Як харчавацца падчас пандэміі?
Пандэмія COVІD-19 змяніла штодзённае жыццё людзей ва ўсім свеце. На фоне гэтых змен важна падтрымліваць здаровы спосаб жыцця і адзін з найважнейшых яго элементаў — правільнае харчаванне.
Здаровы рацыён мае вялікае значэнне для дзейнасці імуннай сістэмы. Вядома, што здаровае харчаванне забяспечвае засцярогу ад неінфекцыйных захворванняў, уключаючы дыябет, хваробы сэрца, інсульт і рак.
— Праведзены аналіз дадзеных па захваральнасці, прадстаўленых Мінскай абласной клінічнай бальніцай, паказвае, што апошнія дзесяць гадоў адзначаецца рост колькасці ўпершыню зарэгістраваных захворванняў, звязаных непасрэдна ці ўскосна з праблемамі харчавання. Гэта ішэмічная хвароба сэрца, гіпертанічная хвароба, жалезадэфіцытная анемія, цукровы дыябет, хваробы стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі, — расказвае ўрач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дар’я Даніловіч.
Нездаровае харчаванне і адсутнасць фізічнай актыўнасці з’яўляюцца асноўнымі рызыкамі для здароўя ва ўсім свеце. Ежа, якую мы спажываем, непасрэдна ўплывае на тое, як мы сябе адчуваем і як функцыянуе наш арганізм.
Што зрабіць, каб заставацца здаровымі?
Для падтрымання здароўя неабходна выконваць наступныя прынцыпы здаровага харчавання.
Сілкуйцеся разнастайна. Спажывайце розныя прадукты як у межах адной харчовай групы, так і з розных груп, каб забяспечыць дастатковую колькасць важных пажыўных рэчываў.
Ешце больш садавіны і гародніны. Яны ўтрымліваюць мноства вітамінаў і мінералаў, а таксама клятчатку. Штодзённае спажыванне 400 г, або пяці порцый, садавіны і гародніны зніжае рызыку развіцця неінфекцыйных захворванняў і дапамагае забяспечыць штодзённае паступленне клятчаткі.
Спажывайце бабовыя, арэхі і іншыя карысныя прадукты. Бабовыя, злакавыя, арэхі і карысныя тлушчы, такія як аліўкавы, кунжутны і іншыя віды нерафінаванага алею, умацоўваюць імунную сістэму і могуць спрыяць памяншэнню запаленчых працэсаў. Фасоль, гарох і іншыя бабовыя ўтрымліваюць вітаміны і мінералы, якія ў якасці кампанентаў здаровага рацыёну могуць зменшыць рызыку такіх захворванняў як дыябет і парушэнні каранарнага кровазвароту.
Абмяжуйце спажыванне тлушчаў, цукру і солі. У стане моцнага стрэсу многія людзі знаходзяць палёгку ў смачнай ежы. На жаль, яна часта ўтрымлівае вялікую колькасць тлушчаў, цукру, солі і калорый, што ў рамках незбалансаванай дыеты можа з часам паўплываць на стан здароўя. Вазьміце за правіла правяраць этыкеткі ўсіх прадуктаў, якія вы спажываеце, на прадмет інгрэдыентаў і харчовай каштоўнасці.
Харчовая маркіроўка існуе для таго, каб дапамагчы нам абмежаваць колькасць пэўных пажыўных рэчываў або павысіць узровень карысных інгрэдыентаў.
Выконвайце правілы гігіены харчавання. Гігіена ва ўсіх формах асабліва важная цяпер, падчас пандэміі. Нягледзячы на тое, што COVІD-19 выклікаецца рэспіраторным вірусам, заўсёды важна выконваць правілы гігіены і гарантаваць бяспеку харчовых прадуктаў. Запомніце пяць парад: вашы рукі, кухонныя прылады і паверхні павінны быць заўсёды чыстымі; трымайце асобна сырыя і прыгатаваныя прадукты; старанна выконвайце неабходны рэжым тэрмічнай апрацоўкі; захоўвайце ежу пры бяспечнай тэмпературы; выкарыстоўвайце бяспечную ваду.
Будзьце фізічна актыўныя і піце больш вады. Фізічная нагрузка важная для падтрымання як саматычнага, так і псіхічнага здароўя. Асабліва цяпер, калі людзі больш часу бавяць дома ў сувязі з пандэміяй COVІD-19, важна знаходзіць альтэрнатыўныя спосабы падтрымліваць неабходны ўзровень актыўнасці. Пастаўце за мэту штодня аддаваць фізічным практыкаванням не менш за 30-60 хвілін, у залежнасці ад вашага ўзросту і спосабу жыцця.
Па матэрыялах газеты «Звязда»