На сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі Савета дэпутатаў абмеркавалі сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і праект бюджэту на 2022 год
На сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі Савета дэпутатаў абмеркавалі сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і праект бюджэту на 2022 год. Нарада прайшла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава.
— У 2022 годзе аб’ём прамысловай вытворчасці складзе 101,6 працэнта, сельскай гаспадаркі — 105,3 працэнта, тавараабарот — 103,2 працэнта, пасажыраабарот — 113,6 працэнта, грузаабарот — 103,3 працэнта, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Упэўнены, што гэтыя задачы па плячы працаўнікам Карэліччыны.
Так, у аграрнай галіне рост вытворчасці будзе забяспечаны за кошт павелічэння ўраджайнасці і валавога збору збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, рапсу і бульбы. Плануецца, што будзе атрымана 87,5 тыс. т малака, 6,8 тыс. т ялавічыны, 9,9 тыс. т свініны, 4,5 млн штук яек.
У прамысловасці стаўка будзе зроблена на ААТ «Карэлічы-Лён», перад якім стаіць задача павялічыць аб’ёмы вытворчасці да 103,4%. Для больш эфектыўнай працы будуць набыты самаходны апырсквальнік і два прычапныя прэсы.
У планах РУП ЖКГ — будаўніцтва станцый абезжалезвання ў аграгарадку Ярэмічы і вёсцы Радунь.
У сферы гандлю плануецца адкрыццё новых гандлёвых аб’ектаў і ўдасканаленне работы існуючых. Так, у аграгарадку Малюшычы з’явіцца гандлёвы павільён ПГУП «Леандр Транс».
У сферы грамадскага харчавання таксама чакаюцца навацыі. Каля сцен Мірскага замка з’явіцца летняе сезоннае кафэ на 40 пасадачных месцаў, у аграгарадку Баранавічы для работнікаў КСУП «Малюшычы» — новая сталовая на 25 месцаў. ПГУП «Бел Тавіс» плануе адкрыццё кулінарнага цэха па вытворчасці хлебабулачных вырабаў, здобы і салатаў.
У сферы бытавога абслугоўвання плануецца захаваць колькасць дзеючых аб’ектаў, якімі аказваецца 11 асноўных відаў паслуг.
У сферы будаўніцтва будзе асвоена 12,2 млн рублёў. Так, плануецца завяршыць мадэрнізацыю вуліцы Першамайскай у г.п. Мір, рэканструкцыю вонкавых сетак ад Мірскага спіртзавода да Мірскай гарпасялковай бальніцы і Мірскага прафтэхкаледжа. У г.п. Мір працягнуцца работы па будаўніцтве інжынерных камунікацый у квартале індывідуальнай забудовы «Зорны».
У 2022 годзе запланавана правядзенне рамонту вуліцы Новая ў аграгарадку Турэц, лёгкаатлетычных дарожак і сектараў стадыёна «Юнацтва» г.п. Карэлічы. У г.п. Мір з’явіцца новая міні-футбольная пляцоўка, а паблізу вёскі Кожава завершыцца будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 610 галоў буйной рагатай жывёлы.
У новым годзе жыхары рэгіёну змогуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы: плануецца пабудаваць 1200 кв. метраў жылля.
Паводле слоў Ігара Лазарэвіча, налічаны сярэднямесячны заробак складзе 1095,5 рубля, або 109,6% да ўзроўню 2021 года.
На пасяджэнні быў заслуханы і прыняты праект раённага бюджэту на 2022 год. У наступным годзе, як і ў папярэднія, будзе захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту.
Як расказаў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Дарашэнка, сацыяльна-значныя расходы складуць больш за 86% (34,1 млн рублёў) у агульным аб’ёме расходаў бюджэту. Па функцыянальнай структуры ў складзе выдаткаў раённага бюджэту больш за 73% прыпадае на выдаткі арганізацый і ўстаноў сацыяльнай сферы (28,9 млн руб.).
На фінансаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануецца накіраваць 4,1 млн рублёў, устаноў і мерапрыемстваў адукацыі — 14,1 млн рублёў. Расходы на ахову здароўя запланаваны ў суме 10,6 млн рублёў, на ўтрыманне ўстаноў культуры, правядзенне мерапрыемстваў накіроўваецца 2 млн рублёў, на фізічную культуру і спорт — 0,4 млн рублёў, на сацыяльную палітыку — 1,8 млн рублёў.
Іна ЛЕЙКА