Краеведы клуба «Спадчына» из Красненской СШ берегут традиции и обычаи предков
Родная зямля, мілы сэрцу куточак! Самыя цёплыя ўспаміны звязаны з табой, малая радзіма! Пяшчотныя рукі матулі, родная хата, знаёмыя мясціны, людзі, якіх ведаеш ужо шмат гадоў… Гэта тое святое, што даецца чалавеку яшчэ ў дзяцінстве. Гэта тое самае неба, якое кожны чалавек носіць з сабою ўсё жыццё. Як дрэва не можа без каранёў, так і чалавек не можа быць без роднай мясціны. Таму праца на карысць радзіме, абарона яе інтарэсаў, беражлівыя адносіны да нашай спадчыны і прымнажэнне яе багацця — наш святы абавязак як сыноў, адданых сваёй зямлі. Гэта простая ісціна. Галоўная задача для дарослых перадаць гэтую ісціну нам, дзецям.
Рэалізаваць нашы творчыя задумы дапамагае дзіцячы клуб «Спадчына», які быў створаны ва ўстанове адукацыі ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта. Гэты клуб працуе на базе школьнага народнага музея і аб’ядноўвае дзяцей, якія цікавяцца мінулым роднага краю, яго гісторыяй і спадчынай.
Пры рабоце ў дзіцячым клубе “Спадчына” мы выкарыстоўваем інсцэніроўкі, пазнавальныя гульні, праводзім экскурсіі і музейныя ўрокі як для вучняў, так і для гасцей нашай установы адукацыі. Неад’емнай часткай работы клуба з’яўляецца падрыхтоўка каляндарна-абрадавых інсцэніровак.
На працягу года членамі клуба арганізоўваюцца фальклорныя пастаноўкі «Каляды», «Вячоркі», прадстаўленне традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра «Батлейка», тэатралізаваныя паказы «Гуканне вясны», «Масленічныя гулянні», «Дары восені».
Традыцыйным стала правядзенне восенню на базе школьнага музея фестывалю народнай кухні «Беларускі кірмаш», дзе галоўнае — не толькі прыгатаваць стравы мясцовай беларускай кухні, але і знайсці аўтэнтычныя, а таксама творча прадставіць іх гісторыю, рэцэпт і працэс падрыхтоўкі.
Адным з запамінальных мерапрыемстваў, арганізаваных удзельнікамі клуба «Спадчына», стала правядзенне Тыдня нацыянальнай культуры. Праграма тыдня была складзена сумесна з супрацоўнікамі Красненскага сельскага Дома культуры.
Узельнікамі клуба «Спадчына» неаднаразова прадстаўляўся гледачам фрагмент п’есы «Паўлінка» Янкі Купалы.
На базе клуба «Спадчына» распрацаваны і рэалізуецца турыстычны маршрут экскурсій па малавывучаных месцах Карэліцкага раёна. Праект ужо стартаваў: па распрацаваных маршрутах ужо былі праведзены серыі экскурсій для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна.
Такім чынам, работа ў музеі дае ўнікальную магчымасць нам, падрастаючаму пакаленню, вывучаць родны край не толькі шляхам назірання, але і праз актыўны ўдзел у гісторыка-краязнаўчай рабоце.
Мы лічым, што наш рух у дадзеным накірунку дасць станоўчыя вынікі: будзе садзейнічаць развіццю турызму ў раёне, створыць інфармацыйны рэсурс для экскурсій, зробіць даступным для шырокага кола людзей краязнаўчы, гісторыка-культурны матэрыял, назапашаны краязнаўцамі, настаўнікамі, вучнямі і проста людзьмі, захопленымі гісторыяй свайго краю.
Надзея РАЖКО,
вучаніца 7 класа ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Фота Іны ЛЕЙКІ