У Карэлічах на мемарыяльным комплексе «Зорка» праведзены мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны

23 лютага. 12 гадзін 30 хвілін. На мемарыяльным комплексе ў райцэнтры сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, мясцовай улады, моладзь раёна з нагоды знамянальнай падзеі — Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, каб ушанаваць гераічнае мінулае і абаронцаў Айчыны.

Слова трымае старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў:
— 23 лютага ў гісторыі нашай краіны — асаблівы дзень, калі па склаўшайся традыцыі з удзячнасцю ўспамінаем ратныя подзвігі ва славу роднай зямлі, аддаём даніну павагі воінам і ветэранам, — сказаў Аляксандр Віктаравіч. — Мы заўсёды будзем памятаць і ганарыцца тымі, хто змагаўся на франтах Першай сусветнай, хто цаною асабістага жыцця вырываў свабоду з чэпкіх лап фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўдзячны тым, хто абараняў межы нашай краіны сёння, хто змагаўся з экстрэмізмам і тэрарызмам у «гарачых кропках», удзельнічае ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Мы аддаём даніну павагі і тым, хто сёння праходзіць нялёгкую воінскую службу. Спадзяёмся, што ім таксама, як іх дзедам і бацькам, належаць гонар і годнасць, доблесць і адвага. Сёння адзначаем не канкрэтную падзею, але ўшаноўваем нашых абаронцаў, аддаём павагу ўсім воінам. Падзея ці эпоха, род войск ці наяўнасць адпаведных узнагарод тут не маюць прынцыповага значэння. Намнога важней сэнсавая нагрузка, сімвалы і памяць, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне на працягу ўжо больш ста гадоў.
Далей прамоўца адзначыў, што для сучасных беларусаў Дзень абаронцаў Айчыны — неад’емная частка паўсядзённасці. Прафесія ваеннага да сённяшняга часу застаецца ганаровай і запатрабаванай. Таму штогод, адзначаючы гэтае свята, не толькі выконваем важныя функцыі па перадачы памяці аб мінулым падрастаючаму пакаленню, але і самі аддаём даніну павагі ўсім абаронцам Айчыны.
Выхаванне сапраўднага патрыятызму, як імунітэт, павінна закладвацца з нараджэння, у сям’і, таму 23 лютага віншуем з гэтым святам не толькі дарослых мужчын, але зусім юных хлапчукоў, каб яшчэ з дзіцячых гадоў разумелі, якую важную і адказную місію трэба будзе несці ім у будучым.
Пра Айчыну Аляксандр Шкадаў сказаў: «Гэта паняцце маштабнае: і малая радзіма, і краіна ў цэлым, бацькі і дзеці, сёстры і браты. Таму кожны, каму неабыякавы лёс сваёй зямлі, любімых і родных, зробіць усё, каб абараніць свой дом, адвесці бяду, папярэдзіць няшчасце. Адны робяць гэта са зброяй у руках, другія выкарыстоўваюць іншыя сродкі.»
Гэтае ўсенароднае свята глыбока значнае для ўсіх беларусаў і нясе ў сваім змесце сімвалічнае злучэнне мінулага і сённяшняга. У гэты дзень успамінаем землякоў, тых, хто прайшоў франтавымі дарогамі, адстаяў свабоду і незалежнасць савецкай дзяржавы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хто быў прыкладам самаадданага служэння радзіме ў пасляваенны перыяд, хто сваёй ратнай працай мацаваў баявую магутнасць ваеннай акругі, хто з доблесцю і гонарам выконваў інтэрнацыянальны абавязак.
«Сёння мы нясём адказнасць за Айчыну, за яе паспяховае развіццё. Але для тых, хто выбраў для сябе ваенную справу, гэтае пачуццё набывае асаблівы сэнс. На першы план выходзіць забеспячэнне стабільнасці, суверэнітэту і нацыянальнай магутнасці Беларусі, абарона грамадства і кожнага грамадзяніна», — сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў і пажадаў, каб заўсёды гонар за сваіх землякоў, павага да іх баявых і працоўных подзвігаў, пачуццё любові да Радзімы, да свайго роднага пасёлка жылі ў сэрцы кожнага, мір і дабро панавалі ў сем’ях, а ваенныя трывогі былі толькі вучэбнымі.
Начальнік адасобленнай групы Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, капітан Сяргей Шалін у сваім выступленні адзначыў, што абарона Айчыны заўсёды была справай гонару, доблесці і гераізму, і так было, так ёсць, так будзе. Ва ўсе часы для воінаў былі свяшчэннымі такія высокія паняцці як абавязак, вернасць, прысяга, любоў да Радзімы. Перамогі і дасягненні нашага народа не маглі з’явіцца на пустым месцы. Яны маюць свае прычыны, свае вытокі, якія стагоддзямі акумуляваліся ў асаблівасцях гістарычнай абстаноўкі і абумоўлены рысамі нацыянальнага характару беларускага народа. У поўнай меры нацыянальны характар нашага народа праявіўся ў самай жорсткай з войнаў ХХ стагоддзя — Вялікай Айчыннай.
Сёння на абароне мірнай працы беларускага народа стаяць Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, якія дастойна прадаўжаюць слаўную гісторыю і баявыя традыцыі савецкіх Узброеных Сіл. У сённяшніх поспехах і дасягненнях Узброеных Сіл ёсць часцінка ратнай працы і ваеннаслужачых нашага раёна. Сяргей Шалін уручыў Падзячныя пісьмы бацькам, чые сыны добрасумленна выконваюць свой абавязак перад Радзімай і беларускім народам — за сына Яўгена Пятровіча бацькам Тэрэзе Лук’янаўне і Іосіфу Часлававічу, за Дзмітрыя Кузьміча — бацькам Іне Аляксандраўне і Мікалаю Станіслававічу. Пажадаў усім здароўя, поспехаў, міру, дабра.
У сваім выступленні выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Яслі-сад г.п. Мір», член грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аляксандра Дрык выказала словы ўдзячнасці ветэранам, якія заўсёды стаялі на абароне спакою Радзімы і адстаялі яе незалежнасць у складаны ваенны час. Яна запэўніла, што памяць аб іх доблесці маладыя пранясуць праз усё жыццё і перададуць наступным пакаленням. Словы прызнання адрасавала і тым, хто зараз знаходзіцца ў страі. «Нягледзячы на складаную абстаноўку ў свеце, мы ўпэўнены, што дзякуючы вашым намаганням зможам жыць спакойна і працаваць дзеля дабрабыту Радзімы, таму што наш спакой ахоўваюць самыя моцныя і самыя дастойныя людзі. Мы будзем выхоўваць новае пакаленне абаронцаў», — адзначыла Аляксандра Дрык, павіншаваўшы і жанчын, якія з гонарам нясуць ваенную службу, пажадала ўсім абаронцам моцнага здароўя, выдатнага настрою, вялікага шчасця, мірнага неба.
Памяць салдат, якія аддалі свае жыцці за Радзіму, ушаноўваецца хвілінай маўчання.
Да падножжа мемарыялу ўскладаюцца вянкі і кветкі.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ