Новый смысл жизни. Пожилые люди в Кореличском районе становятся волонтёрами

У наш імклівы і няпросты час вельмі важна падтрымаць чалавека, які мае ў гэтым патрэбу, дапамагчы яму, сказаць добрае слова, зрабіць просценькі падарунак. Такая ўвага акрыляе, прыдае новыя сілы, з’яўляецца вера ў лепшае. Гэта вельмі важна для адзінокіх і састарэлых, якія часам не чакаюць ад лёсу шчаслівых імгненняў і нечаканых падарункаў. Дзякуючы нераўнадушным людзям, іх жыцці мяняюцца да лепшага.

У рэдакцыю «Полымя» завітала загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, каардынатар валанцёрскай групы «Напоўнім міласэрнасцю сэрцы» пры гэтым аддзяленні Вольга Сяргееўна ЖУК, якая расказала пра добрыя справы сталых валанцёраў.

Людміла Хвеська і Людміла Друцька рыхтуюць вырабы для дзяцей і пажылых грамадзян

Заўсёды ў радасць

У нашай валанцёрскай групе налічваецца 14 чалавек. Гэта наведвальнікі аддзялення і кіраўнікі гурткоў. Іх узрост розны: старэйшай споўніўся 81 год, а малодшай — 62. Намі валодае дабрыня, жаданне дапамагаць найбольш уразлівай катэгорыі грамадзян: пажылым, інвалідам, адзінокім. Усё робім добраахвотна і па закліку сэрца.

Валанцёры сталі сваімі ў іх дамах, куды нясём найперш добрае слова, а таксама — сувеніры, якія робім сваімі рукамі. Гэта плеценыя кашолкі з папяровых трубачак і кветкі з тканіны. У гэтым годзе рабілі букеты з гафрыраванай паперы і пакецікаў гарбаты, а таксама дэкаратыўныя шкатулкі.

Мы супрацоўнічаем з раённым Таварыствам Чырвонага Крыжа і райкамам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія прадастаўляюць маючым патрэбу прадуктовыя наборы. Наведвальнікі задаволены, наш прыезд ім заўсёды ў радасць, і яны не хочуць, каб мы пакідалі іх дамы і запрашаюць наведацца ў наступны раз.

Творчыя людзі з залатымі рукамі

Валанцёры валодаюць рознымі талентамі. Сярод іх — нямала творчых людзей, якія імкнуцца падарыць людзям добры  настрой. Ездзім з канцэртамі да насельнікаў Лукскай бальніцы сястрынскага догляду, у Дом узаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі вёскі Пагор’е, Дом сумеснага самастойнага пражывання г.п. Карэлічы, віншуем ветэранаў і юбіляраў.

Другая катэгорыя —  людзі з залатымі рукамі. Яны робяць сувеніры, вяжуць рукавіцы і шкарпэткі, а таксама  палавікі на падлогу для пажылых, а для дзяцей з карэкцыйнага цэнтра  — цацкі.

Сучаснае валанцёрства —  не работа, а прызванне і лад жыцця. Чалавекам рухае жаданне быць карысным, патрэбным, прыносіць людзям радасць. Калі чуеш словы падзякі і бачыш шчаслівыя твары, то ўсведамляеш: не дарэмна займаешся карыснай справай, ты патрэбны людзям, а яны — табе. З кожным візітам да адзінокіх і інвалідаў  прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах, задавальненне ад зробленага, гонар за тое, што ты валанцёр і твае старанні патрэбны людзям.

Не позна і ў 60!

Я стараюся авалодаць лідарскімі якасцямі, каб накіраваць работу валанцёраў у правільнае рэчышча і павесці за сабой усіх. У аддзяленні  валанцёры — лідары па натуры. Да прыкладу, калі сам навучыўся вязаць, то іншага навучы гэтаму рамяству. Так і камп’ютары, і заняткі на трэнажорах.

Вырашылі стварыць клуб  «Ёга для пачынаючых». Сам валанцёр вучыць жадаючых. Працуем па прынцыпе: «Роўны вучыць роўнага». Людзі ў 60-гадовым узросце, калі не поўнасцю рэалізавалі сябе ў жыцці, то на заслужаным адпачынку раскрываюцца ў валанцёрскай дзейнасці, дзе, акрамя канкрэтнай работы, аддаеш часцінку душэўнага цяпла.

Як гаворыцца, пандэмія часткова падрэзала  крылы. Вось толькі стараемся знайсці новае ў валанцёрскай рабоце. Плануем аказваць паслугу для адзінокіх пажылых грамадзян «Субяседнік на гадзіну» (гутаркі, зносіны), а таксама правядзенне працоўных акцый,  будзем прыбіраць падворкі адзінокіх.

Як стаць валанцёрам

Два гады таму, у 2019 годзе, адбыўся  першы Рэспубліканскі злёт валанцёраў сярэбранага ўзросту, і чатыры члены нашай валанцёрскай групы ездзілі на форум, каб пераняць вопыт у тых, хто ўжо даўно займаецца гэтай дзейнасцю. У сувязі з пандэміяй сустрэчы больш не праводзіліся, але высакародная і патрэбная справа не спынілася, а працягваецца, і мы ўносім ў гэта сваю лепту, і гэта, безумоўна, радуе.

На пытанне, як стаць валанцёрам, адкажу наступнае. Калі ў пажылога чалавека ёсць жаданне і сілы займацца валанцёрскай дзейнасцю, то ён можа звярнуцца ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, і мы з вялікім задавальненнем выслухаем і дапаможам уключыцца ў валанцёрскі рух.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ