В Кореличах состоялось торжественное мероприятие в честь 30-летия Белорусского союза женщин
У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылася ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя з дня ўтварэння Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».
Гонар і апора
З прывітальным словам да членаў арганізацыі звярнуўся старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў. Па словах кіраўніка раёна, калі жанчына бярэцца за справу, яна заўсёды атрымае добры вынік. Яна з’яўляецца захавальніцай дамашняга ачага і гэтую місію з гонарам выконвае. На яе плечы кладзецца вялікая адказнасць, з якой яна заўсёды спраўляецца. Кіраўнік раёна пажадаў членам раённай арганізацыі БСЖ, каб яе рады павялічваліся, а жанчыны імкнуліся рабіць добрыя справы.
У прамове намесніка старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні РА РГА «Белая Русь» Яўгена Чычкана дадзена высокая адзнака жанчыне: яна здольная на ўсё, мае невычарпальную энергію, якой дзеліцца раздае ў грамадстве і дома. Мама, бабуля, сястра, жонка, дачка — блізкія і дарагія сэрцу людзі, пра якіх трэба клапаціцца. Прадстаўнік мясцовай улады адзначыў, што жанчыны раёна гатовыя на новыя дасягненні і справы.
Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Асташэвіч нагадала пра лідараў раённай арганізацыі БСЖ. На рахунку Лідзіі Нагорнай шмат спраў, якія праслаўлялі Карэліцкі раён. Калісьці па прапанове Іны Богуш прамоўца прыняла ўдзел і перамагла ў конкурсе «Жанчына года» ў намінацыі «Кіраўнік года». Сумесна з Інай Санчук пасадзілі шмат алей на Карэліччыне. Адзначыла і актыўнасць жанчын-педагогаў у грамадстве. «Мы адзіны і жывём надзеямі на заўтрашні дзень»,— сказала Ірына Валер’еўна.
З нагоды юбілейнай даты свае пажаданні выказалі старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Куляка. «Мы гатовыя да супрацоўніцтва і дыялогу, выканання адной з галоўных задач: стварыць добрыя ўмовы для працы людзей,» — зазначыла прафсаюзны лідар раёна, а кіраўнік дзіцячага фонду падзякавала за сумесную плённую дзейнасць.
«Сям’я — гэта крэпасць. Праз яе перадаюцца мудрасць і веды. Жанчыне належыць значная роля: наладжваць быт і настрой усіх членаў», — сказала ў сваёй прамове начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянцінв Сіўко. Яе выступленне было накіравана на захаванне сям’і, яе традыцый, узаемапавагі і шчасця, сям’я — заклад будучага.
У нагу з часам
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка ў сваім выступленні адзначыла, што на працягу ўсяго гістарычнага шляху арганізацыя нязменна і бескарысліва служыць грамадскім інтарэсам: павышэнню статуса жанчын, сям’і, дзяцей, умацаванню традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцей, умацаванню згоды і міру ў сям’і і краіне.
«Сямейныя чытанні», «Дом без гвалту «, «Крыніца дабра і памяці», «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі», «Поезд міласэрнасці» — праекты, у якіх прымаюць удзел жанчыны. Сталі традыцыйнымі акцыі: «Свечка памяці», прысвечаная памяці ахвяр фашызму, «Зрабі добрую справу», «Збяры партфель у школу», «Жанчыны супраць п’янства жанчын», «Адары цяплом», «Цяпло мацярынскага сэрца» да Дзён маці, пажылых людзей, іншых каляндарных датаў, мітынгаў, аўтапрабегаў. Нядаўна стартавала яшчэ адна ініцыятыва «З любоўю да Беларусі», калі людзі аб’яноўваюцца для простай, але патрэбнай справы — высаджваюць алею, займаюцца ўборкай тэрыторыі, дапамагаюць тым, хто мае патрэбу.
Калі пачалася пандэмія, жанчыны адкрылі марафон падтрымкі тых, хто змагаецца з ёю, адзінокіх пажылых людзей, якія мелі патрэбу ў дапамозе. Зараз вялікую спагаду выяўляюць бежанцам, таму што людзі — самая галоўная каштоўнасць. Аб гэтым пастаянна гаворыць Прэзідэнт краіны.
Карэліцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» вядзе сваю гісторыю з 1991 года. Першым старшынёй раённага жансавета была абрана Лідзія Нагорная, якая была стваральнікам і натхняльнікам усіх добрых спраў і пачынанняў. Лідзія Іосіфаўна выступіла ініцыятарам многіх мерапрыемстваў, якія сталі традыцыйнымі на Карэліччыне: злёт салдацкіх удоў, святы вёсак, прыём жанчын у старшыні райвыканкама і іншыя. Яна была ініцыятарам выдання кнігі «Карэліцкія мадонны». Эстафету добрых спраў працягнулі Іна Богуш і Іна Санчук.
Па словах Нэлі Маісеенкі, 30 гадоў — гэта не толькі падвядзенне вынікаў, гэта тая рыса, якая дае старт да новых пачынанняў і добрых спраў. Раённая арганізацыя БСЖ не застаецца ў баку — карэліцкія жанчыны заўсёды аказваюць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Дзейнічаюць 12 пярвічак, і кожная з іх, робячы добрыя справы, уносіць свой уклад у развіццё жаночага руху вобласці. На рахунку карэліцкіх актывістак Беларускага саюза жанчын — дзясяткі акцый і добрых спраў, сацыяльных праектаў і карысных мерапрыемстваў.
Нэлі Аляксандраўна выказала словы ўдзячнасці ўсім членам грамадскай арганізацыі за індывідуальнасць, нестандартнасць у вырашэнні задач, здольнасць натхніць калектыў асабістым аўтарытэтам і прыкладам, за добрыя арганізатарскія здольнасці, а таксама — сацыяльным партнёрам, грамадскім арганізацыям Карэліцкага раёна, кіраўніцтву раёна за падтрымку і разуменне.
«Толькі разам мы зможам зрабіць жыццё лепшым, рэалізаваць маштабныя праекты, накіраваныя на стварэнне і развіццё жаночага руху, захаванне міру, мы — жанчыны, і нам ёсць што сказаць», — запэўніла лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Нэлі Маісеенка.
Мама — гэта святое
Васямнаццаць гадоў узначальвала Карэліцкі раённы савет жанчын Лідзія Нагорная. Яе выступленне на ўрачыстасці немагчыма было слухаць без хвалявання, бо гэта экскурс у мінулае. Гэта гісторыя нашага краю і лёсы яго людзей, для якіх жаночы лідар раёна імкнулася шмат зрабіць і выканаць іх просьбы. Яна ўсёй душой прыкіпела да Карэліччыны і шматлікія гады сваёй працы і грамадскай дзейнасці прысвяціла ім.
Сэрца Лідзіі Нагорнай і зараз належыць карэліччанам. У сваім выступленні яна гаварыла пра ролю маці ў жыцці чалавека. Родны чалавек дапаможа ў цяжкую хвіліну, парадуецца і паспачувае, дасць карысную параду. Накорміць і прыгорне, аддасць усю любоў мацярынскага сэрца. «Пакуль жывуць нашы матулі, мы адчуваем сябе дзецьмі», — сказала прамоўца і заклікала ўсіх берагчы сваіх матуль, наведвацца да іх і тэлефанаваць. Як не заставацца раўнадушнымі і да лёсу адзінокіх састарэлых, якія маюць патрэбу ва ўвазе, дапамозе, слове. «Не праходзьце міма гэтых людзей — і яны адораць той жа дабрынёй, яны цудоўныя і сціплыя»,— сказала жаночы лідар раёна з 18-гадовым стажам.
Лідзія Іосіфаўна звярнулася да Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацынальнаму сходу, у якім станоўча адзначана праца медыцынскіх работнікаў. Яна канстатавала той факт, што ўрачы ад Бога ёсць і на Карэліччыне, і заклікала з усёй павагай адносіцца да іх, бо медыцынскія работнікі стаяць на варце здароўя людзей.
Прызнанне, граматы, падарункі
Карэліцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» аб’ядноўвае жанчын розных галін дзейнасці. Усе маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, шчыра любяць сваю краіну і імкнуцца, каб яна з кожным годам квітнела. На ўрачыстасці былі адзначаны лепшыя з лепшых жанчын раёна, якія ўносяць свой уклад у яе развіццё. Ганаровай граматай за актыўны ўдзел у равіцці жаночага руху ў Карэліцкім раёне і з нагоды 30-годдзя арганізацыі ўзнагароджаны метадыст ДУК «Карэліцая раённая бібліятэка» Наталля Казарэз і начальнік Карэліцкага сырцэха Ларыса Рапавец.
Старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Святлане Санцэвіч уручаны юбілейны медаль ад Беларускага фонду міру за сумеснае супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй.
Падзяка Карэліцкага раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» уручана загадчыку педыятрычнага аддзялення УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Ліліі Шастак за асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне педыятрычнай службы раёна, ахову мацярынства і дзяцінства, выратаванне жыццяў дзяцей, таксама Карэліцкай раённай арганізацыі РГА «Беларускі саюз жанчын» за актыўнае супрацоўніцтва ў рэалізацыі прыярытэтных накірункаў дзяржавы па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей, дабрачыннай дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, ахову мацярынства і дзяцінства.
Граматай Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў узнагароджана спецыяліст аддзела кадраў Карэліцкага ўнітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Марыя Яраш за шматгадовую і добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву.
Музычныя мелодыі падарылі ўдзельнікам урачыстасці супрацоўнікі Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ