Народ гаворыць. Што думаюць кіроўцы пра асвятленне кальцавой дарогі ў Карэлічах?

Працягваючы рубрыку «Народ гаворыць», ставім сваёй мэтай звярнуць увагу карэліччан на асноўныя аспекты жыцця і хвалюючыя пытанні быцця. Адкрыта і шчыра  пісаць пра яго «плюсы» і «мінусы», разам з чытачамі  радавацца поспехам і вырашаць праблемы.

 

Міхаіл ГІРЗА, вадзіцель КСУП «Племзавод Карэлічы»:

— Я працую вадзіцелем і мне часта даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі. Бываю ў Лідзе, Наваельні, Гарадзеі, Салігорску, Мінску. Пры накіраванні ў рэйсы ці вяртанні дамоў еду па кальцавой дарозе. Кожны раз лаўлю сябе на думцы: радзіма сустракае мяне дружалюбна. На кальцавой дарозе ўстаноўлены ліхтары, і яна добра асвятляецца. А гэта немалаважна для вадзіцеля: менавіта тут трэба быць асабліва ўважлівым. Для нас створаны ўмовы, і гэта, безумоўна, радуе.

Уладзімір МАКОВІК, вадзіцель ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»:

— Едзеш у рэйсы у 6-7 гадзін раніцы альбо вяртаешся  вечарам, гадзін у 7-8, і на душы прыемна, што агеньчыкі ліхтароў прабіваюцца праз ранішнюю і вячэрнюю цемень, і на душы становіцца святлей.

Мікалай ТАЎЛУЙ, вадзіцель Карэліцкага раёна электрычных сетак:

— Вадзіцельскі стаж у мяне багаты — дваццаць гадоў. Пастаянна ў дарозе, і важна, каб яна была бяспечнай. Вось і пра кальцавую дарогу скажу: па ёй езджу шмат гадоў, і добра, што яна асвятляецца. Устанавілі ліхтары — добрую справу зрабілі. На гэтым участку, як ні кажыце, трэба быць асабліва пільным і ўважлівым, а пры добрым асвятленні памылак немагчыма дапусціць. А што яшчэ можна дадаткова зрабіць? Разметка на дарозе ёсць, вось і круці руль як належыць.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота Таццяны РУСАК, Іны ЛЕЙКІ, Наталлі САКАЛЯНСКАЙ