Жители Кореличского района рассуждают о значимости исторической памяти
2022 год, аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці, прызваны фарміраваць аб’ектыўныя адносіны грамадства да гістарычнага мінулага, захаваць і ўмацаваць адзінства беларускага народа.
Жыхары Карэліччыны разважаюць аб тым, што для іх значыць гістарычная памяць.
Ганна БАНДАРЫК,
ветэран працы з 42-гадовым стажам, жыхарка аграгарадка Ярэмічы:
— Што такое вайна? Гэта горыч, слёзы, страх… І не дай Божа, каб яна паўтарылася, каб людзі яшчэ хаця б адзін раз на сабе адчулі яе жахі. Асабліва балюча, калі губляеш родных людзей. Вось так і ў мяне: у 1942 годзе фашысты за сувязь з партызанамі расстралялі старэйшую сястру Валянціну. А колькі жыццяў забрала вайна?!
Як настаўнік на заслужаным адпачынку і як грамадзянін нашай краіны хачу звярнуцца да маладога пакалення: любіце Радзіму і беражыце яе. Трэба шанаваць тое, што маем. прымнажаць багацце роднай Айчыны. Старанна працаваць, каб наш край станавіўся прыгажэйшым, а людзі жылі заможна.
У сваім жыцці давялося шмат займацца грамадскай работай: дваццаць адзін год узначальвала грамадскую арганізацыю інвалідаў вайны і працы мясцовай гаспадаркі і трыццаць гадоў была старастай Ярэміч. Адно скажу: жыць пад мірным небам — вялікае шчасце, і мір на зямлі трэба захаваць.
Вера СЦЯЦКО,
старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы, жыхарка райцэнтра:
— Лічу, што не толькі 2022 год, а ўвогуле ўсе дзесяцігоддзі з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — гэта перыяд гістарычнай памяці. У нашай сям’і ў 1945-ым на вайне загінулі дзядуля Уладзімір Сяргеевіч Санько і дзядзька Аляксандр Уладзіміравіч Санько. Кожнае свята бабуля сустракала са слязьмі на вачах, і мы, унукі, адчувалі гэты боль страты.
У сям’і засталіся пісьмы з фронту ад дзядзькі Аляксандра. Ён пахаваны на брацкіх могілках у Тукумскім раёне Латвіі. Гэтыя дарагія сэрцу лісты, пажоўклыя ад часу, перадалі піянеры з далёкай краіны. Гэты сямейны скарб перадаецца з пакалення ў пакаленне.
«Без мінулага не можа быць будучага» — гэтага дэвізу імкнуся прытрымлівацца ў жыцці. Лічу, што трэба вывучаць нашу гісторыю, усе кропкі расставіць над «і», каб ніхто і ніколі не мог папракнуць нас. Мы заўсёды ўшаноўвалі поспехі і дасягненні свайго народа. Нездарма мы завёмся беларусамі.
У Год гістарычнай памяці наша ветэранская арганізацыя плануе займацца добраўпарадкаваннем тэрыторый каля абеліскаў і помнікаў.
Дзмітрый АРЦЮХ,
дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея:
— Галоўная задача гістарычнай навукі на гэты год — аб’ектыўна паказаць шматгранную і шматвекавую гісторыю беларускага народа, расказаць аб дасягненнях і поспехах нашых продкаў. Паказаць тыя пераломныя перыяды, з якімі сутыкнуліся беларусы. І не дапусціць фальсіфікацыі беларускай гісторыі.
З мэтай папулярызацыі гісторыі Беларусі ў рабоце Карэліцкага раённага краязнаўчага музея зробім акцэнт на перыядах стварэння Полацкага і Тураўскага княстваў, укладзе беларусаў у стварэнне Вялікага Княства Літоўскага, уз’яднанні Заходняй Беларусі і БССР і, вядома, подзвігу народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У музеі плануецца шэраг мерапрыемстваў: музейныя ўрокі і заняткі, квэст-гульні і выставы. Будзе арганізаваны круглы стол з кіраўнікамі школьных музеяў на тэму: «Развіццё патрыятызму і захаванне гістарычнай памяці ў рабоце з дзецьмі і моладдзю ў Карэліцкім раёне», конкурс навукова-даследчых работ па гісторыі Беларусі «Мой край у гісторыі краіны».
Неабходна памятаць, што без павагі да мінулага, без традыцый, культуры няма будучага, няма дзяржавы і няма народа.
Валерый БРАНТ,
настаўнік гісторыі, старэйшы захавальнік фондаў музея ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»:
— Сёння перад настаўнікамі гісторыі стаіць высокая адказнасць, якая патрабуе данесці гістарычную праўду да сучаснай моладзі так, каб выклікаць пачуццё гонару за савецкі народ, які выйшаў пераможцам у Вялікай Айчыннай вайне. Важна, каб гэтая праўда пасялілася ў іх сэрцах. Неабходна з усёй смеласцю расказаць вучням аб няпростых і спрэчных момантах нашай гісторыі.
Мы, беларусы, павінны выпрацаваць імунітэт супраць скажэння і фальсіфікацыі.
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА