Старший мастер Кореличского РЭСа Антон Гостило работает в сфере энергетики почти 40 лет

Дзень энергетыка – гэта свята не толькі тых, хто мае дачыненне да стварэння і абслугоўвання энергетычных сістэм, тых, хто забяспечвае бесперабойную дастаўку святла і цяпла спажыўцу, але і ўсенароднае свята, якое адзначаюць у кожным горадзе і пасёлку. Хто з нас можа ўявіць сваё жыццё без энергіі? Яна хаваецца літаральна ва ўсім! Але аб нялёгкай працы работнікаў электрасетак мы ўспамінаем толькі тады, калі ў доме становіцца цёмна.

У кожным калектыве галоўнае багацце, апора і надзея – людзі. Многія работнікі прадпрыемства маюць за плячыма вялікі стаж працы, неацэнны іх уклад у агульную справу і адданасць прадпрыемству. У арганізацыі ёсць кім ганарыцца, з каго браць прыклад, на каго раўняцца. Ім выказваюць падзяку за іх добрасумленную працу, самаадданасць, цярпенне, смеласць, аптымізм, а часам і «жалезныя» нервы. Бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў электраэнергіяй для калектыву Карэліцкага РЭС – гэта добрасумленная, якасная штодзённая праца і асноўная задача. У гэтай небяспечнай і адказнай галіне працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Яны ведаюць, што ад іх залежыць дабрабыт тысяч людзей. У любое надвор’е, нават у саракаградусны мароз супрацоўнікі РЭС смела і аператыўна выязджаюць на ліквідацыю аварый і няспраўнасцяў, якія, як правіла, адбываюцца ў выніку знешніх уздзеянняў.

Адным з членаў брыгады з’яўляецца старшы майстар Антон Гасціла. Яго працоўны стаж у Карэліцкім РЭС налічвае 39 гадоў. Мужчына зразумеў, што абраў адзіную на ўсё жыццё прафесію, толькі адпрацаваўшы ў арганізацыі пэўны час. Прыйшоў на працу ў Карэліцкія электрасеткі ён у якасці электраманцёра ў 1982 годзе, вярнуўшыся з войска.

– Трэба было ўладкоўвацца на працу. Можна сказаць, выпадкова трапіў у Карэліцкі РЭС, а ў выніку ён і стаў маім пастаянным месцам працы. Пачынаў электраманцёрам па эксплуатацыі, а сёння кірую брыгадай па рамонце і эксплуатацыі электрычных сетак, – падзяліўся Антон Антонавіч. – Кожны працоўны дзень у нас пачынаецца з атрымання разнарадкі, а таксама інструктажу па бяспецы. Усе выкананыя працы запісваюцца на адмысловую камеру, каб дыспетчар меў доступ да працэсу. Паражэнне электрычным токам – адна з галоўных небяспек у працы энергетыкаў. Для нас вельмі важна захаванне ўсіх нормаў тэхнікі бяспекі і аховы працы. На маёй практыцы здаралася працаваць нават у самыя моцныя ўраганы, калі правады яшчэ не былі ізаляваныя, яны пакрываліся лёдам, даводзілася працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Наша брыгада не раз дапамагала Навагрудскаму РЭС па аднаўленні іх электрасетак ад абледзяненняў, калі спраўлялася са сваёй працай. І ў навагоднюю ноч ліквідавалі аварыі. Цяпер з гэтым значна прасцей. Новае абсталяванне дазваляе кантраляваць паломкі, з-за чаго аварыйныя сітуацыі сталі больш рэдкай з’явай. Планавая праверка электраэнергіі ў нас ідзе па выразна запланаваным графіку. Як гаворыцца, усім добры не будзеш: летам у людзей халадзільнікі нельга адключаць, восенню і зімой – ацяпленне, а вясной – інкубатары. Але мы заўсёды стараемся максімальна аператыўна праводзіць усе неабходныя працы, каб не прыносіць дыскамфорту насельніцтву. На мой погляд, любы энергетык павінен быць адукаваным, ісці ў нагу з часам і адказна падыходзіць да сваёй працы – тады і будзе святло ў кожным доме. Напярэдадні святаў я б хацеў пажадаць усім людзям дабра, усяго самага найлепшага, каб заўсёды побач была падтрымка і апора.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара