В СПК «Жуховичи» строится молочно-товарная ферма на 610 голов

У СВК «Жухавічы» пачата будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы на 610 галоў каля вёскі Кожава. Будаўнікі спяшаюцца здаць аб’ект у тэрмін, каб у лістападзе 2022 года змясціць туды жывёл і атрымліваць малако.

— Мы ўкамплектуем ферму сваімі нецелямі, а таксама перавядзём кароў з малочна-таварных ферм “Радунь” і “Кожава”, — расказвае намеснік старшыні СВК “Жухавічы” па вытворчасці Міхаіл Штыцько. — Старыя фермы будуць рэканструяваны, там размесціцца маладняк буйной рагатай жывёлы і сухастойныя каровы. Увядзенне ў строй новага аб’екта дасць магчымасць палепшыць умовы ўтрымання кароў і павялічыць вытворчасць малака.

За 11 месяцаў у СВК «Жухавічы» надаілі ў сярэднім ад каровы 7600 кілаграмаў малака, да канца года плануецца атрымаць 8300. На новай ферме плануецца выйсці не менш чым на 8000 кг, малако будзе вырабляецца 100% гатункам экстра. Плануецца, што ўсё пагалоўе будуць абслугоўваць 6 аператараў машыннага даення, сярэдні заробак якіх складае ў гаспадарцы 1200 рублёў.

Тэрмін акупнасці аб’екта складае 12 гадоў. Новая МТФ будуецца па лініі ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», ААТ «Белаграпрамбанк». Усяго ў будаўніцтва будзе ўкладзена амаль 12 млн рублёў. Плануецца, што будзе выкарыстана каля 2 млн рублёў уласных сродкаў сельгаскааператыва.

Вытворца работ Лідскай МПМК № 169 Андрэй Валынец распавядае, што на будаўніцтве фермы занята 60 чалавек і 11 адзінак тэхнікі. У зімовы перыяд будаўнікі працуюць з 9 раніцы да 5 вечара, ужо з сакавіка іх працоўны дзень павялічыцца і складзе 10 гадзін.

— З пачатку будаўніцтва за паўтара месяца мы цалкам сабралі тры будынкі: гатовыя падмуркі, каркасы, 60% цаглянай кладкі. Тэмпы работ добрыя. Зімой зоймемся дахавымі работамі, каб вясной ужо выконваць бетонныя работы. Да вызначаных тэрмінаў аб’ект будзе гатовы прыняць пагалоўе.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара