Першы сакратар Карэліцкай РА КПБ Марыя Беленава ўзнагароджана Ганаровай граматай Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі

Ганаровай граматай Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ўзнагароджана першы сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі КПБ Марыя Уладзіміраўна Беленава. Гэтай узнагароды яна ўдастоена за вернасць камуністычным ідэалам, актыўны ўдзел у партыйным будаўніцтве, грамадска-палітычнай, масавай і патрыятычнай рабоце, абароне гістарычнай праўды аб дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі.

Марыя Уладзіміраўна мае 46 гадоў партыйнага стажу. Узначальвае раённую арганізацыю камуністаў са жніўня 2012 года. Зараз у яе радах налічваецца 30 членаў.

Партыйны лідар актыўна ўдзельнічае ў раённых акцыях і мітынгах з нагоды значных падзей. Як гісторык яна шчыра дзеліцца сваімі ведамі з карэліччанамі. На семінарах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, якія праводзяцца на Карэліччыне, выступае ў ролі экскурсавода. Знаёміць гасцей з багатай гісторыяй роднага краю, гістарычнымі і  архітэктурнымі помнікамі,  знакамітымі людзьмі. Яе аповеды выклікаюць цікавасць у слухачоў.

«Патрыятызм — гэта любоў да Радзімы, — гаворыць Марыя Уладзіміраўна. — Патрэбна не толькі працаваць, але і служыць Радзіме, любіць сваю справу, адказна да яе адносіцца. Быць неабыякавым да тых падзей, якія адбываюцца ў краіне».

Галіна СМАЛЯНКА