С начала года в Кореличском районе проверено 72 объекта сельского хозяйства и строительства. Выявлено 690 нарушений
У Карэліцкім раёне з пачатку года спецыялісты па ахове працы праверылі 72 аб’екты сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Як думаеце, колькі выяўлена парушэнняў? Лічба непрыемна здзіўляе: знойдзена 690 як нязначных, так і сур’ёзных парушэнняў.
На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева прааналізавалі, як выконваецца на месцах Дырэктыва № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».
На вышыні без страхоўкі
Пры праверцы будаўнічых аб’ектаў інспектары аховы працы зафіксавалі, што будаўнікі працавалі на вышыні без ахоўных касак, страховачных паясоў, спецыяльнага адзення і абутку. Зусім абуральныя выпадкі, калі працоўныя месцы на вышыні не агароджваліся, а пад’ёмныя платформы перад пачаткам работ не аглядаліся. Звычайная справа — наяўнасць на аб’ектах адкрытых калодзежаў і выкарыстанне драўляных лесвіц. На асобных аб’ектах пад’ёмныя краны бясстрашна працавалі паблізу высакавольтных ліній электраперадач. У сферы сельскай гаспадаркі парушэннем правілаў аховы працы грашаць не менш. Напрыклад, рух тэхнікі з няспраўнымі светлавымі прыборамі, выкарыстанне самаробных дэталяў у абсталяванні, праца на станках без ахоўных накрывак у дадатак з аголенымі токаводнымі часткамі. Пра што думае рабочы, калі спускаецца ў трохметровы катлаван, сцены якога не ўмацаваныя? І калі прыняць да ўвагі, што на паляпшэнне ўмоў і ахову працы штогод у раёне затрачваецца ад двух да трох тысяч рублёў, то выснова напрошваецца сам сабой: справа не ў тым, што касак няма, а ў тым, што многія спадзяюцца на авось. «Авось пранясе» перашкаджае разумна ацэньваць рызыкі. Тады выйсце адно — штрафаваць. І штрафуюць. Так, у бягучым годзе 27 чалавек пакараныя рублём.
Санстанцыя напагатове
Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі кантралюе 358 аб’ектаў, з іх 29 сельскагаспадарчых і прамысловых, 107 гандлю, 39 устаноў для дзяцей і падлеткаў, 38 малочнатаварных ферм і 135 аб’ектаў камунальнай гігіены. Часцей за ўсё сярод парушэнняў сустракаюцца несвоечасовы рамонт і ўборка памяшканняў, адсутнасць прыстасаванняў для захавання правіл асабістай гігіены. За выяўленыя парушэнні складзена 58 пратаколаў на суму амаль 8 тысяч рублёў.
Станоўчыя прыклады клопату аб працаўніках дэманструюць у СВК «Свіцязянка-2003», «Маяк-Заполле», «Жухавічы», КСУП «Племзавод Карэлічы», «Лукі-Агра» і «Малюшычы».
Злачыннасць знізілася
У галіне аховы грамадскага правапарадку, прафілактыкі і бяспекі ў раёне колькасць злачынстваў знізілася са 152 да 134. 112 чалавек сталі пацярпелымі, прычым з іх 41 жанчына і 30 пенсіянераў.
Зменшылася і колькасць крадзяжоў. У бягучым годзе здзейснена 47 крадзяжоў, раскрыта 51,1% гэтых злачынстваў. У два разы знізілася колькасць парушэнняў закона, учыненых у нецвярозым стане.
Піць сталі менш
На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 648 чалавек, у тым ліку 151 жанчына, што на 67 чалавек менш, чым у мінулым годзе. На 7 чалавек знізілася колькасць жыхароў раёна, якія прайшлі стацыянарнае лячэнне ў абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Астроўля». У гэтым годзе курс рэабілітацыі там прайшлі 29 чалавек.
На дарогах і вадаёмах стала спакайней
Калі ў мінулым годзе на тэрыторыі раёна адбылося 12 дарожна-транспартных здарэнняў і тры чалавекі загінула, то ў бягучым годзе колькасць ДТЗ роўна аднаму, а ахвяр удалося пазбегнуць. Камунальная і дарожная службы праводзяць шэраг мерапрыемстваў, каб зрабіць рух пешаходаў і аўтамабілістаў бяспечным. Устанаўліваюцца дарожныя знакі «Галалёдзіца», нарыхтоўваюцца процігалалёднымі матэрыялы, рамантуецца снегаўборачная тэхніка.
Радуе, што ў бягучым годзе ніхто з жыхароў раёна не стаў ахвярай вады. Пры гэтым у купальны сезон матросамі-выратавальнікамі выяўлена 79 парушэнняў правілаў паводзін на вадзе. За купанне ў неналежных месцах аштрафавана 18 чалавек.
Вогненныя трагедыі
Трывожыць сітуацыя, што ў бягучым годзе ў раёне пры пажарах загінула 5 чалавек, а колькасць узгаранняў вырасла з 23 да 36. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём (47%), парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў (32,5%), электрасетак і электраабсталявання (2,9%). З пяці ахвяр агню чацвёра загінулі па стаўшай ужо класічнай схеме: выпіў — закурыў — заснуў — згарэў. Усе гэтыя грамадзяне прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Калі б іх своечасова накіравалі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, гэтых трагедый можна было б пазбегнуць. Дарэчы, у бягучым годзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый накіравана 24 грамадзяніна. Назіральныя камісіі, якія ў бягучым годзе праверылі амаль 5,5 тысячы домаўладанняў на прадмет парушэння супрацьпажарных правілаў, будуць працягваць сваю работу.
Іна ЛЕЙКА