Заведующий отделением социальной помощи на дому ЦСОН Кореличского района Анна Свирид: «Социальные работники — это неравнодушные к чужой беде и трудолюбивые люди»
Пра тое, як ажыццяўляецца надомнае абслугоўванне адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў, журналіст газеты «Полымя» гутарыць з загадчыкам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Цэнтр сацыяльнага абcлугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» Ганнай Віктараўнай СВІРЫД.
— Ганна Віктараўна, што ўяўляе сабой служба надомнага абслугоўвання ў раёне?
— Па-ранейшаму запатрабаваны паслугі сацыяльнага работніка на даму і сядзелкі. Сацыяльным абслугоўваннем на даму ахоплены 122 населеныя пункты Карэліцкага раёна. Паслугі сацыяльных работнікаў атрымліваюць 443 чалавекі, паслугі сядзелкі прадастаўлены 20 непрацаздольным грамадзянам. Паслугі няні прадастаўляюцца 4 сем’ям (3 з двайнятамі, 1 сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда).
— Якія паслугі аказвае сацыяльны работнік?
— Сацыяльны работнік прынясе прадукты харчавання, прамысловыя тавары першай неабходнасці, лекі, зробіць уборку жылых памяшканняў, дапаможа ў прыгатаванні простых страў. Пражываючым у прыватных дамах без зручнасцей — даставяць ваду і паліва, прыбяруць прыдамавую тэрыторыю, дапамогуць у распальванні печак і інш. Сядзелка ў дзённы час па працоўных днях забяспечыць догляд за грамадзянамі, якія няздольныя да самаабслугоўвання і самастойнага перамяшчэння.
— Хто яны, сацыяльныя работнікі?
— Гэта нераўнадушныя да чужых бедаў і працалюбівыя людзі, а таксама і добрыя псіхолагі, якія ўмеюць выслухаць сваіх падапечных і даць ім слушную параду.
Шмат гадоў прысвяцілі гэтай высакароднай справе сацыяльныя работнікі Марыя Высоцкая, Соф’я Цітко, Ніна Лазарчык, Таіса Арцюх, Наталля Чубса, Таццяна Мурашкевіч, Марына Патук, Наталля Ясюля і іншыя.
— З кім найчасцей прыходзіцца падтрымліваць працоўныя ўзаемаадносіны ў пытаннях надомнага абслугоўвання?
— Мы супрацоўнічаем з сельскімі Саветамі, разам праводзім абследаванне ўмоў пражывання адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў, таксама — з Карэліцкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцай, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, раённымі саветамі ветэранаў і інвалідаў. У нас агульная мэта — падтрымаць і дапамагчы людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.
— Ганна Віктараўна, як Вы пачыналі свой працоўны шлях у сацыяльнай службе раёна?
— Прыйшла на працу 1 чэрвеня 1999 года ў аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму адзінокім грамадзянам і інвалідам пры аддзеле сацыяльнага забеспячэння Карэліцкага райвыканкама інспектарам. У 2002 годзе перавялі на пасаду загадчыка аддзялення, і вось ужо амаль дваццаць гадоў дапамагаю людзям. За гэты час адбыліся змены. Змяніліся патрабаванні да нашай працы. Прынцып работы застаўся ранейшым, толькі з гадамі пачалі развівацца новыя формы сацыяльнага абслугоўвання. Нам трэба ісці ў нагу з часам, развіваць іх і ўкараняць новыя. Людзі сталі з гадамі больш патрабавальнымі да працы сацыяльных работнікаў і якасці аказваемых паслуг. Але як бы там ні было, радуе тое, што надомнае абслугоўванне запатрабавана, а мы апраўдваем спадзяванні адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ