У аграгарадку Краснае на ўчастак для галасавання № 4 выбаршчыкі ідуць працоўнымі калектывамі (+відэа)
У абедзенны перапынак завіталі на ўчастак для галасавання № 4 у аграгарадку Краснае. Аддаць свае галасы людзі ідуць працоўнымі калектывамі.
Гутарым з выбаршчыкамі, якія ахвотна дзеляцца сваімі меркаваннямі.
Святлана ДУБЧОНАК, тэхработнік Красненскага Дома культуры, жыхарка вёскі Заполле:
— Мы, культработнікі, у абедзены перапынак прыйшлі на датэрміновае галасаванне, каб зрабіць свой выбар. Як маці дваіх дзяцей, 10-гадовай Уладзіславы і 8-гадовага Кірыла, галасую за новую Канстытуцыю, у якой закрануты пытанні інстытута сям’і, адукацыі, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. За дзецьмі — наша будучыня, і хочацца, каб яна была шчаслівая, каб панаваў мір на планеце. Я лічу, што кожны голас на рэферэндуме вельмі важны. Выкарысталі з калегамі па працы датэрміновы дзень галасавання — мы перакананы ў сваім выбары.
Таццяна ДЗЕДУЛЬ, упраўляючы МТФ «Востухава» СВК «Маяк-Заполле»:
— Я і 8 аператараў машыннага даення прыехалі прагаласаваць. Калектыў у нас дружны, працавіты, зладжаны ў рабоце. У нас добрыя паказчыкі ў працы і ўзаемаадносіны паміж сабою. З нагоды правядзення рэферэндуму і пажаданні ў нас аднолькавыя: мы — за новую Канстытуцыю. Хочам, каб у краіне быў мір на зямлі, а будзе мір — будзе ўсё астатняе. Мы прадаўжаем традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў, моцна любім нашу Бацькаўшчыну, працуем на карысць роднай старонкі. Хочам, каб пачуццё патрыятызму не згубілася з гадамі ў нашых дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, аб гэтым сказана ў Асноўным Законе.
Вольга КРАСКОЎСКАЯ, назіральнік ад ветэранскай арганізацыі:
— Мне імпануе той факт, што ветэраны ахвотна ідуць на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за мір, спакой, будучыню дзяцей і ўнукаў, асабліва ў той час, калі на планеце неспакойна. Як настаўніцу з 45-гадовым стажам мяне зацікавілі ў новай Канстытуцыі пытанні гістарычнай памяці, адказнасць сям’і і бацькоў за выхаванне дзяцей.
Як назіральнік хачу адзначыць, што выбары праходзяць актыўна, у спакойнай абстаноўцы, без парушэння заканадаўства і Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Усе супрацьэпідэмічныя нормы захоўваюцца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ