На Карэліччыне стартавала дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

14 снежня. 12 гадзін. У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры шматлюдна. Вялікую залу запоўнілі дзяўчынкі і хлопчыкі — вучні малодшых класаў школ райцэнтра. Вочы дзетвары свецяцца радасцю, і раздаюцца шчаслівыя галасы. І гэта невыпадкова: наперадзе іх чакае шмат сюрпрызаў.
У гэты дзень па ўсёй краіне стартуе дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Для
яе адкрыцця на Карэліччыне слова прадастаўляецца начальніку ўпраўлення адукацыі райвыканкама Ірыне Асташэвіч. «Чужых дзяцей не бывае», — пераканана Ірына Валер’еўна, таму лічыць, што ў гэтыя дні мэтазгодна праявіць клопат пра дзяцей усім арганізацыям раёна, спонсарам, неабыякавым людзям. Чакаецца правядзенне шматлікіх цікавых і захапляючых мерапрыемстваў для дзяўчынак і хлопчыкаў, дзе яны змогуць добра павесяліцца.
Напярэдадні навагодніх свят вучні першых-чацвёртых класаў атрымаюць салодкія падарункі за кошт бюджэтных сродкаў падчас правядзення навагодніх ранішнікаў. Не будуць абдзелены ўвагай і салодкімі прызамі дзеці з прыёмных і апякунскіх сем’яў. Выдатнікаў вучобы запросяць напярэдадні Новага года ў Мірскі замак, дзе яны сустрэнуцца з кіраўніцтвам раёна.
Ірына Асташэвіч назвала Новы год хвалюючым і чакаемым святам, параіла пісаць запіскі Дзеду Марозу пра свае запаветныя жаданні, якія павінны абавязкова збыцца. А яшчэ Новы год — час цудаў, таму Ірына Валер’еўна параіла іх чакаць і дала старт пачатку дабрачыннай акцыі.
Нагадаўшы пра тое, што акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у 26 раз, выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка пажадаў дзяўчынкам і хлопчыкам быць шчаслівымі і верыць у цуды, а каб іх мары збыліся, павінны пастарацца дарослыя, і асабліва ў гэтыя пераднавагоднія дні падчас правядзення акцыі.
Намеснік старшыні РА ГА «Белая Русь», галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя газеты «Полымя» Іна Лейка адзначыла, што на рахунку дадзенай грамадскай арганізацыі шмат добрых спраў, пажадала дзяўчынкам і хлопчыкам быць здаровымі, добра вучыцца, знаходзіць занятак па душы. Іна Іосіфаўна ўручыла дырэктару Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларысе Карась падарачны сертыфікат з пажаданнямі, каб дзеці майстравалі прыгожыя рэчы.
На свята завіталі казачныя героі, якія ўзнялі настрой у дзяўчынак і хлопчыкаў, і тыя змаглі добра павесяліцца.

Аляксандра ГАЛУШКА,
вучаніца 2 «А» класа СШ № 1 г.п. Карэлічы:
— Я люблю весяліцца, танцаваць, майстраваць. На свяце буду глядзець прадстаўленне казачных герояў. Вельмі люблю Новы год, гэта вясёлае свята, шмат падарункаў, ставяць прыгажуню-ёлку. Запрашаюць на розныя святы, і гэта нас вельмі радуе.

Мацвей ГОРБІК,
вучань 2 «А» класа СШ № 1 г.п. Карэлічы:
— Я чакаю ад свята весялосці, радасці, казачных герояў. І самае галоўнае Дзеда Мароза і Снягурачкі. Каб Новы год прынёс падарункі і шмат цукерак. Маёй сям’і і настаўніцы жадаю моцнага здароўя, а мы, дзеці, будзем старацца расці паслухмянымі і добра вучыцца.

Валерыя КУДЗІНА,
вучаніца 1 класа СШ № 1 г.п. Карэлічы:
— Я чакаю ад свята цуда і эмоцый. Вельмі чакаю Дзеда Мароза. Прыйшла на свята з аднакласнікамі і матуляй Ліліяй Аляксандраўнай. Хачу, каб у Новы год споўніліся ўсе жаданні ў дзяцей і дарослых.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ