Пяць падзей тыдня вачыма начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Марыны Бурак

1. Датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па новай Канстытуцыі. Я з’яўляюся наглядальнікам на адным з выбарчых участкаў раёна і бачу, што людзі вельмі актыўна ідуць галасаваць. Гэта значыць, што яны неабыякавыя да таго, што адбываецца ў краіне, жадаюць змен да лепшага і ведаюць, што іх голас важны.

2. На Мінскім трактарным заводзе сышоў з канвеера 4-мільённы трактар «БЕЛАРУС». На прадукцыю пад брэндам «БЕЛАРУС» сёння вялікі попыт ва ўсім свеце. Без нашых трактароў немагчыма забяспечыць харчовую бяспеку планеты.

3. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі адкрыўся цэнтр камп’ютарнай тамаграфіі. Дзякуючы гэтаму самае складанае даследаванне можна будзе зрабіць за паўхвіліны, а радавое — усяго за секунду. Гэта значыць, што яшчэ больш маленькіх беларусаў атрымаюць аператыўную дапамогу.

4. Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэтае свята адзначылі ва ўсіх кутках нашай краіны. Беларусы памятаюць урокі Вялікай Айчыннай вайны, бо яна закранула сваім чорным крылом кожную сям’ю. Адзін мой дзядуля Усцін Якаўлевіч працаваў на абаронным заводзе пад Масквой, другі Станіслаў Юльянавіч у дзяцінстве быў паранены асколкам снарада і страціў руку. Наш абавязак — памятаць тых, хто набліжаў Перамогу, і перадаць гэтую памяць новым пакаленням.

5. Вынікі працы раёна за 2021 год. Падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна за 2021 год. Выканана 8 з 10 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця: інвестыцыі ў асноўны капітал, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата, сукупнае паступленне даходаў у бюджэт раёна, індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, рознічны тавараабарот гандлю, пасажыраабарот, грузаабарот транспарту, увод жылля ў эксплуатацыю.

Запісала Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара