Научно-практическая конференция собрала в Кореличах педагогов района
У Карэлічах адбылася раённая навукова-практычная канферэнцыя педагогаў «Асоба. Адукацыя. Грамадства».
Загадчык дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Наталля Ардюк расказала:
— У цяперашні час у нашай краіне адукацыя становіцца здабыткам асобы, успрымаецца як сродак самарэалізацыі ў жыцці і пабудовы асабістай кар’еры. Характэрнай рысай апошніх гадоў з’яўляецца імкненне дарослага насельніцтва ўзмацніць сваю адпаведнасць патрабаванням рынку ў плане паглыблення прафесійнай кваліфікацыі, кампетэнтнасці і агульнай культуры. Узрастаючая значнасць адукацыі педагогаў — агульнапрызнаны факт.
Адной з форм павышэння кваліфікацыі педагогаў на ўзроўні раёна з’яўляецца навукова-практычная канферэнцыя «Асоба. Адукацыя. Грамадства», чарговыя пасяджэнні секцый якой адбыліся 5 лістапада на базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Упраўленнем адукацыі і раённым метадычным кабінетам назапашаны значны вопыт правядзення гэтага мерапрыемства, якое традыцыйна праведзена ў адзінаццаты раз.
Канферэнцыя прыцягнула жадаючых падзяліцца вопытам працы. Свае даследаванні прадставілі 24 педагогі з 16 устаноў адукацыі. Была сфарміравана работа па 5 секцыях, дзе разгарнуўся абмен думкамі па актуальных пытаннях педагогікі. Найбольш актыўнымі аказаліся настаўнікі-прадметнікі — гэта 10 прац у дзвюх секцыях. 6 абаронена ў секцыі пачатковай адукацыі, 5 — у секцыі дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, 3 — у секцыі «Фарміраванне выхаваўчай прасторы ўстановы адукацыі».
Закрануты шырокі спектр пытанняў. Асаблівая ўвага нададзена гульнявым тэхналогіям выхавальнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, настаўнікамі-дэфектолагамі. Настаўнікі пачатковых класаў акцэнтавалі сваю ўвагу на метадах і прыёмах павышэння пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў, а таксама ва ўмовах цыфравізацыі адукацыі — на фарміраванні каліграфічных навыкаў навучэнцаў разнастайнымі прыёмамі. Настаўнікамі-прадметнікамі вывучаны тэхналогіі, інтэрактыўныя метады і сродкі матывацыі да вучэбнай дзейнасці. Асноўнымі напрамкамі даследавання праблем выхавання сталі формы і метады работы педагога сацыяльнага з класнымі кіраўнікамі. Прыемна, што ўпершыню прэзентаваны вопыт начальніка дзіцячага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем «Малышок» Суднік Іны Мікалаеўны, якая ўсебакова прааналізавала дзейнасць калектыву і выхаванцаў лагера па рэалізацыі творча-гульнявога праекта «Сцяжынкамі роднай Беларусі». Лепшыя матэрыялы адзначаны Дыпломамі ўпраўлення адукацыі, уключаны ў банк дадзеных перадавога педагагічнага вопыту. Сярод самых актыўных — сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы і Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, якімі накіравана па тры ўдзельнікі. Варта адзначыць, што ўсе заяўленыя работы педагогаў сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы адзначаны прызавымі месцамі.
Па выніках праведзеных канферэнцый штогод збіраюцца матэрыялы ўдзельнікаў-пераможцаў, якія знаходзяцца ў вольным доступе.
Ірына Асташэвіч, начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта:
— Правядзенне раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў «Асоба. Адукацыя. Грамадства » стала добрай традыцыяй раёна. За 10 гадоў арганізацыі канферэнцыі змянялася тэматыка, склад удзельнікаў, рознымі па колькасці і па якасці былі прадстаўлены ў ходзе пасяджэнняў секцый даклады.
Традыцыйна навукова-практычная канферэнцыя педагогаў праходзіла ў форме пленарнага і секцыйных пасяджэнняў. У перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў мінулым годзе практыкавалася правядзенне дадзенага мерапрыемства ў дыстанцыйным фармаце, дзе конкурсныя матэрыялы былі даступныя кіраўнікам секцый і членам журы. Гэта не ў поўнай меры дазволіла абмяняцца вопытам у інфармацыйна-камунікатыўным асяроддзі. У бягучым навучальным годзе пры выкананні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў сустрэчы ў секцыях прайшлі вочна, практыкавалася абарона кожнай працы ў індывідуальным парадку. Гэта дазволіла ўключыць педагогаў у актыўную творчую дзейнасць, выбудаваць і апісаць змест свайго даследавання.
З вопыту работы ведаю, што правядзенню канферэнцыі папярэднічае карпатлівая праца ў выбары тэмы свайго даследавання, вызначэння актуальнасці і значнасці. Удзельнікі не толькі глыбока вывучаюць заяўленую тэму, але і вызначаюць асноўныя тэзісы, вызначаюць найбольш эфектыўныя спосабы падачы свайго матэрыялу.
Па выніках канферэнцыі, якая адбылася, хацелася б адзначыць навізну вопыту педагога сацыяльнага і дырэктара дзіцячага аздараўленчага лагера. У секцыі дашкольнай і спецыяльнай адукацыі работы мелі практычную накіраванасць, прэзентавана шмат напрацовак, выкананых сваімі рукамі.
Лічу, што падобныя мерапрыемствы ствараюць пляцоўкі для абмену вопытам, даюць магчымасць педагогам павысіць свой адукацыйны ўзровень, а таксама ў перспектыве прэзентаваць свой вопыт на выставах навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, e-mail канферэнцыях, семінарах рознага ўзроўню.
Чым была карысная для Вас канферэнцыя?
Марына Бухавец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад-базавая школа імя У. А. Калесніка»:
— Я абагульніла вопыт работы па арганізацыі пазакласнай працы, папоўніла свае веды па гэтай тэме. Атрымала задавальненне ад правядзення канферэнцыі, дзе пачула выступленні сваіх калег. Зносіны з педагогамі школ раёна даюць свае вынікі: адкрываеш шмат цікавага ў іншых і можаш прымяніць у сваёй працы.
Тэма майго выступлення: «Арганізацыя пазакласнай работы як сродак павышэння матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры». Я заўсёды размаўляю на беларускай мове і лічу, што мы, беларусы, павінны з годнасцю адносіцца да яе, захаваць і перадаць нашчадкам.
Галіна Алексіевіч, настаўнік матэматыкі ДУА «Цырынскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»:
— Канферэнцыя садзейнічае самаразвіццю і самаадукацыі настаўніка. Кожны ўдзельнік прапаноўваў свой педагагічны вопыт па розных тэмах. Мая тэма: «Развіццё пазнавальнай цікавасці вучняў 5-9 класаў праз стварэнне вучэбных праблемных сітуацый на ўроках матэматыкі». Лічу, што стварэнне вучэбных праблемных сітуацый на ўроку з’яўляецца адным з эфектыўных метадаў развіцця пазнавальнай цікавасці вучняў, якая выклікае пачуццё здзіўлення, навізны, незвычайнасці, развівае кемлівасць, ініцыятыву, запальвае агеньчык дапытлівасці. Сітуацыя складанасці ў рашэнні задач прыводзіць да разумення вучнямі недахопу тых ведаў, якія ў іх ёсць, што ў сваю чаргу выклікае цікавасць да пазнання і ўстаноўку на авалодванне новымі ведамі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ