскай сярэдняй школы паступіў у Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці «ветэрынарыя». Спачатку працаваў у Мінскай вобласці, а ў 1985 годзе вярнуўся ў калгас «Ленінскі шлях», прызначылі на пасаду ветфельчара. З 2004 года быў назначаны начальнікам вытворчага ўчастка № 2 калгаса «Ленінскі шлях». Дарэчы, я маю трох братоў, якія таксама прысвяцілі сваё жыццё сельскай гаспадарцы.
— За плячыма — багатае працоўнае жыццё. А памятаеце свае першыя дні працы на зямлі?
— Бацькі рабілі на зямлі, і мы, дзеці, дапамагалі, так і прывязаліся да яе. Касілі сена, капалі бульбу, убіралі дзялкі буракоў, ірвалі лён, выконвалі іншыя работы. Акрамя таго, бацькі трымалі асабістую гаспадарку, і мы былі першымі памочнікамі. Атрымліваецца, мае карані тут, таму не здрадзіў зямлі.
— За гады працы ў сельскай гаспадарцы чаго было больш — працоўных перамог ці расчараванняў?
— Пра цяжкасці не хочацца гаварыць і ўспамінаць. Гэта быў найлепшы час, калі ў вёсках бурліла жыццё, вяскоўцы працавалі шмат, сябравалі паміж сабою, дружна жылі па суседстве. Як брыгадзіру мне было лёгка вырашаць з імі сельскагаспадарчыя пытанні, яны не адмаўлялі ў ніводнай просьбе, работы выконваліся ў тэрмін і якасна.
— Зямля любіць паклон. Трэба з ранку да вечара шчыраваць на ёй, каб дабіцца добрых вынікаў. Чым асабіста кіраваліся ў паўсядзённай працы?
— Хацелася, каб зямля была дагледжанай, каб давала добрыя ўсходы і багатыя ўраджаі, таму імкнуліся захоўваць усе тэхналагічныя працэсы. У адказныя вясновыя дні працавалі з сямі гадзін раніцы да дзевяці вечара, у гарачую пару не думалі пра выхадныя дні. Адным словам, стараліся ад усёй душы рабіць сваю хлебаробскую справу.
— Хто тыя, на каго можна пакласціся ў працоўных буднях? А, магчыма, камусьці хочацца выказаць і словы ўдзячнасці?
— Напачатку працоўнага шляху ў раслінаводстве мне добра дапамог у той час галоўны аграном Руслан Мікалаевіч Сачко. Хачу адзначыць і механізатараў Уладзіміра Іванавіча Пігаля, Мікалая Мікалаевіча Каралько, Пятра Віктаравіча Фалейчыка, Мікалая Сяргеевіча Патрашэўскага, Мікалая Мікалаевіча Шаламана. Яны — сумленныя, адказныя, добрыя працаўнікі.
— Вы ў адказе за бязмерныя абшары зямлі. Якая плошча вытворчага ўчастка, на якім вырошчваеце культуры? І якую атрымалі ўраджайнасць сёлета?
— Вытворчы ўчастак — 1500 гектараў. Сеем азімыя, пшаніцу, азімы трыцікале, яравы ячмень, кукурузу, цукровыя буракі. Зараз выкарыстоўваюцца лепшыя гатункі азімай пшаніцы і трыцікале. Пшаніцы сабралі 51 цэнтнер з гектара, азімага трыцікале — 50, ячменю — 47. За гэтымі лічбамі — штодзённая карпатлівая праца хлебаробаў.
— Якія работы вядуцца на палях цяпер?
— Даворваем апошнія гектары зябліва. Засталося здаць на буракапрыёмныя пункты цукровыя буракі. Адным словам, сельскагаспадарчыя работы ідуць да завяршэння.
— Зараз працуеце ў аб’яднанай гаспадарцы «Лукі-Агра». Гэтыя змены нейкім чынам адбіліся на працы брыгадзіра?
— Нічога не змянілася, як працаваў, так і працую. Я застаўся на той жа зямлі і выконваю тыя ж абавязкі. Галоўнае — добрасумленна выконвай тое, што даручана, і старайся ладзіць з людзьмі, з якімі знаходзішся ў адной звязцы і робіш адну агульную справу шчыра, адказна, па-сялянску.
— Мы прызвычаіліся паўтараць, што будучыня — за маладымі. А сельская гаспадарка, па Вашым меркаванні, за кім?
— У сельскай гаспадарцы засталіся хлопцы, ёсць маладыя сем’і, але няшмат. Хацелася, каб іх было больш, каб сельгаскааператывы развіваліся. Каб вёскі не пуставалі, у іх быў чутны дзіцячы смех, у дамах свяціліся вокны. Каб зямля была дагледжанай, і вяскоўцы вырошчвалі агародніну і садавіну, упрыгожвалі свае падворкі клумбамі з кветкамі. Вёскі павінны жыць.

— Іван Мікалаевіч, азіраючыся на пройдзены працоўны шлях, ці ёсць шкадаванне аб тым, што прысвяцілі жыццё сельскай гаспадарцы?
— Зусім не. Жыццё ідзе сваёй чарадой. Шмат часу знаходжуся сярод родных абшараў, наталяюся свежым паветрам, атрымліваю асалоду ад паху свежай раллі, любуюся краявідамі наваколля. Жыць і працаваць у суладдзі з прыродай — вялікае шчасце. Наўрад ці штосьці падобнае сустрэнеш і адчуеш у вялікім горадзе, дзе людзі пастаянна кудысьці спяшаюцца, і ты нікога не ведаеш. На бацькоўскай зямлі ўсё сваё і роднае, тут дыхаецца лягчэй і сонца свеціць ярчэй, а блакітнае неба сагравае душу — і гэта стымул жыць і працаваць, радавацца новаму дню.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ