У Мірскім ДМПТК абылася сустрэча ў рамках праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна»
Ва ўстанове адукацыі «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» адбылася сустрэча з навучэнцамі ў рамках праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна».
«Гонар за Беларусь. Мір міжканфесійны, мір міжнацыянальны (аб прыярытэтах канфесійнай палітыкі Рэспублікі Беларусь)» — тэма выступленняў гасцей сустрэчы. Імі былі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка, клірык храма Святой Жываначальнай Троіцы г.п. Мір Фёдар Лукашэвіч.
Прадстаўнік мясцовай улады змястоўна і падрабязна расказала аб канфесійнай палітыцы на сучасным этапе. На тэрыторыі Карэліцкага раёна жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты. У адносінах паміж веруючымі розных канфесій наладжана абстаноўка ўзаемапавагі і дыялогу.
Дзейнічаюць 20 рэлігійных абшчын, з іх — 11 праваслаўных, 3 каталіцкіх, 5 абшчын хрысціян веры евангельскай, адна абшчына евангельскіх хрысціян-баптыстаў.
Рэлігійную дзейнасць ажыццяўляюць 16 святароў, з іх у праваслаўных рэлігійных арганізацыях — 10, каталіцкай — 2, хрысціян веры евангельскай — 3, евангельскіх хрысціян-баптыстаў — 1.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 38 дзеючых культавых будынкаў (29 — праваслаўнай канфесіі, 3 — каталіцкай, 5 — хрысціян веры евангельскай, 1 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Функцыянуюць 14 нядзельных школ (нядзельныя групы), у тым ліку праваслаўнай канфесіі — 8, каталіцкай канфесіі — 3, пры царкве хрысціян веры евангельскай — 2, пры царкве евангельскіх хрысціян-баптыстаў — 1.
У раёне працягваюцца партнёрскія адносіны органаў дзяржаўнай улады з праваслаўным благачыннем у рамках праграмы мер па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквою. Ва ўсіх храмах у дні дзяржаўных свят і памятных дат праходзяць малебны. Праваслаўныя святары Карэліцкага благачыння запрашаюцца на ўрачыстыя провады ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, урачыстыя школьныя лінейкі і выпускныя балі, раённы злёт выпускнікоў.
«Бог ёсць любоў — гэта асновы нашай веры, і мы так павінны адносіцца адзін да аднаго», — сказаў Фёдар Лукашэвіч і заклікаў прыходзіць у храмы, каб ачысціцца духоўна.
Некаторыя пажылыя людзі з-за сваіх хвароб не могуць наведваць святыя месцы, тады святары і актывісты царквы ідуць да іх. Існуюць факты, калі пры жывых дзецях некаторыя пажылыя бацькі застаюцца адзінокімі, і яны таксама не пакінуты царквою. Па меркаванні святара, каб знайсці дарогу да Бога, трэба імкнуцца рабіць добрыя справы, а каб штосьці атрымаць, трэба аддаваць.
— Жывіце з Богам, — заклікаў Фёдар Лукашэвіч. — Ёсць такое сцвярджэнне, што за дрэнныя ўчынкі чалавек панясе адказ перад Богам. Трэба жыць так, каб не было сорамна ўспамінаць зробленае. Каб выкладчыкі ганарыліся вамі, а бацькі радаваліся вашым поспехам.
Напрыканцы сустрэчы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага ДМПТК Канстанцін Петрыман адзначыў, што выступленні прадстаўнікоў улады і царквы сугучныя. Аднымі з важнейшых задач з’яўляецца захаванне міру на зямлі і клопат аб душах людзей. «Няхай усё сказанае будзе карысным для вашых далейшых дзеянняў і вашага сэрца», — зазначыў прамоўца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Канстаціна ПЕТРЫМАНА