Маладыя спецыялісты Карэліччыны абмеркавалі праект Канстытуцыі: «У нашай краіне дзяржава клапоціцца пра моладзь»

Сустрэча дыялогавай групы па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з маладымі спецыялістамі Карэліцкага раёна адбылася ў рамках пасяджэння клуба «Малады спецыяліст». У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка і загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка.

Нэлі Маісеенка азнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з асноўнымі зменамі, якія плануецца ўключыць у Асноўны Закон. Яна заклікала моладзь да адкрытага дыялогу ў абмеркаванні гэтых навацый.

Адзначалася, што ў праекце дакумента, які актыўна абмяркоўваецца, прапісаны сацыяльныя гарантыі грамадзян. Яны не толькі захаваны, але і пашыраны. Акрамя таго, у Асноўным Законе з’яўляецца артыкул, які датычыцца моладзі, чаго раней не было. У ім адзначана, што дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю маладых людзей, стварае ўмовы для актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Удзельнікі сустрэчы таксама закраналі тэмы захавання гістарычнай памяці, статусу УНС, пераразмеркавання паўнамоцтваў у кіраванні дзяржавай, абавязку грамадзян клапоціцца аб сваім здароўі.

Настаўнік англійскай мовы СШ №2 г.п. Карэлічы Дар’я Філіпава адзначыла, што кожны павінен праяўляць клопат аб сваім фізічным і псіхічным здароўі, бо вядома, што не менш як 50 працэнтаў здароўя чалавека залежыць ад ладу жыцця, 20 працэнтаў прыпадае на спадчыннасць, 20 працэнтаў — на ўплыў навакольнага асяроддзя і толькі 10% — на фактары, якія залежаць ад аховы здароўя.

— У нашай краіне дзяржава клапоціцца пра моладзь. Бясплатная медыцына, адукацыя, удзел у палітычным жыцці краіны, гарантаванае першае рабочае месца  — усё гэта робіцца для моладзі, — адзначыла педагог.

Урач-хірург Карэліцкай райбальніцы Ягор Александровіч адзначыў важнасць тэмы захавання гістарычнай памяці.

— Адзін мой прадзед ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, другі служыў у контрразведцы. Іх расказы перадаюцца ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне. Гэта нельга забываць, каб падобныя ўсенародныя трагедыі не паўтарыліся, —  перакананы малады спецыяліст.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара