В Кореличах провели модернизацию цеха по производству казеина

Вытворчасцю сыроў у Карэлічах займаюцца ўжо больш за 60 гадоў. «Адыгейскі», «Сулугуні», «Пікантны», «Саломка сырная да піва» — гэтыя сыры атрымалі каля сотні ўзнагарод абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, палюбіліся спажыўцам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Але не ўсе ведаюць, што ў Карэліцкім сырцэху не першы год вырабляюць тэхнічны казеін, які выкарыстоўваецца ў будаўніцтве для вытворчасці фарбы, клею і пластмас. Увесь выраблены ў раёне казеін адпраўляецца на экспарт у Расію, Германію, Літву, Польшчу і Нідэрланды.

— Мадэрнізацыя ўчастка казеіну — гэта прыклад сапраўднай калектыўнай работы тэхнічных работнікаў і тэхналагічнай службы прадпрыемства. Паколькі попыт на казеін увесь час расце, мы прынялі рашэнне пашырыць вытворчасць, — расказвае начальнік Карэліцкага сырцэха Ларыса Рапавец. — Усталявалі новую СІП-мыйку, якая праводзіць ачыстку ўнутраных паверхняў абсталявання, новыя ёмістасці, часткова абнавілі тэхналагічнае абсталяванне. Абнавілі і саму залу, дзе займаюцца вытворчасцю. Цяпер падлога, сцены і столь адказваюць самым сучасным патрабаванням.

І сапраўды, казеінавы цэх зараз больш нагадвае не вытворчае памяшканне, а аперацыйны блок, дзе ўсё зіхаціць бездакорнай чысцінёй, а рабочыя, нібы медыцынскія работнікі, у белай уніформе сочаць за працай абсталявання.

Для вытворчасці казеіну выкарыстоўваецца абястлушчанае малако, якое спачатку ператвараецца ў субстанцыю, якая нагадвае тварог, а затым у спецыяльнай сушылцы высушваецца да стану парашка.

Пасля рэканструкцыі вытворчыя магутнасці цэха ўзраслі ўтрая: зараз за месяц тут змогуць пры поўнай загрузцы цэха сыравінай вырабіць 100 тысяч тон казеіну. У працэсе вытворчасці адначасова можна атрымаць 3 тысячы тон казеінавай сыроваткі, якая будзе накіравана на далейшую перапрацоўку на завод “Навагрудскія дары”.

Важна і тое, што стварылі больш камфортныя ўмовы для працаўнікоў цэха. Уладкавалі бытавыя памяшканні, гардэробныя, пакой прыёму ежы, санвузел. Дарэчы, адкрылі адразу тры новыя працоўныя месцы вытворцаў казеіну. Пакуль у цэху працуе толькі адна вытворчая лінія, з запускам другой колькасць новых працоўных месцаў узрасце.

— У Беларусі ўсяго тры заводы, якія вырабляюць тэхнічны казеін. Але, нягледзячы на тое, што канкурэнцыя невялікая, мы трымаем марку, пацвярджаем якасць, — кажа Ларыса Рапавец. — Цяпер перад намі стаіць задача — павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, бо з пачатку года рэнтабельнасць казеіну вырасла з 30 да 72%. Што і казаць, прадукцыя не толькі запатрабавана, але і прыносіць прадпрыемству прыбытак.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара